Прыватная ўкраінская школа імя Алексы Старажэнкі (1924—1935) — навучальная ўстанова міжваеннага Брэста.

Пачала дзейнічаць пры таварыстве «Просвіта на Поліссі» 1 верасня 1924 года. Дазвол на адкрыццё быў атрыманы намаганнямі пасла ў польскім Сейме, брэсцкага доктара Васіля Дмытрыюка. У міжваеннай Польскай дзяржаве — адзіная прыватная школа з украінскай мовай навучання за межамі Галічыны.

Знаходзілася ў Брэсце на прадмесці Кіеўка па адрасе вул. Дзявятага лютага, пазней вул. Зацмянтарна, 16 (цяпер вуліца Пушкінская, 102).

Будынак належаў сям’і вучня Рабчэўскага, адрамантаваны бацькам іншага вучня, інжынерам Гаршчаруком.

Імя Алексы Старажэнкі для назвы школы выбралі, бо гэты ўкраінскі класік значную частку жыцця пражыў у Брэсце, помнік на яго магіле стаў сімвалічным месцам для мясцовых украінцаў.

Заняткі праходзілі ў дзве змены. Колькасць навучэнцаў вагалася ад 35 да 80. Вучыліся па два класы адначасова: першы з другім (з 8 да 11 гадзіны), трэці з чацвёртым (з 11 да 14 гадзіны). Пры неабходнасці вялікае памяшканне класа перараблялі пад актавую залу. Вывучалі ўкраінскую і польскую мовы, рэлігію, каліграфію, матэматыку, маляванне, гісторыю і геаграфію, спевы, рукадзелле.

Пасля чатырох класаў украінскай школы вучні працягвалі навучанне ў польскіх або, часцей, у прыватнай рускай гімназіі Брэста. У 1926 годзе была зроблена спроба адкрыць у горадзе трохкласную ўкраінскую гімназію як наступны ўзровень адукацыі, але польскія ўлады гэтага не дазволілі.

Крыніцай фінансавання школы былі бацькоўскія ўнёскі, добраахвотнае падаткаабкладанне ўкраінскіх паслоў і сенатараў, арганізаванае Васілём Дмытрыюком, ахвяраванні таварыства «Рідна школа», страхавога таварыства «Дністер», земскага іпатэчнага банка ў Львове. «Былі ахвяраванні ад прыватных асоб. Памятаю, як адзін пан, уладальнік рэстарана ў Берасці, ахвотна даў 50 злотых, але з просьбай, каб яго імя не было абнародавана», — успамінаў Васіль Дмытрыюк.

За гады існавання гімназіі змянілася тры дырэктары: Тыміш Алесіюк, Мікола Козяр, Паўло Артэмюк. Пры Артэмюку школа займела музычны ўхіл, дырэктар навучаў мастацтву і спеву, граў на скрыпцы. Пасля арышту Паўла Артэмюка выканаўцай абавязкаў дырэктара стала Лідзія Гарбачова.

Пры школе быў створаны аддзел Стралецкага саюза (кіраўнік Мікола Козяр).

Пры школе дзейнічалі 3-месячныя курсы для дарослых з выкладаннем украінскай і польскай мовы, алгебры і геаметрыі, гісторыі Украіны ў сувязі з гісторыяй Польшчы, геаграфіі і гігіены, з факультатывамі па спеве, украінскіх танцах, рукадзеллі. У 1926 годзе на курсы запісалася 43 хлопцы і 19 дзяўчат ад 15 да 27 гадоў, большасць — сяляне з-пад Берасця.

У юнацтве ў часе сплаву па Бугу ў якасці пластуна школу наведаў Раман Шухевіч, будучы галоўнакамандуючы Украінскай Паўстанцкай Арміяй.

Гнойовий, І. Українська народна школа ім. Ол. Стороженка у Берестю та польська шкільна політика на північно-західних український землях // Літопис Волині. — 1990. — Ч. 5 — С. 85-93.

Зноскі

Катэгорыя:Арганізацыі ўкраінцаў Беларусі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Брэста Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1924 годзе Катэгорыя:1924 год у Брэсце