Дзяржаўны пераварот у Беларусі, палітолагамі часта характарызуецца як канстытуцыйны крызіс, а рэжымам Лукашэнкі і яго саюзнікамі як канстытуцыйная рэформа — ключавая падзея ў найноўшай гісторыі Беларусі, вострае супрацьстаянне выканаўчай улады ў асобе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і заканадаўчай улады ў асобе Вярхоўнага Савета XIII склікання , якое прывяло да радыкальнай змены канстытуцыйнага ладу, сістэмы дзяржаўнага кіравання ў краіне і ўсталяванню аўтарытарнага рэжыму.
Як канстытуцыйны пераварот (constitutional coup) падзеі характарызаваў кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ Ханс-Георг Вік, як дзяржаўны пераварот (cold coup d’état) іх ахарактыразаваў Хайнц Тымерман, паказваючы на фактычную ліквідацыю падзелу ўладаў. Аналагічна падзеі характарызуюць польскі палітолаг і беларускія эксперты Валер Карбалевіч і Уладзімір Мацкевіч. Старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць незаконных змен Канстытуцыі і назваў дзеянні Лукашэнкі «прававым вандалізмам». Паводле высноў экспертаў Венецыянскай камісіі змены вялі да стварэння сістэмы, якая не адпавядае прынцыпу падзелу ўладаў і пазбаўляе парламент ролі процівагі .
Прадгісторыя Вытокамі супрацьстаяння былі асабістыя амбіцыі Лукашэнкі і яго жаданне сканцэнтраваць у сваіх руках усе ўладныя паўнамоцтвы. Эксперты характарызуюць Лукашэнку як чалавека, для якога ўлада — адзіны спосаб існавання, адзначаючы яго паталагічную прагу да панавання і імкненне да пазбаўлення любога кантролю з боку грамадства або іншых дзяржаўных інстытутаў (галін улады). Канстытуцыя ў рэдакцыі 1994 года не вызначала эфектыўнай сістэмы стрымак і проціваг, што давала магчымасць Лукашэнку выкарыстоўваць «прававыя тупікі», ігнараваць рашэнні Канстытуцыйнага суда, а таксама выдаваць указы, якім ён сам вызначаў статус закона, каб абысці існыя заканадаўчыя нормы і ўмацаваць сваю аднаасобную ўладу.
Ад пачатку прэзідэнцтва Лукашэнка імкнуўся да максімізацыі выканаўчай і мінімізацыі ўплыву заканадаўчай і судовай улады. Да сярэдзіны 1996 года ён ужо трымаў рэальны кантроль над сілавымі структурамі, тэлебачаннем і дзяржаўнымі СМІ, а таксама мясцовай адміністрацыяй праз створаную «прэзідэнцкую вертыкаль». Аднак Канстытуцыя 1994 года і Вярхоўны Савет XIII склікання заставаліся законнымі перашкодамі яго аднаасобнай уладзе.
Да 1996 года Вярхоўны Савет яшчэ 12-га склікання падаў у Канстытуцыйны суд каля дваццаці запытаў пра законнасць указаў Лукашэнкі, з якіх 11 былі прызнаныя неканстытуцыйнымі. У 1996 годзе, пасля спробы Сямёна Шарэцкага залагодзіць канфлікт добраахвотным адкліканнем усіх ранейшых запытаў у КС, Вярхоўны Савет 13-га склікання быў вымушаны вярнуцца да практыкі запытаў у КС з прычыны далейшага ігнаравання прэзідэнтам прававых нормаў.
Спроба дэпутатаў фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» пачаць чарговае расследаванне дзейнасці Упраўлення справамі презідэнта (у прыватнасці фірмы «Торгэкспо») у сакавіку 1996 года і выкрыць «ценевы бюджэт» Лукашэнкі выклікала ў яго рэзкае раздражненне. У сакавіку 1996 года ў дэпутацкіх колах ужо абмяркоўвалі магчымасць імпічменту. Эксперты адзначаюць боязь Лукашэнкі перад выкрыццём яго карупцыйных схем і адхіленнем ад улады, што ён разглядаў не толькі як прыцягненне да законнай адказнасці, але як і фізічную пагрозу сабе — «мяне пасадзяць на палю».
Паводле экспертаў, Лукашэнка дзейнічаў на апярэджанне і ініцыяваў рэферэндум, каб легітымізаваць фактычна ўжо ўсталяваную ім дыктатуру і выключыць магчымасць адхілення сябе ад улады на законных падставах у будучым.
Ход падзей Адкрытая фаза супрацьстаяння пачалася ў ліпені 1996 года, калі Лукашэнка запатрабаваў ад Вярхоўнага Савета падаўжэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў, а таксама стварэння другой палаты парламента, членаў якой ён мог бы прызначаць сам.
Лукашэнка публічна заяўляў, што дзейная Канстытуцыя недасканалая, бо прынята парламентам кулуарна, без абмеркавання з народам, сцвярджаў, што ў сістэме дзяржаўнага ладу няма балансу ўладаў, а прэзідэнт абмежаваны ў дзеяннях «законатворчым свербам» дэпутатаў. Лукашэнка сцвярджаў, што краіне патрэбны «дырыжор» або «галава сям’і» з практычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі.
Пасля афіцыйнага візіту ў Парыж у ліпені 1996 года Лукашэнка пачаў актыўна апеляваць да досведу Францыі, сцвярджаючы, што мае намер рэфармаваць беларускую Канстытуцыю на французскі ўзор. Асабліва ён падкрэсліваў, што ў Францыі прэзідэнт у той час абіраўся менавіта на сем гадоў — гэты аргумент выкарыстоўваўся ім і для легітымізацыі свайго імкнення да падаўжэння паўнамоцтваў у вачах міжнароднай супольнасці.
Рытарычна пашырэнне прэзідэнцкай улады абгрутоўвалася патрэбай жорсткіх мер для вываду краіны з крызісу і «разгрому мафіёзных кланаў». Праз падкантрольныя СМІ Лукашэнка пераконваў, што Вярхоўны Савет перашкаджае яго барацьбе са злачыннасцю і перашкаджае «запусціць заводы», заяўляў, што толькі моцная прэзідэнцкая ўлада можа гарантаваць стабільнасць і абараніць народ ад «палітычных авантурыстаў», абгрунтоўваў патрабаванні тым, што Вярхоўны Савет знаходзіцца ў стане паралічу і калектыўнай безадказнасці.
Вярхоўны Савет адмовіўся задаволіць патрабаванні Лукашэнкі пра падаўжэнне тэрміну паўнамоцтваў без рэферэндуму, Лукашэнка выкарыстаў адмову як нагоду для ініцыявання плебісцыту.
7 жніўня 1996 года Лукашэнка афіцыйна ўнёс прапанову пра правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму, галоўным пытаннем якога была новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая фактычна надзяляла прэзідэнта неабмежаванымі паўнамоцтвамі — правам прызначаць суддзяў, кіраўніка Цэнтрвыбаркама і пракуратуры, а таксама выдаваць указы са статусам законаў. Парламент адказаў сустрэчнымі прапановамі, уключаючы праект Канстытуцыі, які скасоўваў пасаду прэзідэнта, і пытанне пра выбарнасць мясцовай улады.
У верасні 1996 года ВС прызначыў Віктара Ганчара старшынём Цэнтрвыбаркаму, што было выклікам Лукашэнку, бо Ганчар быў яго непрымірымым крытыкам. У адказ прэзідэнт выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс і правёў 19-20 кастрычніка 1996 года Усебеларускі народны сход (УНС), які ўхваліў яго ініцыятывы.
Усебеларускі народны сход не меў канстытуцыйнага статусу або законных паўнамоцтваў для прыняцця падобных рашэнняў — эксперты характарызавалі яго як спробу стварыць «віртуальную грамадзянскую супольнасць» з лаяльных структур. Гэты форум быў сфарміраваны выключна па ініцыятыве Лукашэнкі з адабраных удзельнікаў — прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, загадзя падрыхтаваных да аднагалоснага ўхвалення курса прэзідэнта. Некаторыя прыхільнікі Лукашэнкі прапаноўвалі надзяліць УНС паўнамоцтвамі зацвердзіць новую Канстытуцыю напрамую, па аналогіі з канстытуцыйным канвентам. Аднак Лукашэнка адмовіўся ад гэтай ідэі, бо лічыў, што толькі рэспубліканскі рэферэндум дасць зменам неабходную легітымнасць і дазволіць апеляваць да «голаса народа». Роля УНС была чыста палітычнай і прапагандысцкай, яна мусіла прадэманстраваць масавую падтрымку прэзідэнцкага курса. Форум прайшоў па загадзя зададзеным сцэнарыі, без удзелу апазіцыі і альтэрнатыўных меркаванняў, і прыняў чаканае рашэнне пра падтрымку рэферэндуму.
Сваю арбітражную функцыю спрабаваў здзейсніць Канстытуцыйны суд пад кіраўніцтвам Валерыя Ціхіні, абвясціўшы 4 лістапада 1996 года, што рэферэндум па пытаннях змены Канстытуцыі можа мець толькі кансультацыйны, а не абавязковы характар. У адказ Лукашэнка выдаў указы (у прыватнасці, ад 5 і 7 лістапада), якімі фактычна адмяніў рашэнне Канстытуцыйнага суда і пастановы парламента, абвясціўшы, што вынікі рэферэндуму будуць канчатковымі і абавязковымі. Гэтыя дзеянні Валер Ціхіня назваў «прававым вандалізмам».
Найбольш актыўная фаза супрацьстаяння прыпала на верасень-лістапад 1996 года, калі Вярхоўны Савет 13-га склікання пачаў новы раўнд расследаванняў дзейнасці прэзідэнцкіх структур (пасля рэзананснага дакладу Антончыка ў 1994 годзе з наступнымі «белымі плямамі» ў прэсе і спробаў фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» ў сакавіку 1996 года), што было даручана Кантрольнай палаце на чале з Васілём Саковічам. Расследаванне сутыкнулася з жорсткім сабатажам: прэзідэнцкія структуры адмовіліся падаваць дакументы, са спасылкай на асабістае распараджэнне Лукашэнкі. Да гэтага часу пазабюджэтныя фонды Упраўлення справамі прэзідэнта (УДП), якія папаўняліся за кошт маштабных падатковых і мытных ільгот (напрыклад, праз сакрэтнае распараджэнне № 230 ад лістапада 1995 года), сталі супастаўныя з дзяржаўным бюджэтам краіны.
Для забеспячэння патрэбнага выніку рэферэндуму Лукашэнку трэба быў поўны кантроль над падлікам галасоў. 14 лістапада 1996 года сваім указам (у парушэнне Канстытуцыі, бо кіраўніка ЦВК меў права прызначаць і звальняць толькі парламент) Лукашэнка адхіліў ад пасады Віктара Ганчара, які заяўляў пра шматлікія парушэнні і адмаўляўся прызнаваць легітымнасць рэферэндуму. Служба аховы прэзідэнта здзейсніла ўзброены захоп будынка ЦВК і фізічна выправадзіла Ганчара з кабінета. Новай выканаўцай абавязкаў кіраўніка ЦВК прэзідэнт прызначыў Лідзію Ярмошыну.
У адказ на гэтыя дзеянні выканаўчай улады дэпутаты распачалі працэдуру імпічменту. 19 лістапада 1996 года Вярхоўны Савет афіцыйна ініцыяваў працэс — у Канстытуцыйны суд быў перададзены зварот з подпісамі 73 дэпутатаў (пры неабходных 70), і ў той жа дзень Суд пачаў справу аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі.
19 лістапада 1996 года група лаяльных дэпутатаў была запрошана да Аляксандра Лукашэнкі, у выніку 62 дэпутаты падпісалі заяву аб падтрымцы прэзідэнта і адмове ўдзельнічаць у працы парламента. Гэта былі дэпутаты фракцыі «Згода» («Согласие»), якую ўзначальваў Уладзімір Канаплёў — яе называюць галоўнай сілай, што праводзіла «разбуральную работу» ў парламенце па камандзе прэзідэнцкай адміністрацыі. 20 лістапада гэтыя дэпутаты не з’явіліся на пасяджэнне ў Авальную залу. Разам з іншымі адсутнымі колькасць дэпутатаў, якія не прыйшлі, дасягнула 90 чалавек, што пакінула парламент без кворуму (2/3 складу), неабходнага для прыняцця правамоцных рашэнняў. Эксперты ацэньваюць гэта як наўмысны сабатаж працы Вярхоўнага Савета, арганізаваны прапрэзідэнцкімі дэпутатамі. Менавіта ў гэты дзень дэпутатам мусілі афіцыйна абвясціць, што Канстытуцыйны суд пачаў справу аб парушэнні прэзідэнтам Канстытуцыі (працэдуру імпічменту). Сабатаж паралізаваў Вярхоўны Савет у крытычны момант супрацьстаяння. Прыём зрыву кворуму быў не новы: выканаўчая ўлада ўжо выкарыстоўвала яго ў верасні 1995 года, каб заблакаваць працу Вярхоўнага Савета 12-га склікання.
Судовыя слуханні па справе імпічменту былі прызначаны на 22 лістапада, аднак яны былі фактычна сарваны ўмяшаннем высокапастаўленых расійскіх пасрэднікаў, якія прыбылі ў Мінск для навязання пагаднення. У ноч з 21 на 22 лістапада ў Мінск прыбыла высокапастаўленая расійская дэлегацыя — Віктар Чарнамырдзін, Ягор Строеў, Генадзь Селязнёў. Пры іх пасрэдніцтве і пад гарантыі Расіі было падпісана пагадненне — парламент адклікае імпічмент, а прэзідэнт прызнае рэферэндум кансультацыйным.
22 лістапада, пасля начных перамоў з расійскімі пасрэднікамі, дэпутаты былі ў разгубленасці. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савету (Сямён Шарэцкі, Сяргей Калякін) рыхтавала дадатковую пастанову, каб юрыдычна замацаваць выкананне Лукашэнкам яго абавязкаў паводле пагаднення (прызнанне рэферэндуму кансультацыйным), бо не давярала яму на слова.
Кіраўнік фракцыі «Згода» Уладзімір Канаплёў бегаў па залі з мабільным тэлефонам, атрымліваючы інструкцыі наўпрост ад Лукашэнкі або яго адміністрацыі. У вырашальны момант Канаплёў падняў тэлефон над галавой і даў каманду сваім дэпутатам не рэгістравацца на галасаванне і не галасаваць, каб сарваць кворум (для ратыфікацыі патрабавалася мінімум 100 галасоў). Тым часам як Лукашэнка, які асабіста прыбыў у Авальную залю, з трыбуны ўгаворваў дэпутатаў ратыфікаваць пагадненне без аніякіх дадатковых дакументаў і ўмоў.