Андрэй Валянцінавіч Паднябенны (13 снежня 1988 — 3 верасня 2025, Магілёў, Беларусь) — беларускі грамадскі актывіст, палітвязень, які памёр у зняволенні.
Біяграфія Андрэй Паднябенны меў расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў пражываў у Беларусі. Вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту, пазней перавёўся ў Харкаўскі нацыянальны аўтамабільна-дарожны ўніверсітэт. Працаваў індывідуальным прадпрымальнікам у сферы рознічнага гандлю, а таксама займаўся продажам аўтазапчастак і выкладаў на курсах кіравання.
Грамадскай дзейнасцю пачаў займацца ў 2019 годзе, калі выступіў супраць ушчыльнення забудовы ў сваім раёне. Ён арганізоўваў збор подпісаў пад калектыўным зваротам і распаўсюджваў улёткі. У 2020 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў быў незалежным назіральнікам. Сутыкнуўшыся з фальсіфікацыямі, накіроўваў скаргі ў пракуратуру. Пасля выбараў прымаў удзел у акцыях пратэсту, за што быў аштрафаваны і пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.
Быў жанаты (паводле інфармацыі былых сукамернікаў, яшчэ да яго гібелі жонка сышла ад яго), меў дзвюх малых дачок. Вёў здаровы лад жыцця.
Палітычны пераслед У лістападзе 2021 года Андрэй Паднябенны быў затрыманы. У закрытым судовым працэсе (суддзя Анатоль Сотнікаў) яго прызналі вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за акт тэрарызму, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і замах на пашкоджанне маёмасці. Яму інкрымінавалі падпал аўтамабіля начальніка ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусах, а таксама стварэнне і адміністраванне Telegram-канала і чата, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Першапачаткова яго асудзілі да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 23 траўня 2022 года ўнёс яго ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У студзені 2023 года адбыўся паўторны суд (суддзя Руслан Царук), дзе яму дадалі яшчэ адзін год і восем месяцаў зняволення па абвінавачваннях у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці.
Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.
Паводле сведчанняў праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і іншых былых зняволеных калоніі № 15, апублікаваных «Вясной» восенню 2026 года, Андрэй Паднябенны падвяргаўся жорсткаму фізічнаму і псіхалагічнаму ціску. Яшчэ па прыездзе ў калонію яго збівалі. Вязня рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і спрабавалі перавесці ў катэгорыю зняволеных з «нізкім статусам». Адміністрацыя паставіла Андрэя на два прафілактычныя ўлікі: як асобу, схільную да «экстрэмісцкай» дзейнасці, і як схільнага да суіцыду. Знаходзячыся ў цяжкім псіхалагічным стане на фоне вялікага тэрміну, Паднябенны сутыкаўся з панічнымі атакамі. Аднаго разу на знак пратэсту супраць міліцэйскага самавольства і ўмоў ён здзейсніў акт дэманстратыўнага самапашкоджання, прагрызшы сабе вены. Ад медыкаментознай тэрапіі моцнымі неўралептыкамі палітвязень пазней адмовіўся, паколькі лекі ператваралі ягоны стан у «летаргічны сон».
Інфармацыйная падтрымка Інфармацыйны патранаж над палітвязнем трымала дэпутатка Бундэстага Анэтэ Відман-Маўц.
Смерць Памёр 3 верасня 2025 года ў магілёўскай калоніі № 15. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з ананімнай крыніцы, Андрэй быў задушаны. Афіцыйныя органы не давалі каментароў наконт яго смерці.
Праз год праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў сведчанні іншых вязняў пра гібель Паднябеннага. Сведкі распавялі, што напярэдадні свайго апошняга змяшчэння ў ізалятар Андрэй нібы прадчуваў бяду і раздаў іншаму палітвязню свае каштоўныя ў турме рэчы: гадзіннік і гарбату. Сама ж трагедыя ў ШІЗА адбылася дакладна ў момант аварыйнага адключэння святла: святло (разам з камерамі відэаназірання) не працавала да паўгадзіны, нягледзячы на наяўнасць рэзервовага генератара. Дакладныя абставіны гібелі застаюцца невядомымі. Міліцыя спрабавала распускаць сярод зняволеных версію, што Андрэй учыніў суіцыд праз расстройства ад нейкага атрыманага ліста (хаця карэспандэнцыю ў ШІЗА не выдаюць). Аднак былыя палітвязні схіляюцца да таго, што Паднябенны, не вытрымаўшы пастаяннага псіхалагічнага гвалту і знаходжання ў невыносных умовах, быў фактычна даведзены да самагубства сістэмай альбо ўвогуле стаў ахвярай забойства.
Гл. таксама
Спіс загінуўшых падчас пратэстаў у Беларусі (2020—2021)
Спасылкі
Зноскі
Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Памерлі ў турмах Беларусі