Брэсцкая яўрэйская бальніца — лячэбная ўстанова, якая існавала ў Брэсце з 1833 да 1942 года.
Яўрэйская бальніца ў Брэсце была заснаваная ў 1833 годзе на сродкі з бойняў і мясных крам, з мяснога падатку. Мела 40 ложкаў для бедных пацыентаў.
У 1860 годзе мела 45 ложкаў, пры бальніцы працавала аптэка (у Брэсце тады пражывала 10 685 яўрэяў). У бальніцы працавалі два лекары і фельчар, працавалі і запрошаныя дактары (у тым ліку гарадскі ўрач Маісей Гершун). У канцы стагоддзя мела 48 ложкаў і радзільнае аддзяленне. У 1905—1915 гадах бальніцу ўзначальваў Ісак Шапіра. У 1914 годзе бальніца пераехала ў адмыслова пабудаваны будынак на вул. Беластоцкай (цяпер вул. Савецкіх Пагранічнікаў). У бальніцы адкрылася амбулаторнае аддзяленне, кансультатыўнае аддзяленне і стаматалагічны кабінет.
У 1919 годзе ў час знаходжання Брэста пад уладай бальшавікоў у яўрэйскай бальніцы размясціліся параненыя і хворыя воіны Чырвонай Арміі. Лекар-украінец Васіль Дмытрыюк, які працаваў у Яўрэйскай бальніцы, прыводзіць у мемуарах размову з савецкім лекарам, які наведваў хворых чырвонаармейцаў:“Сустрэўшы яго на калідоры, я спытаў, як адчуваюць сябе лекары пры бальшавіцкім рэжыме. Ён азірнуўся па баках і адказаў даслоўна так: «Мы ўсе ўжо абскацініліся, хутка будзе тое ж самае з вамі»”.У 1919-1921 гадах будынак бальніцы перабудавалі, колькасць месцаў павялічылі да 100. Бальніца стала прымаць пацыентаў усіх нацыянальнасцей (на платнай аснове), працавалі тут і дактары рознага паходжання.
У 1930-я гады, калі Брэст знаходзіўся ў складзе Польскай дзяржавы, дырэктарам бальніцы і тэрапеўтам быў Ізраэль Іофэ, на пастаяннай аснове працавалі хірург, гінеколаг і дзяжурны лекар, 4 медсястры, 2 акушэркі, санітар. Пры бальніцы была сінагога.
У час нацысцкай акупацыі бальніцу перавялі на тэрыторыю гета, лекараў знішчылі падчас ліквідацыі Брэсцкага гета ў кастрычніку 1942 года.
Будынак яўрэйскай бальніцы захаваўся (вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 54), мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. З 1964 года там размясцілі абласны анкалагічны дыспансер. З 1990-х гадоў там размяшчалася ўпраўленне аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
Зноскі
Катэгорыя:Бальніцы Брэста Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі