Мендл Хаімавіч (Міхаіл Яфімавіч) Горшман () — беларускі савецкі графік і мастак яўрэйскага паходжання, ілюстратар кніг.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1902 годзе ў пасёлку Новабарысаў у Мінскай губерні ў шматдзетнай сям'і бухгалтара смалакурнага завода Сендэр-Хаіма Горшмана. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю (вучыўся ў хедары), затым скончыў 4-х класнае гарадское вучылішча. З пачаткам Першай Сусветнай вайны ў войска быў прызваны бацька мастака, а ў 1915 г. ён загінуў ад атручэння газамі. Маці вымушана была аддаць сына ў вучні мясцоваму мастаку, які займаўся вырабам шыльдаў. Неўзабаве ў пошуках замоваў Мендл Горшман з гаспадаром прыязджае ў Мінск. Браў урокі жывапісу ў Янкеля Кругера.

У 1920 годзе быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Накіраваны ў картаграфічны аддзел пры штабе Заходняга фронта Міхаіла Тухачэўскага. Захварэў сыпным тыфам, патрапіў у шпіталь Кастрамы. Там паступіў у Свабодныя мастацкія майстэрні, вывучаў жывапіс, малюнак, ксілаграфію, літаграфію пад кіраўніцтвам графіка Мікалая Купрыянава.

У 1922 годзе адправіўся на вучобу ў Маскву, дзе вучыўся на паліграфічным факультэце Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў, выбраў курс літаграфіі, які вёў М. Купрыянаў.

З 1924 года пачаў публікаваць свае творы ў газетах і часопісах, такіх як «Бязбожнік ля станка», «Мастацтва ў масы», «Чырвоная Ніва».

У 1926—1928 гадах працаваў у БССР, на аснове замалёвак жыцця ў штэтлах стварыў курсавую працу "Мястэчка" (1926 год, 12 чорна-белых літаграфій), потым дыпломную працу з такой жа назвай (1929, 7 каляровых літаграфій). Яшчэ студэнтам удзельнічаў у выставах у Мінску (1-я, 2-я і 3-я Усебеларускія выставы, 1925, 1927 і 1929 гады), звярнуў на сябе ўвагу мастацкай крытыкі як спелы і арыгінальны майстар.

У 1928 годзе стаў членам таварыства мастакоў "Чатыры мастацтвы", яго работы былі прадстаўлены на трох выставах дадзенага таварыства ў Ленінградзе ў 1928 годзе і ў Маскве ў 1929 годзе. У тыя ж гады актыўна працаваў у кніжнай і часопіснай графіцы, ілюстраваў таксама кнігі, якія выйшлі ў яўрэйскіх выдавецтвах на ідыш (напрыклад, «Пажар» Самуіла Маршака,1925).

У 1929-1930 гадах - асістэнт-выкладчык на факультэце жывапісу ў Ленінградскім мастацка-тэхнічным інстытуце. На працягу гэтых двух гадоў па камандзіроўцы Усерасійскага кааператыўнага таварыства «Мастак» разам з групай іншых мастакоў-яўрэяў наведваў яўрэйскія калгасы Крыма, жыццё ў якіх адлюстраваў у серыі акварэляў «Крымскія яўрэйскія калгасы» (1931—1933).

У 1930 годзе скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут па аддзяленні літаграфіі і ў тым жа годзе стаў членам ОСТ (Таварыства мастакоў-станкавістаў).

У 1930-х гадах працаваў пераважна як кніжны і часопісны графік, у ліку аформленых ім кніг нямала звязаных з яўрэйскай тэматыкай («Сын шаўца» С. Гехта, 1931; «Юліс» М. Даніэля, 1933; «Канармія» І. Бабеля, 1932.

У 1933—1934 гадах з групай яўрэяў-мастакоў (Леў Зевін, Меер Аксельрод інш.) знаходзіўся у творчай камандзіроўцы ў Яўрэйскую аўтаномную вобласць, дзе стварыў серыю акварэляў і малюнкаў «Бірабіджан» (1934), якія экспанаваліся ў Маскве на выставе "Яўрэйская аўтаномная вобласць і яўрэйскія нацраёны ў жывапісе і графіцы» (1936).

У 1937-1941 гадах выкладаў малюнак і тэхніку гравюры ў Маскоўскім мастацкім інстытуце.

У канцы 1930-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з выдавецтвам "Дэр эмес" і аформіў шэраг кніг на ідышы - творы Іцхака Лейбуша Пераца, Мендэле Мойхер-Сфарыма, Шолам-Алейхема (яго літаграфічны партрэт Горшман выканаў у 1940 годзе).

У 1941 г., з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, быў мабілізаваны. Браў удзел у маскіроўцы будынкаў у Маскве, у складзе франтавой брыгады выязджаў у дывізію Панфілава. У 1942 годзе з сям'ёй эвакуіраваўся ў Кіргізскую ССР, дзе працаваў у мясцовым аддзяленні ТАСС, пісаў пейзажы. Гэты жанр займаў у яго творчасці цэнтральнае месца ў 1940–1950-х гадоў, хаця ён па-ранейшаму шмат працаваў у кніжнай графіцы.

У 1940–1960-я рабіў творчыя паездкі ў Крым, Малдавію, Прыбалтыку, на Паўночны Каўказ. Пісаў партрэты, пейзажы, рабіў замалёўкі вытворчых працэсаў.

З аднаўленнем публікацый твораў яўрэйскай літаратуры ў 2-й палове 1950-х гадоў і заснаваннем у 1961 годзе часопіса на ідышы «Савеціш геймланд» стаў адным з яго вядучых ілюстратараў, а таксама аформіў шэраг кніг класікаў яўрэйскай літаратуры на ідыш і ў перакладзе на расійскую мову.

У 1966 і 1977 адбыліся персанальныя выставы ў Маскве.

У 1960-я - пачатку 1970-х гадоў стварыў галерэю партрэтаў дзеячаў культуры.

Памёр у 1972 годзе ў Маскве.

Працы У 2020 гадзе працы мастака ўвайшлі ў альбом этнаграфічных малюнкаў «І рай і боль на Песеннай Зямлі…Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930-х гадоў». (Склад. Наталля Мартынава, выд. Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020).

Сям’я Жонка - пісьменніца Шыра Рыгораўна Горшман (Кушнір). Муж яго прыёмнай дачкі Сераміф - вядомы акцёр Інакенцій Смактуноўскі.

Крыніцы

Спасылкі Галерэя прац мастака на сайце Shtetlfest

Катэгорыя:Мастакі Расіі XX стагоддзя Катэгорыя:Яўрэйскія мастакі Катэгорыя:Мастакі Беларусі