«Дыярыуш» () — помнік мемуарнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага сярэдзіны XVII стагоддзя, напісаны Багуславам Казімірам Маскевічам, сынам мемуарыста Самуіла Маскевіча. Твор на польскай мове, захаваўся ў копіі XVIII стагоддзя і ахоплівае падзеі 1643—1649 гадоў.
Гісторыя стварэння «Дыярыуш» пачынаецца з кароткіх аўтабіяграфічных запісаў за 1643 год і абрываецца на звестках за 1649 год; заключная частка твора ў рукапісе не захавалася. Асноўная частка твора прысвечана падзеям нацыянальна-вызваленчай вайны на Украіне і антыфеадальнай вайны на Беларусі, удзельнікам якіх быў аўтар.
Змест Значнае месца ў «Дыярыушы» займае апісанне падзей, якія папярэднічалі паўстанню пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, і адлюстраванне жыцця магнацкага двара Іераміі Вішнявецкага, у войску якога аўтар служыў напачатку. Пазней Б. Маскевіч ваяваў у войску Януша Радзівіла на Беларусі.
Аўтар паказвае вайну з усёй яе жорсткасцю, разбурэннямі і шматлікімі ахвярамі. У тэксце ёсць апісанні баёў з казакамі, расстрэлу ўцякаючых казакоў і пакарання палонных праз пасаджэнне на кол. Асабліва вобразна апісана задушэнне паўстанняў у Мазыры, Бабруйску і Рэчыцы. Таксама прыводзяцца дробязныя выпадкі з жыцця, напрыклад, як аўтар ледзь не забіў яўрэя.
Аўтарская пазіцыя і стыль Сімпатыі Багуслава Маскевіча знаходзяцца не на баку паўстанцаў, паколькі, на яго думку, яны падрывалі адзінства Рэчы Паспалітай. У спадчыну ад бацькі ён узяў уменне не толькі назіраць, але дакладна і вобразна адлюстроўваць убачанае, пачутае і перажытае. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца апісанні Запарожскай Сечы, украінскага стэпу, а таксама шматлікія батальных сцэны, партрэтныя і пейзажныя замалёўкі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя творы паводле алфавіта Катэгорыя:Дыярыушы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Польскамоўная літаратура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Літаратурныя творы XVII стагоддзя Катэгорыя:Паўстанне Хмяльніцкага Катэгорыя:Антыфеадальная вайна (1648—1651)