Нафта́лі Цві Егуда́ Берлі́н ( ; 1816, Мір — 10 жніўня 1893, Варшава), таксама вядомы як Гірш-Лейб Берлін і пад абрэвіятурай Нэцыў (), — рабін, даследчык Талмуда і рабіністычнай літаратуры, адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Валожынскага ешыбота. На працягу амаль сарака гадоў узначальваў ешыбот і спрыяў ператварэнню яго ў адзін з галоўных цэнтраў яўрэйскай рэлігійнай адукацыі ва Усходняй Еўропе. Аўтар каментарыяў да Торы, талмудычнай літаратуры. Падтрымліваў засяленне Зямлі Ізраіля і ўдзельнічаў у руху «Хавевей Цыён».

Біяграфія

Раннія гады Нафталі Цві Егуда Берлін нарадзіўся ў мястэчку Мір у сям’і купца і знаўцы Торы Якава Берліна. Яго сям’я паходзіла з заможных купцоў. Па матчынай лініі Берлін лічыўся нашчадкам рабіна Меіра Айзенштата.

Паводле сямейнага падання, у дзяцінстве Берлін нібыта не вылучаўся поспехамі ў навучанні, таму бацька меркаваў аддаць яго вучыцца рамяству. У адказ хлопчык доўга плакаў, пакуль перад ім не адчыніліся вароты мудрасці. Дакладнасць гэтага аповеду аспрэчвалася некаторымі членамі сям’і. У іншай версіі, перададзенай яго пляменнікам Барухам Эпштэйнам, Берлін сутыкнуўся з цяжкасцямі ўжо пасля шлюбу і некаторы час разважаў пра занятак гандлем.

У юнацтве ён ажаніўся з Рэйнай-Бацьяй, дачкой Іцхака з Валожына, кіраўніка Валожынскага ешыбота. На працягу многіх гадоў Берлін займаўся пераважна самастойным вывучэннем рабіністычнай літаратуры.

Істотны ўплыў на фарміраванне яго даследчага метаду мела перапіска з рабінам Давідам Лурыяй з Быхава. Лурыя высока ацаніў яго даследаванні. Сын Нэціва, рабін Меір Бар-Ілан, успамінае, што спачатку выключная мудрасць яго бацькі не была шырока вядомая з-за яго пакоры.

З 1847 года Нэцыў пачаў чытаць лекцыі ў Валожынскім ешыбоце.

Кіраўнік Валожынскага ешыбота

Пасля смерці Іцхака з Валожына ў 1849 годзе кіраўніком ешыбота стаў яго старэйшы зяць Эліэзэр Фрыд, а Берлін быў прызначаны яго намеснікам. Пасля смерці Фрыда ў 1853 годзе Берлін узначаліў навучальную ўстанову. Яго прызначэнне звычайна датуюць 1854 годам.

Прызначэнне Берліна выклікала пярэчанні часткі сям’і і навучэнцаў, якія падтрымлівалі рабіна Ёзэфа Доў-Бера Салавейчыка. Некаторы час яны служылі разам, але паміж імі было шмат рознагалоссяў і канфліктаў. Пасля ўмяшання некалькіх вядомых рабінаў, у тым ліку рабі Ёзэф Эльханан Спектар з Коўна, Берлін застаўся галоўным кіраўніком ешыбота, а Салавейчык стаў яго намеснікам.

Берлін і Салавейчык прадстаўлялі розныя метады вывучэння Талмуда. Берлін імкнуўся выяўляць просты і дакладны сэнс тэксту, супастаўляў яго з паралельнымі месцамі ў ранняй рабіністычнай літаратуры і крытычна ставіўся да празмерна складанай дыялектыкі. Салавейчык аддаваў перавагу аналітычнаму метаду і вострым лагічным разважанням. У сярэдзіне 1860-х гадоў Салавейчык пакінуў Валожын і заняў пасаду рабіна ў Брэсце. Каб даказаць, што яго адыход не быў выкліканы канфліктам, ён ажаніў свайго сына, рабіна Хаіма Салавейчыка, з унучкай Нэцыва.

Пад кіраўніцтвам Берліна колькасць навучэнцаў Валожынскага ешыбота павялічылася прыкладна са ста да больш як чатырохсот чалавек. Ешыбот набыў шырокую вядомасць і стаў адным з галоўных цэнтраў падрыхтоўкі рабінаў у Расійскай імперыі.

Берлін адказваў не толькі за навучанне, але і за фінансаванне ўстановы. Ён арганізоўваў збор ахвяраванняў у Расійскай імперыі і за яе межамі. Пасля пажараў 1865 і 1886 гадоў удзельнічаў у пошуку сродкаў на аднаўленне будынкаў ешыбота.

Асноўнай формай навучання была самастойная праца з рэлігійнымі тэкстамі, якую дапаўнялі лекцыі кіраўнікоў ешыбота. Уражанні ад навучання ў Валожыне былі пазней адлюстраваны ў паэме Хаіма Нахмана Бяліка «Га-Матмід» («Руплівы вучань»).

Пасля смерці першай жонкі Берлін ажаніўся з Бацьяй-Мірыям Эпштэйн — дачкой рабіна Ехіэля Міхеля Эпштэйна, аўтара працы «Арух га-Шульхан». Яна дапамагала мужу ў вядзенні гаспадарчых і фінансавых спраў ешыбота.

Закрыццё ешыбота і апошнія гады У апошнія гады кіраўніцтва Берліна расійскія ўлады настойвалі на абмежаванні колькасці навучэнцаў і ўвядзенні ў праграму свецкіх прадметаў, перадусім рускай мовы. Берлін пагадзіўся на частковае выкладанне рускай мовы, аднак ешыбот не выконваў усіх патрабаванняў улад.

Адначасова ў ешыбоце ўзнік канфлікт вакол будучага кіраўніцтва. Берлін хацеў, каб яго пераемнікам стаў сын Хаім Берлін, тады як значная частка навучэнцаў падтрымлівала Хаіма Салавейчыка. Студэнцкія хваляванні былі ўспрыняты ўладамі як праява магчымай палітычнай дзейнасці.

У студзені 1892 года ўлады загадалі закрыць Валожынскі ешыбот. Невыкананне патрабаванняў адносна свецкай адукацыі стала афіцыйным абгрунтаваннем закрыцця, аднак даследаванне архіўных дакументаў паказала, што істотную ролю адыгралі таксама ўнутраны канфлікт і падазрэнні ўладаў адносна навучэнцаў.

Закрыццё ешыбота, якому Берлін прысвяціў большую частку жыцця, і значная запазычанасць навучальнай установы адмоўна паўплывалі на яго здароўе. Ён меў намер пераехаць у Зямлю Ізраіля, аднак не паспеў ажыццявіць гэты план.

Берлін памёр 10 жніўня 1893 года ў Варшаве і быў пахаваны на мясцовых яўрэйскіх могілках. Пазней побач з ім быў пахаваны рабін Хаім Салавейчык.

Сын Берліна ад першага шлюбу Хаім Берлін быў рабінам у Маскве, а пазней пераехаў у Іерусалім. Яго сын ад другога шлюбу Меір Бар-Ілан стаў адным з кіраўнікоў рэлігійнага сіянізму. У гонар Нэцыва названы кібуц Эйн-га-Нэцыў у даліне Бейт-Шэан.

Удзел у руху «Хавевей Цыён» Берлін падтрымліваў засяленне Зямлі Ізраіля і далучыўся да руху «Хавевей Цыён» — аднаго з папярэднікаў арганізаванага палітычнага сіянізму. У 1887 годзе на канферэнцыі руху ў Друскеніках ён быў абраны адным з трох дарадцаў арганізацыі.

Нэцыў лічыў, што засяленне Зямлі Ізраіля павінна адбывацца ў адпаведнасці з нормамі галахі. Ён крытычна ставіўся да свецкага характару часткі руху і паводзін некаторых удзельнікаў групы «Білу», якія заснавалі паселішча Гедэра. Спачатку Берлін прапаноўваў замяніць іх рэлігійнымі пасяленцамі, але пазней адмовіўся ад гэтага патрабавання, адзначыўшы змены ў іх паводзінах.

На з’ездзе руху ў Вільні ў 1889 годзе Берлін быў паўторна абраны дарадцам. У 1891 годзе ён апублікаваў працу «Ахарыт ке-Рэшыт», у якой заклікаў падтрымліваць засяленне Зямлі Ізраіля гаспадарчай дзейнасцю, земляробствам, рамёствамі, гандлем і выданнем адпаведнай літаратуры.

Берлін не дапускаў адкрытай палітычнай дзейнасці ў сценах Валожынскага ешыбота, які лічыў установай, прызначанай выключна для вывучэння Торы. Тым не менш сярод навучэнцаў дзейнічалі таемныя гурткі прыхільнікаў засялення Зямлі Ізраіля — «Нес Цыёна» і «Нецах Ісраэль».

Погляды Нэціў падкрэсліваў важнасць адзінства і выступаў супраць рабінаў, якія заклікалі да стварэння асобных абшчын, як гэта было зроблена ў Венгрыі і Германіі. Калі артадаксальныя лідары імкнуліся прасоўваць гэтую ідэю ў Галіцыі, ён пісаў, што іх парады «гэтак жа шкодныя для нацыі і яе існавання, як мячы».

Падчас дыскусіі аб апрацоўцы зямлі ў Зямлі Ізраіля ў суботні год Берлін займаў строгую пазіцыю і выступаў супраць фармальнага продажу зямлі неяўрэям дзеля абыходу рэлігійнай забароны. Разам з тым ён шукаў іншыя галахічныя спосабы дапамагчы яўрэйскім земляробам.

Метад вывучэння Торы Метад Берліна склаўся пад уплывам традыцыі Віленскага Гаона і школы Хаіма з Валожына. Ён адмаўляў празмернае выкарыстанне пілпулу — складаных дыялектычных разважанняў, слаба звязаных з непасрэдным сэнсам тэксту.

Берлін імкнуўся вызначаць просты сэнс крыніцы, правяраць варыянты тэксту і супастаўляць фрагменты Вавілонскага Талмуда з Іерусалімскім Талмудам, галахічнымі мідрашамі і творамі гаонаў.

У прадмове да сваёй працы Берлін дазваляў іншым выдаўцам бясплатна перавыдаваць яе. Ён прасіў толькі загадзя паведамляць яму або яго сыну Хаіму пра падрыхтоўку новага выдання, каб аўтар мог перадаць выдаўцам выпраўленні і дапаўненні.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Біяграфія Нэцыва, напісаная яго сынам Меірам Бар-Іланам на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Ізраіля

Катэгорыя:Рабіны Расійскай імперыі Катэгорыя:Даследчыкі Талмуда Катэгорыя:Дзеячы сіянізму Катэгорыя:Ховевей Цыён Катэгорыя:Валожынскі ешыбот Катэгорыя:Нарадзіліся ў Міры Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1816 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1893 годзе Катэгорыя:Пахаваныя на яўрэйскіх могілках у Варшаве