«Пекалінскі» — біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Быў створаны ў 2000 годзе. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл.

Рэльеф дробнаўзгорысты, па паўночнай мяжы працякае р. Уша (прыток Бярэзіны).

Ахоўная тэрыторыя плошчай больш за 2 тыс. га на 95 % пакрыта хваёвымі, яловымі і бярозавымі лясамі. У падлеску растуць арляк, кісліца, папараць. У флоры зарэгістраваны 583 віды сасудзістых раслін, з якіх купальнік горны, баранец звычайны, гарлянка пірамідальная, лілея кучаравістая занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена таксама адзінае ў краіне месца росту рэліктавага дэкаратыўнага і лекавага віду — ятрышніку абпаленага.

Фаўна наземных пазваночных налічвае больш за 100 відаў. Тут водзяцца казулі, дзікі, ласі, выдры, тхары, бабры, сустракаецца рэдкая для Беларусі птушка — сокал-кабец. Асаблівасцю з’яўляецца значная відавая разнастайнасць чмялёў. Сярод ахоўных відаў насякомых — жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая.

Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для наведвальнікаў пракладзена экалагічная сцежка, распрацаваны пешыя і веласіпедныя маршруты.

Спасылкі Беларусь у асобах і падзеях

Катэгорыя:Біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:Геаграфія Смалявіцкага раёна