«Белаграпраект» (поўная назва — Беларускі дзяржаўны праектны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу) — былы праектны інстытут у Мінску. Існаваў у 1976—1994 гадах, займаўся праектаваннем аб’ектаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу. Размяшчаўся па адрасе вуліца Мяснікова, 32.

Гісторыя Інстытут быў утвораны пад назвай Беларускі дзяржаўны праектна-тэхналагічны інстытут сельскай гаспадаркі БССР («Белдзіпрасельгас») на падставе пастановы Савета Міністраў БССР ад 25 лістапада 1975 года № 321 і загада Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ад 4 лютага 1976 года № 60. Пачаў дзейнасць у 1976 годзе ў Мінску. З 15 снежня 1976 года ўстанова мела статус дзяржаўнага праектнага інстытута.

Першапачаткова арганізацыя падпарадкоўвалася Міністэрству сельскай гаспадаркі БССР, а з 22 лістапада 1985 года перайшла ў падпарадкаванне Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэта БССР (Дзяржаграпрам БССР). 14 ліпеня 1986 года інстытут быў перайменаваны ў Беларускі праектны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу «Белаграпраект».

29 чэрвеня 1994 года дзейнасць арганізацыі была спынена ў выніку рэарганізацыі. На базе трох аб’яднаных праектных інстытутаў — «Белдзіпрахарчпрам», «Белаграпраект» і «Белдзіпрамясамалпрам» — было ўтворана адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут Белдзіпрааграхарчпрам» у сістэме Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць Інстытут займаўся распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі для будаўніцтва, рэканструкцыі і тэхнічнага пераўзбраення аб’ектаў аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, спецыялісты «Белаграпраекта» распрацоўвалі комплексы па пасляўборачнай апрацоўцы і захоўванні насення культур (напрыклад, для калгаса «Авангард» Магілёўскага раёна і эксперыментальнай базы «Вольна-Чэрніхава» Баранавіцкага раёна), праектавалі кантрольна-выпрабавальныя станцыі (магутнасцю 60 тысяч курэй-нясушак і 100 тысяч качанят у год), чатырохкамерныя хмелесушылкі прадукцыйнасцю 6 тон у суткі і іншыя сельскагаспадарчыя збудаванні.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Кампаніі, скасаваныя ў 1994 годзе Катэгорыя:Кампаніі, заснаваныя ў 1976 годзе Катэгорыя:Праектныя арганізацыі Мінска Катэгорыя:Сельская гаспадарка Беларусі