«Евангелле» — выданне Новага Запавету, перакладзенае на старабеларускую мову асветнікам і гуманістам Васілём Цяпінскім. Выдадзена ў 1570-я гады, з’яўляецца выдатным помнікам беларускага кнігадрукавання.

Гісторыя стварэння

Гістарычны кантэкст У 1560—1570-я гады ў Вялікім Княстве Літоўскім склалася складаная сітуацыя. Працягвалася Лівонская вайна, няпростымі былі адносіны паміж Польшчай і ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая закранула дзяржаўныя інтарэсы ВКЛ, былі страчаны Валынь, Кіеўскае ваяводства, Падляшша, інкарпараваныя ў склад Кароны. Умацоўваліся пазіцыі каталіцкай царквы, актывізаваўся ордэн езуітаў. У асяроддзі магнатаў і шляхты пашыралася паланізацыя, старабеларуская мова выцяснялася польскай і лацінскай, адбывалася рэлігійная канверсія ў каталіцтва, праваслаўная царква перажывала крызіс. Гэта вяло да культурнага і духоўнага размежавання пануючых слаёў і простага народа, які ўспрымаў польскі ўплыў як чужы. Асветнікі-рэфарматары выступалі за рэфармаванне школы, развіццё старабеларускай і царкоўнаславянскай моў і мірнае сужыццё народаў.

Гэтыя працэсы ўсведамлялі Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і іх паплечнікі. Лічыцца, што ў 1562 годзе Цяпінскі надрукаваў у Нясвіжы творы Буднага «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Аднак менавіта ў творчасці Цяпінскага асветніцкія ідэі знайшлі найбольш моцнае ўвасабленне.

Выданне У 1570-я гады Васіль Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (верагодна, у маёнтку Цяпіна), маючы намер выдаваць кнігі на старабеларускай мове. Ён валодаў добрай бібліятэкай, неабходнай для перакладчыцкай дзейнасці. Цяпінскі распачаў складаную працу па перакладзе Евангелля, вырашыўшы надрукаваць яго на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай.

На сёння вядома толькі адно выданне Евангелля Цяпінскага, якое выйшла каля 1570 года. Яно змяшчае Евангеллі ад Матфея, Марка і пачатак Евангелля ад Лукі. Гэтыя часткі захаваліся ў выглядзе 62 друкаваных аркушаў, уплеценых у рукапісны зборнік, выяўлены ў XIX стагоддзі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу).

У Супрасльскім зборніку XVI ст. перад прадмовай да Евангелля Цяпінскага змешчаны «Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе», які, магчыма, таксама быў падрыхтаваны Цяпінскім.

Апісанне і змест Выданне ўяўляе сабой дыглоту (двухмоўны тэкст): тэкст надрукаваны ў два слупкі — на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. Фармат выдання — ін-фоліа. Кніга ўпрыгожана наборным арнаментам і змяшчае шматлікія спасылкі на літаратурныя крыніцы.

У выданні змешчана 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачаць на палях незразумелыя або малазразумелыя словы.

Прадмова Выданне адкрываецца рукапіснай прадмовай Васіля Цяпінскага на 6 аркушах. Яна вылучаецца публіцыстычнай страснасцю і вастрынёй. Аўтар высока ацэньвае свой «зацный, славный, острий, довстипный» народ, да якога адносіць і сябе, і выказвае занепакоенасць заняпадам нацыянальнай культуры і асветы. Ён асуджае свецкую і царкоўную знаць за абыякавасць да будучыні Айчыны, крытыкуе афіцыйную палітыку паланізацыі і акаталічвання, а таксама мясцовых феадалаў, якія адракаюцца ад сваёй мовы і традыцый.

Цяпінскі заклікае паноў і духавенства адкрываць школы, дзе навучанне вялося б на русінскай мове, і ўздымаць навуку. Ён лічыў, што чытанне Евангелля на роднай мове дапаможа лепш разумець рэлігію («сумы закону божиего»). Асветніцкая праграма Цяпінскага была скіравана на ўздым нацыянальнай самасвядомасці, развіццё пісьменства і кнігадрукавання.

Крыніцы і мова перакладу Арыгіналам для перакладу паслужылі царкоўнаславянскі тэкст (абапіраўся на пераклады Кірыла і Мяфодзія), а таксама шэраг польскіх пратэстанцкіх перакладаў, у першую чаргу Нясвіжская Біблія (1572), выдадзеная Сымонам Будным.

Мова перакладу характарызуецца вялікай колькасцю запазычанняў, пераважна паланізмаў (у тым ліку германізмаў і багемізмаў). Таксама прысутнічаюць царкоўнаславянізмы, грэцызмы, семітызмы і лацінізмы. Цяпінскі імкнуўся спалучыць усходнюю (візантыйскую) і заходнюю (лацінскую) традыцыі, актыўна ўводзячы лексіку з польскай мовы для лепшага разумення тэксту чытачом.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Евангеллі паводле Матфея і Марка ў перакладзе Васіля Цяпінскага анлайн

Катэгорыя:Кнігі XVI стагоддзя Катэгорыя:Старадрукі Катэгорыя:Васіль Цяпінскі Катэгорыя:Пераклады Бібліі Катэгорыя:Евангеллі