Алег Мікалаевіч Бябенін (14 чэрвеня 1974 г., Кастрама, РСФСР — 3 верасня 2010 г., в. Пярхурава, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — беларускі журналіст, рэдактар сайта «Хартыя’97», які памёр пры нявысветленых абставінах.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і вайсковага пракурора. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Пасля заканчэння ўніверсітэту працаваў у «Белорусской деловой газете», потым — намеснікам галоўнага рэдактара у навастворанай газеце «Имя». У 1998 годзе стварыў сайт «Хартыя'97», якім кіраваў да сваёй смерці.

Цела Алега Бябеніна было знойдзена ў пятлі 3 верасня 2010 году ў яго загарадным доме ў вёсцы Пярхурава. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Алега Бябеніна засталіся жонка і два сыны.

Афіцыйная версія смерці На месца здарэння выехала аператыўна-следчая група Дзяржынскага РАУС і работнікі пракуратуры Дзяржынскага раёну. Пры аглядзе дома яны знайшлі дзве пустыя бутэлькі з-пад спіртнога напою «Беларускі бальзам». Слядоў барацьбы і знешніх пашкоджанняў на трупе не было выяўлена.

Праверку абставін смерці журналіста праводзіла пракуратура Мінскай вобласці. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці адмовіліся, спыніўшыся на версіі самагубства. Смерць выклікала буйны скандал і шырокае абмеркаванне ў СМІhttp://charter97.org/be/news/2010/12/3/34342/.

Эксперты АБСЕ, якіх беларускі бок запрашаў для расследавання, «…на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі… прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасля смерці», — гаварылася ў паведамленні АБСЕ. У той жа час у ім адзначалася, што АБСЕ прасілі забяспечыць «тэхнічную ацэнку, а не поўнае расследаванне гэтай смерці». Эксгумацыі цела не праводзілася.

Альтэрнатыўныя версіі Многія калегі і сябры Бябеніна з версіяй самагубства катэгарычна не пагадзіліся і дагэтуль лічаць, што чакаць аб’ектыўнага расследавання пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі няма сэнсу. «Алег не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту», — нагадвае сайт «Хартыя-97».

Журналісты падкрэсліваюць, што Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 снежня 2010 году — лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, каманда якога пасля выбараў зазнала жорсткі пераслед і пакаранні. Андрэй Саннікаў лічыць, што супраць асноўнай версіі кажа тое, як паводзіў сябе Алег Бябенін напярэдадні: ён быў поўны планаў, нядаўна вярнуўся з адпачынку ў Грэцыі, паводзіў сябе, як звычайна.

Шэраг прадстаўнікоў уплывовых міжнародных арганізацый заклікалі беларускія ўлады правесці «ўсебаковае, у поўным аб’ёме і празрыстае» расследаванне смерці.

Беларуская асацыяцыя журналістаў у сувязі са смерцю Алега Бябеніна накіравала адмысловыя лісты генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Вянок памяці: Алег Бябенін Забойства? Кіраўнік сайта charter97.org знойдзены ў пятлі Эксперты АБСЕ: Бябенін скончыў жыццё самагубствам Смерць Алега Бябеніна — самазабойства пад пытаннем Санников: «Я не верю в самоубийство Олега Бебенина» Бебенин. Хроника последних часов жизни Дэталі, якія супярэчаць афіцыйнай версіі смерці Алега Бябеніна Кто затянул петлю на шее Олега Бебенина?