Сяргей Аляксандравіч Бяспалаў () — беларускі блогер, журналіст і палітычны актывіст. Стваральнік інтэрнэт-праектаў «Мая Краіна Беларусь» і «Вусы Лукашэнкі». Былы добраахвотнік палка Кастуся Каліноўскага.
Біяграфія Падчас пратэстаў 2006 года прыносіў лекі ў намётавы гарадок для пратэстоўцаў. У 2007 і 2008 гадах удзельнічаў у акцыях грамадзянскай кампаніі «Джынс — за свабоду!». У 2010 годзе стаў актывістам руху «Гавары праўду», а ў 2011 годзе быў адным з каардынатараў маўклівых акцый пратэсту руху «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».
Атрымаў вышэйшую эканамічную адукацыю, скончыўшы польскі ўніверсітэт па праграме Кастуся Каліноўскага.
У 2012 годзе, пасля пераследу беларускімі сілавымі органамі з-за адміністравання суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» ва Укантакце, быў вымушаны эміграваць у Польшчу. У 2013 годзе стварыў праект «Мая Краіна Беларусь» і пачаў працаваць SMM-мэнэджэрам на беларускай службе Радыё «Свабода».
Падчас пандэміі каранавіруса супрацоўнічаў з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. 26 чэрвеня 2020 года, на фоне арыштаў беларускіх блогераў і адміністратараў Telegram-каналаў, на арандаванай кватэры Бяспалава быў праведзены ператрус. Ён пакінуў Беларусь і з’ехаў у Прагу, дзе пражыў 5 месяцаў. У лістападзе 2020 года разам з сябрамі пераехаў у Кіеў.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўступіў у тэрытарыяльную абарону Кіева. Пазней далучыўся да беларускай роты палка «Азоў», якая затым ператварылася ў палк Кастуся Каліноўскага. У палку выконваў абавязкі прэс-сакратара і здымаў відэа пра беларускіх добраахвотнікаў. У баявых выездах не ўдзельнічаў.
14 лістапада 2022 года асабістыя YouTube і Telegram-каналы Сяргея Бяспалава былі прызнаныя пракуратурай горада Мінска «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Раней у чэрвені таго ж года Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь аб’явіла каналы Бяспалава экстрэмісцкімі фарміраваннямі.
У 2023 годзе пераехаў у Варшаву, дзе працягнуў працу ў медыя-сектары. 7 лістапада 2023 года быў прызначаны афіцыйным прадстаўніком і кіраўніком грамадзянскага штаба арганізацыі «Паспалiтае Рушэнне».
У 2024 годзе ад спісу «Незалежныя беларусы» ўдзельнічаў у выбарах і прайшоў дэлегатам у Каардынацыйную раду Беларусі.
У канцы 2024 года супраць Бяспалава ў Беларусі распачалі завочны працэс. У 2025 годзе яго завочна прыгаварылі да 18 гадоў зняволення і штрафу.
Стаў прэс-сакратаром Сяргея Ціханоўскага, пасля яго вызвалення ў 2025 годзе .
Крыніцы
Катэгорыя:Беларусь падчас расійска-ўкраінскай вайны Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Блогеры Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1992 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 4 лютага Катэгорыя:Члены фракцыі Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду»