Піліп Нерыуш Галянскі (; , Кракаўскае ваяводства — ) — педагог, тэолаг, філосаф, літаратурны дзеяч і тэарэтык літаратуры, прадстаўнік эпохі Асветніцтва, прафесар Галоўнай Літоўскай школы (пазней Віленскага ўніверсітэта), аўтар прац па рыторыцы, паэтыцы і эстэтыцы.

Біяграфія Нарадзіўся года ў Кракаўскім ваяводстве. У маладосці ўступіў у піярскі ордэн, скончыў калегіум піяраў у Падалінцу. У 1783—1787 гадах выкладаў у іх школах у Польшчы, Літве і Беларусі. У 1783 годзе працаваў у варшаўскім «Калегіум нобіліум». Надрукаваў некалькі прамоў, дзе выклаў свае педагагічныя погляды ў духу Асветніцтва, ухваляў дзейнасць Адукацыйнай камісіі і выступаў за адукацыю сялян.

У 1787 годзе быў прызначаны Адукацыйнай камісіяй намеснікам прафесара лацінскай і польскай літаратуры Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага, а з 1792 стаў прафесарам звычайным і сакратаром маральна-палітычнага факультэта. Вітаў прагрэсіўныя рэформы ў Рэчы Паспалітай і Канстытуцыю 1791 года, апублікаваў сваю прамову перад прыняццем прысягі вайсковымі карпусамі ў Вільні на вернасць Канстытуцыі.

У час паўстання 1794 года рэдагаваў орган Найвышэйшай Літоўскай рады — «Gazeta Narodowa Wileńska». З 1803 года — прафесар Свяшчэннага пісання факультэта маральных і палітычных навук, адначасова з 1808 выкладаў гамілетыку на факультэце літаратуры і свабодных навук. У 1803—1824 гадах быў членам рады семінарыі, цэнзарам, а ў 1817—1819 — дэканам факультэта літаратуры. Таксама працаваў інспектарам школ Віленскай навучальнай акругі і прапаведнікам.

Навуковая і літаратурная дзейнасць Найбольш вядомы як аўтар працы «Пра красамоўства і паэзію» («Owymowie i poezji», Варшава—Вільня, 1786; 2-е выд. — Вільня, 1788; 3-е — Вільня, 1808), якая стала першым у Рэчы Паспалітай сістэматызаваным нарысам літаратуры і доўгі час выкарыстоўвалася як падручнік. За гэтую працу Галянскі быў узнагароджаны каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім залатым медалём «Merentibus» («Заслужаным»).

Выдаў дапаможнік «Пісьмы, мемарыялы і прашэнні з адпаведнымі ўвагамі» («Listy, memoriały i supliky z uwagami stosownymi», Вільня, 1788; 4-е выд. — 1804), пераклады з Плутарха — «Слаўныя людзі і іх параўнанні» («Sławni ludzie i onych porównania, Plutarcha dzieło historyczne, moralne i filozoficzne», т. 1—4, Вільня, 1801—1805) і «Старажытныя алегорыі» («Allegorie starożytne w stosunku do I wieku Sławnych ludzi Plutarcha i czasów bohatyrsko-mitologicznych», Вільня, 1801).

Падрыхтаваў і апрацаваў паведамленні місіянера Ж. Аміё пра Кітай — «Кітайская літаратура для літаратарак і літаратараў у Еўропе» («Literatura chińska dla literatek i literatów w Europie z niektóremi wiadomościami o Chinach i Chińczykach... i filozofią Konfucjusza», Вільня, 1810).

Падтрымліваў ідэі Асветніцтва, быў членам Варшаўскага таварыства сяброў навукі. У сваіх курсах паэтыкі і рыторыкі пашыраў іх змест за кошт уключэння ведаў з новых дысцыплін — эстэтыкі, крытыкі, стылістыкі, гісторыі літаратуры і фалькларыстыкі, што адлюстроўвала пераход да фарміравання літаратуразнаўства як асобнай навукі.

Паводле яго поглядаў, «красамоўства» ўключае не толькі аратарскае мастацтва, але і ўсе віды мастацкай прозы, публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Ён лічыў, што сапраўднае красамоўства можа квітнець толькі ў вольных дзяржавах, дзе людзі кіруюцца перакананнямі, а не прымусам.

Творы без паэтычнай фантазіі, паводле Галянскага, не з'яўляюцца паэзіяй; нават празаічныя творы, напоўненыя жывым уяўленнем, напрыклад раман, могуць належаць да паэзіі. Найвышэйшым яе жанрам ён лічыў эпапею — гераічны эпас, які патрабуе вялікага розуму і багатай фантазіі.

Галянскі не быў арыгінальным мысліцелем, але атрымаў вядомасць як эрудыт, прыхільнік асветы і прагрэсіўных ідэй, праціўнік фанатызму і схаластыкі.

Крыніцы

Літаратура Жукович П. О профессорах богословского факультета Виленского университета в настоящем столетии. СПб., 1888. Bieliсski J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). T. 2. Kraków, 1899—1900. Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мінск, 1973. С. 282—287.

Спасылкі

Катэгорыя:Тэолагі Беларусі Катэгорыя:Філосафы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Літвы Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Польшчы Катэгорыя:Філосафы Польшчы Катэгорыя:Філосафы Літвы Катэгорыя:Філосафы Беларусі

Катэгорыя:Постаці Асветніцтва Катэгорыя:Перакладчыкі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1753 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1824 годзе Катэгорыя:Перакладчыкі на польскую мову Катэгорыя:Выкладчыкі Галоўнай віленскай школы