«Ганаровы работнік юстыцыі Беларусі» — нагрудны знак адрознення Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2012 года № 238.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 6 лютага 2014 года пад № А-187.

Статут Нагрудным знакам узнагароджваюцца работнікі Міністэрства юстыцыі і арганізацый яго сістэмы, якія праслужылі ў іх, як правіла, не менш за 10 гадоў, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і паспяховае выкананне задач, што стаяць перад гэтымі арганізацыямі.

Нагрудным знакам могуць быць узнагароджаныя і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі.

Парадак прадстаўлення да ўзнагароды і форма пасведчання вызначаюцца Міністрам юстыцыі. Узнагароджанне ажыццяўляецца на падставе загада Міністра.

Знак і пасведчанне ўручаюцца Міністрам юстыцыі або яго намеснікамі асабіста, ва ўрачыстай абстаноўцы.

Асобы, узнагароджаныя нагрудным знакам, якія ўчынілі наўмыснае злачынства або дапусцілі грубыя дысцыплінарныя правіны, загадам Міністра юстыцыі могуць быць пазбаўленыя нагруднага знака.

Запісы пра ўзнагароджанне і пазбаўленне заносяцца ў працоўную кніжку.

Знак носіцца на правай грудзі форменнай або грамадзянскай вопраткі, пасля ордэнаў і медалёў, а пры іх адсутнасці — на іх месцы.

Паўторнае ўзнагароджанне не прадугледжана, дублікаты пры страце не выдаюцца.

Апісанне Нагрудны знак мае выгляд васьміпрамянёвай зоркі залацістага колеру з асновай цёмна-сіняга колеру ў цэнтры. На ёй размешчаны чырвоны фігурны шчыт з аблямоўкай серабрыстага колеру з заклёпкамі. У цэнтры шчыта — калона серабрыстага колеру, увянчаная дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь. Пад капітэллю калоны змешчаная таблічка з надпісам «ЗАКОН». У ніжняй частцы шчыта — чырвоная дэвізная стужка з надпісам у дзве радкі «ГАНАРОВЫ РАБОТНІК ЮСТЫЦЫІ БЕЛАРУСІ». Шчыт і калона абрамлены лаўровым вянком залацістага колеру.

Адваротны бок мае гладкую паверхню з рэльефным надпісам «МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» у два радкі і парадкавым нумарам знака.

Дыяметр нагруднага знака — 35 мм.

Знак злучаецца пры дапамозе вушка і кольца з калодкай прамавугольнай формы (26 × 25 мм). На калодцы замацаваная муаравая стужка цёмна-сіняга колеру, па краях якой праходзяць па дзве вертыкальныя палосы чырвонага і зялёнага колеру (шырыня палос — 2 мм). У ніжняй частцы калодкі знаходзіцца планка залацістага колеру з выгравіраваным беларускім арнаментам. На адваротным баку калодкі — шпілька для мацавання.

Крыніцы

Катэгорыя:Нагрудныя знакі Беларусі Катэгорыя:Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:З’явіліся ў 2012 годзе Катэгорыя:2012 год у Беларусі