Антыфеадальная вайна 1648—1651 на Беларусі — вайна народных мас супраць пануючага класа феадалаў на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII стагоддзя, для якой былі характэрныя масавыя сумесныя выступленні сялян, казацка-сялянскіх атрадаў і змыканне іх з рухам гарадскіх нізоў.

Гэта была не традыцыйная барацьба, а бітва буйных супрацьлеглых сіл: казацка-сялянскіх атрадаў і ніжэйшых слаёў мяшчанства з аднаго боку, і войска Вялікага Княства Літоўскага, якое складалася з наёмнікаў і шляхецкага апалчэння, — з другога.

Характар вайны Барацьба мела яскрава выражаны антыфеадальны характар: народныя масы змагаліся супраць феадальнага прыгнёту, самавольстваў феадалаў і іх адміністрацыі, за паслабленне павіннасцей; у шэрагу выпадкаў — за вынішчэнне шляхты як галоўнага, на іх погляд, віноўніка прыгнёту. Аднак ні сяляне, ні гарадскія нізы яшчэ не ставілі за мэту змену феадальнай фармацыі і нацыянальнае вызваленне.

У вайне прымалі ўдзел амаль усе сацыяльныя групы насельніцтва, уключаючы заможную частку мяшчанства і нават праваслаўнага духавенства. Аднак прадстаўнікі дзвюх апошніх груп дзейнічалі непаслядоўна, у залежнасці ад палітычных абставін, і далёка не заўсёды падзялялі памкненні сялянскай масы.

Ход падзей

Перадумовы і пачатак Важную ролю ва ўздыме антыфеадальнага руху на Беларусі ў сярэдзіне XVII стагоддзя і ператварэнні яго ў вайну адыграла паўстанне на Украіне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Першыя звесткі пра яго перамогі пад Жоўтымі Водамі і Корсунем у маі 1648 года выклікалі ўзброеныя выступленні беларускіх сялян і гараджан, асабліва ў памежных раёнах. Пінскі падстараста 20 жніўня 1648 года даносіў падканцлеру Казіміру Льву Сапегу, што паўсталыя сяляне «нападаюць на шляхецкія маёнткі, паляць іх, шляхціцаў караюць смерцю, больш багатых купцоў да бедных раўняюць».

Для падтрымкі руху Хмяльніцкі летам 1648 года накіраваў на Беларусь з-пад Белай Царквы і Корсуня казацкія загоны на чале з Я. Галавацкім, І. Галотам, А. Нябабам, Гладкім, Гапалічам, Хвясько і іншымі, якія былі ў значнай ступені ўкамплектаваны беларусамі. Адначасова Хмяльніцкі адсылаў універсалы з заклікам да насельніцтва брацца за зброю і выступаць супраць магнатаў і шляхты, у тым ліку «да Гомеля… за Днепр… аж до Борисова… далей, до Быхава теж, Могілева… далей». Заклікі мелі эфект, тым больш што прыход у беларускія паветы добра ўзброеных і арганізаваных казацкіх фарміраванняў даваў вялікія надзеі сялянству на поспех у барацьбе супраць шляхты і шляхецкага войска. Ужо да восені 1648 жыхары паўднёвых гарадоў, такіх як Мазыр, Тураў, Гомель, Рэчыца, Лоеў, і іх наваколляў «усе паказачыліся і пакляліся адзін другому стаяць да апошняга».

Кампанія 1648 года: наступ паўстанцаў Улетку 1648 казацка-сялянскія атрады атрымалі шэраг перамог над шляхецкім апалчэннем і наёмным войскам ВКЛ. Каля Рэчыцы былі разбіты харугвы пад камандаваннем польнага пісара літоўскага Уладзіслава Валовіча, а пад мястэчкам Горваль — буйны атрад на чале з Рыгорам Мірскім. Казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Гомелем, Лоевам, Чачэрскам, Брагінам, Бабруйскам, Мазырам і іншымі гарадамі і мястэчкамі на поўдні і паўднёвым усходзе Беларусі; жыхары амаль не аказвалі арганізаванага супраціўлення, а шляхта і духавенства, напалоханыя поспехамі казацка-сялянскага войска, уцякалі ўглыб ВКЛ. Пуціўльскі ваявода Пляшчэеў паведамляў у Маскву цару Аляксею Міхайлавічу пра ўцёкі «панаў, дзяржаўцаў, уряднікаў, ляхоў і жыдоў» з гарадоў «па сю сторону Днепра», дзе «асталіся… адне мяшчане і пашэнныя мужыкі».

Баявыя дзеянні на Беларусі мелі значэнне і для войска Хмяльніцкага на Украіне: яны скоўвалі значныя сілы праціўніка, у тым ліку войскі польнага гетмана літоўскага Януша Радзівіла, якія не змаглі ўдарыць з тэрыторыі Беларусі ў тыл украінскаму казацкаму войску; у выніку ў верасні 1648 яно атрымала перамогу над польскім войскам пад Піляўцамі. Гэтая перамога ўцягнула ў барацьбу новыя сілы. Паводле сцвярджэння Радзівіла, яна «падняла дух усёй рускай чэрні не толькі ў каралеўстве, але і ў Вялікім Княстве Літоўскім», а «нават у тых месцах, дзе стаіць войска… сяляне… пачынаюць паўставаць і збірацца ў лясах». У пачатку кастрычніка 1648 некалькі тысяч сялян-паўстанцаў з Давыд-Гарадоцкай воласці выбралі палкоўнікаў і сотнікаў «спосабам казацкім» і напалі на маёнтак князя М. С. Чацвярцінскага: разбурылі панскі двор у Воранаве, забілі ўрадніка К. Дзелячынскага, знішчылі «гранічныя лісты, рэестры, інвентары, падатковыя квітанцыі» і іншыя дакументы. Іншыя групы паўстанцаў спустошылі двор шляхціца Я. Макрыцкага і ўтапілі яго ў рацэ; на Тураўшчыне паўстанцы «починивши межи себе полковников, сотников, писаров, атаманов, есаул…» чынілі «вялікія і незносныя крыўды» сваім панам, разбурылі двор Янкоўскага ў Семагошчах, абралі новых войтаў, пасля чаго каля 400 узброеных сялян накіраваліся ў Тураў, дзе гараджане «былі ім радыя і абяцалі ва ўсім дапамагаць». На чале тураўскіх паўстанцаў стаяў Пракоп Цэўка; з Турава сяляне разам з гараджанамі рабілі налёты на Лахву і Давыд-Гарадок, але хутка пацярпелі паражэнне ў сутычцы са шляхецкім войскам. Палонны селянін з-пад Лахвы Яўхім Бяжэйчык паведамляў, што разам з сялянамі было каля 2 тысяч тураўскіх гараджан.

Падобныя аб’яднаныя атрады дзейнічалі і ў іншых гарадах: у Мазыры мешчанін Іван Сталяр узначальваў атрад з «черни здешних краёв» (каля 400 чалавек); у лістападзе 1648 была створана казацкая харугва з гараджан Ігумена (на чале з ігуменцам Грыбовічам); у Рэчыцы налічвалася каля 3 тысяч паўстанцаў (палова — казакі, палова — сяляне). Новаму ўздыму руху спрыяла пасылка Хмяльніцкім пасля перамогі пад Піляўцамі чарговых казацкіх загонаў; сеўскі ваявода паведамляў пасольскаму прыказу, што «беларусцы… всякие черные люди… стоят против поляков с казаками заодно». У Кобрыне казацка-сялянскія атрады пад кіраўніцтвам Гладкага разбілі полк драгунаў стольніка літоўскага В. А. Гасеўскага; у Мазырскім павеце яны перамаглі войска Валовіча і захапілі Пінск; у пачатку кастрычніка 1648 казакі пад камандаваннем Крывашапкі занялі Чэрыкаў і рабілі наезды на маёнткі Мсціслаўскага ваяводства; у сутычцы з атрадам полацкіх шляхціцаў на чале з князем Лукомскім «крестьяне… людей побили наголову, а самого… ранили».

Контрнаступ войска ВКЛ і карныя аперацыі Такі паварот падзей занепакоіў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай: па загадзе караля Яна II Казіміра фарміраваліся новыя шляхецкія апалчэнні і павялічвалася колькасць наёмнай ваеннай сілы. Войскі сцягваліся на поўдзень і паўднёвы ўсход Беларусі, каб ізаляваць землі ад казацкага пранікнення і задушыць выступленні народных мас. Агульнае кіраўніцтва войскам (восенню 1648 — 12—14 тысяч) было даручана Я. Радзівілу.

Першым горадам, які адчуў удар моцнага войска з артылерыяй, стаў Пінск. Пінчукі пастанавілі абараняць горад «да апошняй магчымасці і біць ляхаў»; прапанову войта Л. Ельскага здаць горад адхілілі. 10 кастрычніка 1648, пасля працяглай абароны, войску Рыгога Мірскага ўдалося захапіць Пінск. Пераможца «мяшчан пабіў больш за 3000 чалавек і жонак іх і дзяцей загадаў пабіць без літасці». Пінск быў зруйнаваны. Шляхецкае войска на чале з князем Друцкім-Горскім авалодала Чэрыкавам, дзе «белорусцев всех посекли». У снежні 1648 года казацка-сялянскія атрады пад кіраўніцтвам І. Гаркушы і С. Падбайлы штурмавалі Стары Быхаў, панёсшы вялікія страты. Паўстанцы дзейнічалі таксама каля Менска і Новагародка. 30 снежня 1648 у Ігумене яны разграмілі буйны атрад войска Кішкі пад камандай харужага вялікага літоўскага Я. Паца.

Кампанія 1649 года Асноўныя баявыя дзеянні па задушэнні паўстання на поўдні Беларусі разгарнуліся ў 1649 годзе. У пачатку студзеня Януш Радзівіл аб’яднаў вялікія сілы і рушыў ад Берасця на Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск, Мазыр і далей, распраўляючыся з удзельнікамі руху жорсткімі мерамі. Карныя дзеянні ўключалі вываз маёмасці, расправу над «мяшчанскімі жыватамі» і апраўданнем тэрору абвінавачваннямі ў «здрадзе» і «адноверстве» з казакамі.

У Тураве па загадзе Радзівіла ўсе жыхары, што засталіся пасля адыходу паўстанцаў, былі перабіты. Пасля ўпартай барацьбы за Мазыр, якая прынесла вялікія страты абодвум бакам, радзівілаўскае войска перамагло; казацкага кіраўніка Міхненку ўзялі ў палон і пакаралі смерцю праз адсячэнне галавы, якую ўваткнулі на замкавай вежы. Пагромам падвергліся Чачэрск, Лоеў і іншыя гарады. У Чачэрску пераможцы, паводле паведамлення, «выбрав 150 человек [казакоў] отсекли правые руки по запястья, а 50… на колья посадили, а достольных… казаков и их жен и детей порубили всех». Многа казакоў загінула падчас абароны Бабруйска; жыхароў горада таксама чакала жорсткая расправа: «…мучил… руки отсек у 800 человек, постинал 150 человек, на паля повзбивал больше 100 человек…». Скарыстаўшы перамір’е паміж Хмяльніцкім і Янам II Казімірам, войскі Радзівіла занялі амаль усю тэрыторыю ўздоўж Прыпяці, Дняпра і Друці, у выніку чаго паўстанцы на Беларусі апынуліся адрэзанымі ад украінскіх казакоў; у раёны выступленняў пасылаліся атрады «городы воевать и белорусцев сечь».

Новы прыход казацкіх атрадаў і працяг вайны (1649—1651) Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, цалкам задушыць узброеную барацьбу Радзівіл не здолеў. Улетку 1649 года на Беларусь зноў прыйшлі казацкія загоны Р. Гаркушы, С. Падбайлы, М. Крычэўскага і іншых, да якіх паўсюдна далучаліся сяляне. У ліпені 1649 года адбылася бітва пад Лоевам. Паводле паказанняў палонных, да Крычэўскага «далучылася некалькі тысяч рознага роду мужыкоў» і «ідзе мноства мужыкоў… хоць яны іх не вярбуюць»; некалькі тысяч «холопов» улілося і ў атрад М. Нябабы. Барацьба працягвалася і каштавала шматлікіх жыццяў; у баях загінулі казацкія атаманы Галота, М. Нябаба, Крычэўскі, Міхненка і іншыя.

Ваенныя дзеянні працягваліся да восені 1651 года. Пасля паражэння Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага мірнага дагавора ў 1651 годзе казацкія атрады былі выведзены з Беларусі на Украіну, што дало магчымасць пануючаму класу Рэчы Паспалітай да восені 1651 года падавіць узброеныя выступленні беларускага сялянства і гарадскіх нізоў і такім чынам спыніць антыфеадальную вайну.

4 жніўня 1651 войска Радзівіла без бою заняло Кіеў. На працягу 1652—1653 гадоў у некаторых месцах Беларусі адбываліся разрозненыя ўзброеныя выступленні, якія шляхта хутка душыла ваеннай сілай.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Войны Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1569—1795) Катэгорыя:Канфлікты 1648 года Катэгорыя:Канфлікты 1649 года Катэгорыя:Канфлікты 1650 года Катэгорыя:Канфлікты 1651 года Катэгорыя:Паўстанне Хмяльніцкага Катэгорыя:Казацтва ў Беларусі