Хаціслаўская выдма — выдма ў Беларусі, геалагічны помнік прыроды мясцовага значэнняРешение Малоритского районного исполнительного комитета от 31 декабря 2021 г. № 1670 О памятниках природы местного значения. Знаходзіцца за 2,9 км на паўднёвы ўсход ад аграгарадка Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Плошча 229,9 га.
Града вылучаецца сваёй формай, якая набліжаецца да правільнай дугі, крыху выпуклай на поўдзень. У рэльефе яна ўяўляе сабой вузкі (50-150 м) пясчаны насып са стромкімі схіламі, падобнымі чыгуначным, даўжынёй 6,2 км. Абсалютныя адзнакі грэбеня пясчанай грады — 162-168 м над узроўнем мора. Над наваколлем яна ўзнімаецца на 5-8 м, месцамі да 11 м. Спецыфічнай рысай грады з’яўляецца яе выцягнутасць упоперак напрамку ружы вятроў, наяўнасць бесперапыннага выгнутага і вузкага грэбеня, а таксама асіметрычны папярочны профіль са стромкімі і больш пакатымі схіламі.
Выдма цалкам складзена з перавеянага азёрна-алювіяльнага пяску светла-жоўтага дробна- і розназярністага. У гэтым пяску захаваліся тэкстуры эолавага паходжання: касая слаістасць з падзеннем на поўдзень. Геалагічная структура і марфалогія Хаціслаўскай выдмы сведчаць пра тое, што яна ўтварылася прыблізна 10-14 тысяч гадоў таму.
У наш час выдма пакрыта хвойным лесам.
Літаратура Справаздача навукова-даследчай працы Распрацоўка навукова-абгрунтаванных комплексных схем ахоўных прыродных тэрыторый Беларусi (геалагiчныя i геамарфалагiчныя аб’екты). Маларыцкi раён Брэсцкай вобласцi. — Мiнск: Iнстытут геалагiчных навук Акадэмii навук Беларусi, 1996. — 55 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды мясцовага значэння Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Хаціслаў Катэгорыя:Геалогія Маларыцкага раёна Катэгорыя:Славутасці Маларыцкага раёна