Станіслаў Леснавольскі (; ? — 1565) — вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай, удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў, кашталян цеханаўскі, варшаўскі і чэрскі.

Біяграфія Паходзіў з мазавецкага шляхецкага роду герба «Калюмна» («Рох»).

У маладосці быў дваранінам караля Жыгімонта Аўгуста.

У 1540-х гадах пачаў вайсковую службу, у 1550-х быў звязаны з каралевай Бонай, ад якой каля 1555 года атрымаў Ружанскае і Макаўскае стараствы.

У 1557 годзе ўдзельнічаў у паходзе на Посваль у Інфлянтах, за што атрымаў урад кашталяна цеханаўскага.

Дзякуючы ўдзелу ў Інфлянцкай вайне 1558—1582 гадоў зрабіў хуткую кар’еру. У 1561 годзе ў складзе дапаможных польскіх войскаў пад камандаваннем Фларыяна Зэбжыдоўскага на чале коннай харугвы ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Інфлянтах.

У 1562 годзе ўдзельнічаў у паходзе ў напрамку Полацка і Азярышча. Не дачакаўшыся войск вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага, польскія сілы пад яго камандаваннем выступілі на маскоўскую крэпасць Невель.

19 жніўня 1562 года адбыўся бой з войскамі князя Андрэя Курбскага, якія значна пераўзыходзілі атрад Леснавольскага — 25 000 маскоўскіх ратнікаў супраць 1300 коннікаў і 200 пехацінцаў. Маскоўскае войска панесла вялікія страты: каля 1500 чалавек супраць 16 у войску Леснавольскага. Пасля гэтай перамогі ён быў прызначаны камандуючым польскімі войскамі замест Зэбжыдоўскага і выконваў гэтыя абавязкі да смерці.

У 1564 годзе атрымаў урады кашталяна варшаўскага і чэрскага. У канцы таго ж года атрады Леснавольскага (4900 конніцы і 3700 пяхоты) разам з войскамі ВКЛ удзельнічалі ў спробе вызвалення Полацка.

У 1565 годзе дзейнічаў на маскоўскай мяжы і ў глыбіні маскоўскай тэрыторыі — на Пскоўшчыне і Смаленшчыне.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Удзельнікі Інфлянцкай вайны Катэгорыя:Ваенныя XVI стагоддзя Катэгорыя:Ваенныя Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Старосты ружанскія Катэгорыя:Кашталяны варшаўскія Катэгорыя:Кашталяны чэрскія