Хваляванні ў Мінску 9 красавіка 1970 года — несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаннем формаў непадпарадкавання ўладам. Звязаны з забойствам мінскага хіпі Вячаслава Максакава (19.03.1952 — 07.04.1970). Удзел у выступленні бралі прадстаўнікі беларускага музычнага нонканфармізму.
Выступленне адбылося стыхійна на месцы забойства Максакава па вуліцы Энгельса ля кінатэатру «Навіны дня» (цяпер — Малая сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы), за 300 метраў ад ЦК КПБ. Па розных ацэнках, у акцыі ўзяло ўдзел ад 100 да 400 чалавек.
Гісторыя
Перадумовы 7 красавіка 1970 года Вячаслаў Максакаў і ягоны сябар Аляксандр Шарубаў былі спыненыя каля кінатэатру «Навіны дня» крыкамі нейкага хлопца «Хайль Гітлер!». Распачалася бойка, падчас якой незнаёмы выцягнуў з рукава штых і параніў хлопцаў — Максакава смяротна.
Выступы 8 красавіка на месцы забойства нехта зрабіў графіці «Тут 7 красавіка забілі Славу Максакава». 9 красавіка па вяртанні з пахавання Вячаслава Максакава ягоныя сябры сталі выпадковымі сведкамі знішчэння графіці. Абураныя такімі дзеяннямі, сябры забітага спынілі знішчэнне. Каля месца забойства пачалі збірацца людзі. Да кінатэатру пад’ехалі машыны з міліцыяй, усім загадалі разысціся. На гэта ўдзельнікі выступлення сашчапілі рукі ў локцях і сталі ля сцяны. За кароткі час да міліцыі далучыліся байцы Белпалка (унутраныя войскі), якія ачапілі вуліцу і паспрабавалі разарваць жывы ланцуг — між хіпі і ахоўнікамі парадку пачалася бойка. У выніку сутыкнення была затрыманая пэўная колькасць хіпі. Пазней затрыманых і магчымых удзельнікаў выступлення выключылі з навучальных устаноў.
Вынікі Пасля красавіцкага выступлення ўлады ўзмацнілі прэсінг на музычную контркультуру Мінска: міліцыя і гэтак званыя добраахвотныя дружыннікі рабілі аблавы на хіпі, супраць хіпі заводзілі адміністрацыйныя справы, як «ненадзейных», удзельнікаў хіпі-руху выключалі са школ, вышэйшых навучальных устаноў. Падзеі 9 красавіка 1970 года, на думку музыкаў і журналістаў, справакавалі негатыўную рэакцыю ўладаў на правядзенне II-га фэсту біт-ансамбляў у Мінску.
Крыніцы
Літаратура
Хваляваньні ў Менску 09.04.1970 // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1.
Катэгорыя:1970 год у Мінску Катэгорыя:Падзеі 9 красавіка Катэгорыя:Красавік 1970 года