Ві́цебская экано́мія — дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у Вялікім Княстве Літоўскім у XVII—XVIII стагоддзях, на тэрыторыі Віцебскага ваяводства.
Упамінаецца з пачатку XVII стагоддзя як эканомія, якая здавалася ў службовы лен, гэта значыць уладанне, падараванае васалу за вайсковую або адміністрацыйную службу.
Кіраўнікі Кіравалі ваяводы: Я. Завіша (1600); Я. Ракоўскі (1614); Я. Касцевіч (1621); С. Кішка (1633); Сымон Самуэль Сангушка (1638); Крыштаф Кішка (1641); Павел Ян Сапега (1655); Уладзіслаў Валовіч (1657); С. Валовіч (1663); Уладзіслаў Валовіч (1669); Ян Антоні Храпавіцкі (1683); Леанард Габрыэль Пацей (1695); Андрэй Казімір Крышпін-Кіршэнштэйн (1697); Казімір Аляксандр Пацей (1712, 1730); Марцыян Міхал Агінскі (1731); Юзаф Антоні Салагуб (1753—1772), які здаваў частку эканоміі ў пацэсію (арэнду).
Склад і гаспадарка Паводле інвентароў 1657 і 1667 гадоў эканомія складалася з 5 валасцей (Буева, Лемніцы, Лукішкі, Любашкава, Ужварцы), у якіх налічваліся 54 сялянскія дымы і 28 службаў з трыма пустымі фальваркамі. З сярэдзіны XVII стагоддзя фальварак існаваў толькі ў воласці Лукішкі. Сяляне плацілі грашовы аброк.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя шмат лясоў і сенажацей эканоміі было захоплена суседнімі феадаламі. У 1756 годзе эканомія падзялялася на Буеўскае, Віцебскае, Латыгальскае, Лемніцкае, Любашкаўскае, Узварыцкае войтаўствы і воласць Лукішкі; у іх налічвалася 65 вёсак, 336 гаспадарак і 70 службаў.
Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Віцебская эканомія была ўзята ў казну і лічылася дзяржаўнай маёмасцю; службы перайменавалі ў вёскі (2803 чалавекі абодвух полаў).
У 1785 годзе плошча эканоміі складала 17 053 дзесяціны. З 1773 года яна ўваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі паветы.
У канцы XVIII стагоддзя большая частка эканоміі была падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць барону І. Ф. Ашу (Узварыцкае войтаўства), П. І. Бабарыкіну (частка Лемніцкай воласці), А. А. Дэбальмен (фальварак Лукішкі і Буеўскае войтаўства).
Крыніцы
Літаратура
Сапунов А. П. Витебская старина. Витебск, 1883. Т. 1. С. 353, 373—380, 431. Историко-юридические материалы... Витебск, 1888. Вып. 18. С. 172; 1897. Вып. 21. С. 347; 1894. Вып. 24. С. 127. Похилевич Д. Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957. С. 150. Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975. С. 19, 47.
Спасылкі
Катэгорыя:Эканоміі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Каралеўшчыны Катэгорыя:Віцебскае ваяводства