3G — агульная назва тэхналогій трэцяга пакалення сотавай сувязі. Першыя сеткі 3G былі разгорнуты ў пачатку 2000-х гадоў. Асноўнымі стандартамі 3G з’яўляюцца UMTS (распрацаваны групай 3GPP на замену GSM) і CDMA2000 (распрацаваны Qualcomm на замену cdmaOne). Абодва стандарты заснаваны на спецыфікацыях IMT-2000, распрацаваных Міжнародным саюзам электрасувязі.
У параўнанні з сеткамі другога пакалення (2G), такімі як GPRS і EDGE, сеткі 3G маюць больш высокую хуткасць мабільнага інтэрнэту і палепшаную якасць голасу. Яны дазваляюць праглядаць вэб-старонкі і мультымедыйны кантэнт, у тым ліку ствараць відэавыклікі з хуткасцю перадачы даных не менш за 144 Кбіт/с.
Пазнейшыя версіі 3G, такія як 3.5G (HSPA), 3.75G (HSPA+) і EV-DO, дазволілі павялічыць хуткасць мабільнага інтэрнэту спачатку да некалькіх Мбіт/с, а пазней нават да 42 Мбіт/с. Гэтыя абнаўленні далі магчымасць выкарыстоўваць смартфоны і мабільныя мадэмы для патокавай перадачы відэа і анлайн-гульняў. У канцы 2000-х на змену 3G прыйшлі тэхналогіі 4G, якія забяспечылі яшчэ больш высокія хуткасці перадачы даных.
З развіццём сетак 4G, выкарыстанне 3G значна скарацілася. Некаторыя аператары ўжо цалкам адключылі або знаходзяцца ў працэсе адключэння сваіх сетак 3G. Напрыклад, у ЗША Verizon адключыў свае паслугі 3G 31 снежня 2022 года. Паводле звестак Telenor IoT у Еўропе 19 аператараў у 14 краінах плануюць паступова адмовіцца ад 3G да 2025 года. Станам на люты 2022 года менш за 1 % прылад сотавай сувязі ў ЗША патрабавалі 3G.
Станам на 2025 год сеткі 3G у Беларусі працягваюць выкарыстоўвацца і нават развівацца для пакрыцця аддаленых раёнаў. Па ацэнках кампаніі МТС толькі 15 % галасавой сувязі праходзяць праз сеткі 4G. Пры гэтым сеткі 4G у Беларусі ствараюцца адзіным інфраструктурным аператарам — кампаніяй beCloud — і размяркоўваюцца паміж існуючымі аператарамі. У той жа час сеткі 3G ствараюцца кожным аператарам сувязі асобна, што дазваляе ім мець большы кантроль над працэсамі.
Крыніцы
Катэгорыя:Стандарты мабільнай тэлефаніі