Асмагла́ссе (ад  — «восем» і  — «голас») — сістэма знаменнага распеву ў старажытна-праваслаўным пеўчым мастацтве. Складалася з васьмі самастойных частак — гласаў — якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, заснаваную на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.

Структура Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля чаго іх змянялі песнапенні наступнага па парадку гласа. Васьмітыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў так званы стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў XV стагоддзі.

Сістэме асмагласся былі падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і іншыя распевы, у тым ліку мясцовыя на Беларусі: супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і іншыя.

Музычная арганізацыя Унутраная музычная арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове двух прынцыпаў: ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў); ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак, якія фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі).

З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, і гласы згубілі частку сваёй ладава-меладычнай характэрнасці. Асноўнымі рысамі асмагласся з'яўляюцца дыятанізм, меладычная аснова з ладаў-інтанацый і ладаў-папевак, а таксама ўнутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку, або Актоіху». Найбольш вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Праваслаўная музыка Катэгорыя:Тэорыя музыкі Катэгорыя:Літургіка