Навум Ханін, Натан () — дзеяч яўрэйскага рабочага руху, ураджэнец Беларусі. Меў анты-камуністычныя і анты-савецкія погляды.

Біяграфія Нарадзіўся ў Халопенічах. Да 11 гадоў вучыўся ў хедары і вывучаў свецкія веды з настаўнікам, далей вучыўся ў талмуд-торы ў Барысаве. У 1898 годзе ён вучань краўца, потым вучыўся кушнерству. У 1900 годзе пасяліўся ў Оршы, працаваў кушняром, стаў бундыстам. У 1901 годзе ўдзельнічаў у забастоўцы, якая скончылася ўдала, пасля жыў у Мінску, Барысаве. На фабрыцы запалак прайшла няўдалая забастоўка. Цанін у Барысаве арганізоўваў бундысцкі рух. Яго арыштавалі, адзін год ён правёў у барысаўскай турме, а потым быў высланы ў Крупкі пад нагляд паліцыі. Тут жылі ў той час яго бацькі. У 1904 годзе адправіўся ў Кіеў, адкуль быў накіраваны Юдзіным у Кацярынаслаў для партыйнай дзейнасці. Вярнуўшыся з Украіны, працаваў на тытунёвай фабрыцы ў Мінску, быў папулярным аратарам, увайшоў у цэнтральную арганізацыю Бунда, удзельнічаў у падрыхтоўцы збройнай барацьбы і тэрарыстычных замахаў (у тым ліку на губернатара Курлова), дзейнічаў у Смілавічах, Пухавічах, Смалявічах, Ігумене, Беразіне. Пазнаёміўся з Г. Лейвікам. Удзельнічаў у замаху ў Барысаве 2 жніўня 1905 года.

У Любліне прымаў удзел у арганізацыі рэвалюцыйнай друкарні, у якой публікавалі ўлёткі. Карыстаўся падпольнай мянушкай «Самуіл». Потым у Варшаве арганізаваў шаўцоў, быў арыштаваны, з варшаўскай цытадэлі пераведзены ў турму ў Любліне, у час галоднай забастоўкі палітычных вязняў ён звярнуўся да жаўнераў, якія збіраліся страляць, і пераканаў іх адступіць. У выніку быў пазбаўлены ўсіх правоў і прыгавораны да вечнай ссылкі ў Сібір, ваенны суд у варшаўскай цытадэлі дадаў да гэтага некалькі год катаргі. Два гады правёў у катаржнай турме ў Арле, потым быў пераведзены ў турму ў Аляксандраўску, праз некалькі год сасланы на вечнае пасяленне ў якуцкі пасёлак Ніжні Ілімск (на рацэ Іліме, цяпер затоплены), з дапамогай амерыканцаў уцёк за мяжу.

У верасні 1912 года ступіў на амерыканскую зямлю, жыў у Нью-Ёрку. Працаваў кушняром на «патагоннай фабрыцы», член прафсаюза (cap-makers’ union), пазней віцэ-прэзідэнт. У гады першай сусветнай вайны трымаўся пацыфізму, працаваў у Яўрэйскай сацыялістычнай федэрацыі, Амерыканскім таварыстве дапамогі яўрэям-ахвярам вайны (People's Relief). З 1921 года ў апазіцыі да камуністаў, разам з аднадумцамі выйшаў з федэрацыі і ўтварыў Яўрэйскі сацыялістычны саюз у складзе Сацыялістычнай партыі Амерыкі, быў на працягу 15 гадоў генеральным сакратаром у ім. Знаёміўся з яўрэямі ў розных частках ЗША. У 20-я гады змагаўся з пашырэннем камунізму ў Рабочым коле і ў прафсаюзах. Дэлегат на трэцім кангрэсе Сацыялістычнага інтэрнацыяналу ў Бруселі (1928). Прымаў удзел у заснаванні першай сацыялістычнай школы з навучаннем на ідышы ў раёне Гарлем. Бараніў яўрэйскую мову ў адукацыі, спрачаўся з апанентамі. Дырэктар аддзела адукацыі (1936—1952), генеральны сакратар Рабочага кола (1952—1963). Адзін з заснавальнікаў антыфашысцкага Яўрэйскага працоўнага камітэта, які падтрымліваў уцекачоў. З аказіі 60-гадовага юбілею выйшла святочная кніга «Н. Ханін» (1946). Адразу пасля вайны наведаў Усходнюю Еўропу, даставіў матэрыяльную дапамогу, у Парыжы ўладкоўваў яўрэйскіх сірот ва ўцалелыя сем’і. У 1951 і 1961 годзе наведаў Ізраіль.

Дэбютаваў у віленскай газеце «Фолксцайтунг» допісам 15 кастрычніка 1906 года. Са з’яўленнем у ЗША тыднёвіка «Дэр вэкер» доўгі час супрацоўнічаў там і вёў асобную рубрыку (1921). Таксама друкаваўся ў газеце «Форвэрц», часопісе «Цукунфт», месячніку «Фрайнд» і інш. Рэдагаваў часопісы «Култур ун дэрціунг», «Кіндэр-цайтунг», працаваў у «Цукунфце». Спрыяў выданню апошніх тамоў Усеагульнай энцыклапедыі на ідышы.

Бібліяграфія Совет-русланд, ві іх хоб ір гэзэн (Савецкая Расія, як я бачу) 1929 А райзэ ібэр цэнтрал ун дорэм амэрыкэ (Падарожжа па цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы) 1942 — апісанне яўрэйскага жыцця ў Санта-Дамінга, Бразіліі, Аргенціне і Уругваі Бералэ — аповесць з аўтабіяграфічнымі рысамі — 1938, з ілюстрацыямі Ноты Казлоўскага Бералэ — пераклад на іўрыт Шлома Шэнхода

Спасылкі https://congressforjewishculture.org/people/3706/Khanin-Nokhum (артыкул Зайнвела Дыяманта ў «Слоўніку новай яўрэйскай літаратуры»)

Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Журналісты ЗША Катэгорыя:Грамадскія дзеячы ЗША