«Белару́сы» ( (тамы 1—2), ) — фундаментальнае даследаванне акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук Яўхіма Карскага, прысвечанае беларускай мове, літаратуры і народнай творчасці з XIII да 1-й чвэрці XX стагоддзя ўключна. Глыбінёй навуковага асвятлення, шырынёй ахопу фактаў, культурна-грамадскай значнасцю даследаванне не мела на той час роўных сабе філалагічных прац ні ў адной славянскай краіне.

Выхаду ў свет «Беларусаў» папярэднічала шматгадовая праца аўтара над гістарычнымі крыніцамі (пісьмовымі помнікамі дзелавога, мастацкага, публіцыстычнага, рэлігійнага, юрыдычнага, летапіснага зместу), фальклорна-этнаграфічнымі запісамі XIX — пачатку XX стагоддзя і, галоўнае, вывучэнне жывой беларускай мовы ва ўсёй разнастайнасці яе тэрытарыяльных і сацыяльных гаворак. Праца складаецца з трох тамоў, другі і трэці тамы змяшчаюць па тры часткі (выпускі). Усяго было апублікавана сем кніг «Беларусаў» агульным аб’ёмам 3105 друкаваных старонак.

Том I. Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці Першы том пад назвай «Беларусы. Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці» выйшаў у Варшаве ў 1903 годзе і быў перадрукаваны часопісам «Виленский временник» у 1904 годзе. Надзею на тое, што беларускі народ атрымае нарэшце доступ да сапраўднай навукі, аўтар выказаў эпіграфам з верша Янкі Лучыны «Роднай старонцы», апублікаванага ў 1892 годзе:

У прадмове да гэтага тома вызначалася асноўная задача: стварыць абагульняльную працу па беларускай мове, уключаючы ўсе факты з пісьмовых помнікаў, сучасных мясцовых гаворак, запісаў вуснай народнай творчасці, а таксама з літаратурных твораў, што былі надрукаваны ў XIX — пачатку XX стагоддзя.

У 1-м томе «Беларусаў» аўтар даў шырокую гістарычную карціну паходжання беларускага народа. Акрэсліўшы геаграфічныя межы рассялення беларусаў, паказаўшы прыродныя, эканамічныя і сацыяльныя ўмовы іх жыцця ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, ён назваў іх суседзяў на захадзе (палякі, літоўцы і латышы), на поўначы і ўсходзе (рускія), на поўдні (украінцы), затым прывёў цікавыя звесткі з пісьмовых помнікаў, у прыватнасці з летапісаў пра ўсходнеславянскія плямёны (дрыгавічы, крывічы, радзімічы), якія жылі на тэрыторыі заходняй часткі Русі да ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы.

Аўтар даў звод тых моўных асаблівасцей, якімі беларусы сталі вылучацца з XIII стагоддзя сярод іншых этнічных груповак усходняга славянства (невыбухны зычны г, нескладовы у, зацвярдзелыя шыпячыя ж, ч, ш, афрыката дж, склады гі, кі, хі на месцы ранейшых гы, кы, хы, склады ры, лы на месцы ранейшых ро, ло, змяшэнне ч і ц, развіццё акання і якання). Побач са з’явамі, якія ў старабеларускай мове развіваліся ў выніку эвалюцыі гукавога і граматычнага ладу мовы ўсходніх славян, а таксама агульнаславянскай, Яўхім Карскі разгледзеў некаторыя лексічныя запазычанні старажытнага часу з моў фінскіх і іранскіх народнасцей; падрабязна апісаў станаўленне беларускай народнасці і яе мовы ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага, разгледзеў пытанні, звязаныя з этнічнымі назвамі «Белая Русь», «Чорная Русь», ахарактарызаваў паступовы працэс фарміравання сістэмы беларускай мовы згодна з яе адлюстраваннем у пісьмовых помніках і сучасных гаворках.

Яўхім Карскі закрануў важнае пытанне пра ўзаемаадносіны беларускай мовы таго часу з украінскай, літоўскай і латышскай; асобна разгледжаны ўзаемасувязі беларускай мовы з польскай у перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. Тут аўтар паказаў прычыны пранікнення ў беларускія пісьмовыя помнікі і жывыя гаворкі фанетычных, граматычных і лексічных паланізмаў, ролю польскай мовы як пасрэдніка ў запазычанні лацінізмаў і слоў іншых заходнееўрапейскіх моў таго часу. У сувязі з пачаткам кнігадрукавання даследчык разгледзеў таксама ўплыў на беларускую мову чэшскай мовы, асабліва ў выданнях Францыска Скарыны; паставіў пытанне адносна даўніх запазычанняў у беларускую мову лексічных элементаў з мовы кельтаў, грэкаў, лацінян, румынаў, дака-фракійцаў, германскіх народаў.

Вучоны апісаў стан беларускай мовы 2-й паловы XVII да канца XVIII стагоддзя, асноўную ўвагу звярнуў на класіфікацыю жывых беларускіх гаворак у залежнасці ад фанетычных, граматычных і лексічных рыс; вылучыў два асноўныя дыялекты беларускай мовы: цвёрдаэры і мяккаэры, а ў складзе іх апісаў моцнаакаючую цвёрдаэрую гаворку, умеранаакаючую гаворку і больш дробныя ад іх адгалінаванні на ўсходзе, поўдні і захадзе Беларусі.

У 1-м жа томе змешчаны «Нарыс вывучэння жывой беларускай мовы і народнай паэзіі», «Нарыс паступовага азнаямлення вучоных з помнікамі старой заходнерускай мовы. Вывучэнне самой мовы» і агляд «Ненародныя творы на сучаснай беларускай мове». Навуковыя вывады Яўхіма. Карскага пра беларускі народ і яго мову, зробленыя шляхам дэталёвага аналізу гістарычных, археалагічных, лінгвістычных і іншых крыніц, ілюструюцца дзвюма картамі: «Этнаграфічнай картай беларускага племені» і «Картай беларускай мовы», якія не страцілі навуковага значэння да нашага часу.

Картаграфічны дадатак: межы і гаворкі

Тэарэтычныя і навуковыя вывады Я. Карскага пра беларускі народ і яго мову ў першым томе ілюстраваліся дзвюма картамі, якія не страцілі свайго навуковага значэння да нашага часу: «Этнаграфічнай картай беларускага племені» (паказвала знешнія межы) і «Картай беларускай мовы» (паказвала ўнутраны дыялектны падзел). Іх стварэнню папярэднічаў амаль дваццацігадовы перыяд (1885—1903) палявых экспедыцый, падчас якіх аўтар аб'ехаў усю Беларусь на цягніку, фурманцы і сялянскім возе, слухаючы жывую гаворку на кірмашах і святах.

Супроць папярэдніх даследчыкаў (напрыклад, Р. Ф. Эркерта ці А. Ф. Рыціха), якія часта абапіраліся на канфесійны крытэрый, Я. Карскі задэклараваў выключна лінгвістычны падыход. Ён настойваў, што прыналежнасць да пэўнай рэлігіі ці бытавыя асаблівасці з'яўляюцца толькі дадатковымі прыкметамі, у той час як менавіта «матчына мова служыць адзінай найбольш пэўнай прыкметай размежавання беларусаў ад іншых плямёнаў і народаў».

Згодна з «Этнаграфічнай картай», тэрыторыя беларускага народа ахоплівала велізарны арэал з насельніцтвам каля 10 мільёнаў чалавек. Сюды ўвайшлі ўся Магілёўская губерня, большыя часткі Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, палова Смаленскай губерні і паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні, а таксама невялікія часткі яшчэ сямі суседніх губерняў.

Пры гэтым карта мела адну істотную хібу з пункту гледжання сучаснай дыялекталогіі: Я. Карскі не ўключыў у этнічную тэрыторыю беларусаў Заходняе Палессе (Брэсцкі, Кобрынскі і частку Пружанскага паветаў). Абапіраючыся на фанетычныя асаблівасці палескіх гаворак (рысы ўкраінскага тыпу), ён аднёс гэты рэгіён да маларусаў (ўкраінцаў). Гэта пазней аспрэчваў гісторык М. В. Доўнар-Запольскі, які ў 1919 годзе ўключыў усю Берасцейшчыну ў арэал пражывання беларусаў.

«Карта беларускай мовы» (ці «Беларускія гаворкі») стала першай у гісторыі навуковай дыялекталагічнай картай беларускай мовы і першым крокам у распрацоўцы яе лінгвістычнай геаграфіі. Я. Карскі вылучыў і паказаў на ёй групоўку гаворак, якая ў асноўным правільна адлюстроўвае сапраўдны стан народнай мовы, што пазней было пацверджана «Дыялекталагічным атласам беларускай мовы» (1963). Такім чынам, «Карта беларускай мовы» Яўхіма Карскага была першым крокам у распрацоўцы пытанняў лінгвістычнай геаграфіі беларускай мовы. У канцы 1920-х гадоў падобную спробу зрабіў Пётр Бузук, пазней з’явіліся грунтоўныя даследаванні сучасных беларускіх дыялектолагаў.

У 1917 годзе ў Петраградзе выйшла другое выданне карты. У новых гістарычных умовах яна пачала выконваць не толькі навуковую, але і палітычную функцыю. Каб паказаць беларускую тэрыторыю як маналітную і непадзельную, з карты былі прыбраныя ўнутраныя межы моўных абласцей, затое знешняя этнаграфічная мяжа была вылучана вельмі выразна. Менавіта гэтыя межы сталі асновай для абвяшчэння ў 1918 годзе тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Том II. Мова беларускага племені

Другі том выйшаў у Варшаве ў 1908—1912 гадах пад назвай «Беларусы. Мова беларускага племені» (перавыдадзены ў Маскве ў 1955—1956 гадах пад назвай «Беларусы. Мова беларускага народа»). Гэты том складаецца з 3 частак (выпускаў): Гістарычны нарыс гукаў беларускай мовы; Гістарычны нарыс словаўтварэння і словазмянення ў беларускай мове; Нарысы сінтаксіса беларускай мовы.

Яўхім Карскі пісаў у прадмове да гэтага тома:

У 1-м выпуску 2-га тома вучоны паслядоўна і сістэматычна разгледзеў гукавы лад беларускай мовы. Ён даў агульную характарыстыку галосных і зычных гукаў сучаснай мовы, звярнуўся да арфаграфічных і палеаграфічных асаблівасцей заходнерускіх пісьмовых помнікаў, правёў глыбокі аналіз гукавых з’яў, пачынаючы ад агульнаславянскага і старажытнарускага перыядаў. Тут упершыню ў беларускім мовазнаўстве разгледжаны націск у розных граматычных формах часцін мовы, пры словаўтварэнні і спалучэнні слоў.

Другі выпуск 2-га тома апублікаваны ў 1911 годзе. Яго змест — марфалагічны лад беларускай мовы (пад марфалогіяй навуковец разумеў не толькі сістэму форм скланення і спражэння, але і спосабы ўтварэння слоў з дапамогай марфалагічных сродкаў). Яўхім Карскі адзначыў, з аднаго боку, агульнасць марфалагічных сродкаў беларускай мовы з рускай і ўкраінскай мовамі, з другога — адметныя рысы, характэрныя толькі для беларускай мовы. Пра апошнія ён заўважыў:

Трэці выпуск 2-га тома, надрукаваны ў 1912 годзе, змяшчае апісанне сінтаксічнага ладу беларускай мовы. У гэтым выпуску аўтар «імкнуўся паводле магчымасці поўна прадставіць асаблівасці старой заходнерускай мовы і сучасных беларускіх гаворак, наколькі яны адлюстроўваюцца ў сабраных ім у ранейшы час, а таксама ў апошнія гады матэрыялах», пры апісанні сінтаксічных з’яў ён, нягледзячы на фармальна-граматычны падыход, карыстаўся і школьнай тэрміналогіяй, даступнай для чытачоў рознай лінгвістычнай падрыхтоўкі. У выпуску аналізуюцца тыпы простага сказа (адначленныя і двухчленныя), спосабы выражэння галоўных і даданых членаў сказа, упершыню разгледжаны тыпы беспрыназоўнікавых і прыназоўнікавых словазлучэнняў, тыпы двухчленных сказаў, тыпы складаных (складаназлучаных і складаназалежных) сказаў і іншыя з’явы сінтаксічнага характару.

Том III. Нарысы славеснасці беларускага племені

Для мовазнаўства мае важнае значэнне і трэці том «Беларусаў», які змяшчае «Нарысы славеснасці беларускага племені»: Вып. 1. Народная паэзія (Масква, 1916). Вып. 2. Старая заходнеруская славеснасць (Петрарад, 1921). Вып. 3. Мастацкая літаратура на народнай мове (Петраград, 1922).

Пры аналізе зместу, жанраў і стылістычных асаблівасцей фальклорных і літаратурных твораў даследчык разглядаў звычайна і тыя моўныя сродкі, з дапамогай якіх ствараюцца вобразы, сімвалы, пейзажы, перадаюцца пачуцці і перажыванні герояў (напрыклад, у казках, легендах, эпасе, гістарычных песнях, духоўных вершах і г. д.).

Асаблівую ўвагу Яўхім Карскі звярнуў на мову літаратурных твораў XIX—XX стагоддзяў, падкрэсліўшы, што «ў цяперашні час каштоўнасць пісьменніка павінна ацэньвацца настолькі, наколькі мова яго твораў набліжаецца да народнай. Гэта і натуральна, бо блізкасць да народнай мовы спрыяе распаўсюджанню твораў у вялікай масе, ды апрача таго, народная мова ёсць корань і аснова мовы літаратурнай» (вып. 3. С. 277). Даследчык правёў цікавыя назіранні над мовай Янкі Купалы (Яна Луцэвіча), Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча), Канстанцыі Буйло і іншых беларускіх пісьменнікаў: «Калі звярнуцца да мовы Луцэвіча, то, гаворачы наогул, не можам не прызнаць яе народнасці, удалага падбору выразаў» (тамсама. С. 279); «Мова вершаваных твораў Міцкевіча — чыста беларуская. Паланізмаў я не заўважыў, запазычанняў слоўнікавых з польскай амаль няма» (тамсама. С. 309); «Мова твораў Буйло недастаткова чыстая: ёсць паланізмы і нічым не апраўданыя неалагізмы і нават граматычныя няправільнасці» (тамсама. С. 348).