Бібліятэказна́ўства — галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэтычныя асновы грамадскага карыстання творамі друку.
Асноўныя задачы Асноўнымі задачамі бібліятэказнаўства з’яўляюцца развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцей яе развіцця як сацыяльнай з’явы, стварэнне бібліятэк і іх аб’яднанне ў адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная дзейнасць і бібліяграфічная дзейнасць, а таксама абслугоўванне чытачоў.
Раздзелы бібліятэказнаўства Асноўнымі раздзеламі бібліятэказнаўства з’яўляюцца: Агульнае бібліятэказнаўства — даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульныя і іншыя пытанні. Бібліятэчныя каталогі і фонды — вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, іх арганізацыі і кіравання. Абслугоўванне чытачоў — распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў, уключаючы вывучэнне чытацкага попыту, методыку прапаганды літаратуры, арганізацыю работы на абанеменце, у чытальнай зале і інш. Бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент — даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфармацыйных твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі працы ў бібліятэцы, эканоміку бібліятэчнай справы, а таксама структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы бібліятэк. Гісторыя бібліятэчнай справы — вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця бібліятэк, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі. Тэхнічныя сродкі бібліятэчнай работы — распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і іншых тэхнічных сродкаў у розных працэсах у бібліятэцы.
Сучасныя праблемы У цэнтры ўвагі сучаснага бібліятэказнаўства знаходзяцца такія праблемы, як: прырода, сутнасць, змест і сацыяльныя ўмовы фарміравання чытацкіх інтарэсаў; месца і роля бібліятэкі ў сістэме навукова-тэхнічнай інфармацыі; навукова-тэарэтычныя асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання.
Бібліятэказнаўства ў Беларусі
Вядучымі цэнтрамі навуковых даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства ў Беларусі з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі і кафедра бібліятэказнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на факультэце бібліятэчна-інфармацыйных сістэм таго ж універсітэта.
Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі ў Беларусі зрабілі Ю. В. Бібіла, Н. Б. Ватацы, А. А. Сакольчык, І. Б. Сіманоўскі і іншыя.
Гл. таксама Бібліятэчная справа Бібліяграфія
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Бібліятэчная справа