Дом Чэрчыса — пабудаваны ў неакласічным стылі Абрамам Чэрысам ў 1895 г. як дом для вясельных і бальных вечароў. У 1920-1930-х гг. выкарыстоўваўся як кінатэатр «Рэкорд».

Будынак захаваўся пад сучасным № 17 па вуліцы Ракаўскай. На сёння ў ім размяшчаюцца выставачныя залы Музея гісторыі горада Мінска, аддзел культуры Мінскага гарвыканкама. Частка памяшканняў выкарыстоўваецца пад грамадскія і камерцыйныя функцыі

Будынак уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь — .

Гісторыя

Участак на Ракаўскай вуліцы ў другой палове XIX стагоддзя належаў прыватным уладальнікам. У 1890-я гады яго набыў мінскі купец Абрам Берковіч Чэрчес. У 1895 годзе тут быў узведзены асобны мураваны будынак з вялікай танцавальнай залай, прызначаны для правядзення вясельных і святочных мерапрыемстваў. У 1901 годзе да будынка з боку двара быў прыбудаваны кухонны блок, у 1914 годзе над часткай аб’ёму надбудаваны другі паверх.

Пасля 1917 года будынак быў нацыяналізаваны і ў 1920-я гады перапрафіляваны пад кінатэатр «Рэкорд». У сувязі з гэтым былі зменены ўнутраныя прасторы, з’явілася сцэна і дапаможныя памяшканні.

Да канца 1930-х гадоў сфарміраваўся аб’ём, блізкі да сучаснага. У пасляваенны перыяд будынак выкарыстоўваўся па культурна-грамадскім прызначэнні.

Рэканструкцыя

У 1990-я гады былі праведзены навуковыя даследаванні і частковая рэстаўрацыя фасадаў. Да гэтага часу будынак ужо працяглы час не эксплуатаваўся і знаходзіўся ў аварыйным стане, адсутнічаў дах. Падчас работ былі адноўленыя габарыты праёмаў, элементы дэкаратыўнага афармлення галоўнага фасада, надбудаваны мансардны паверх, замененыя перакрыцці і частка унутраных сцен. Да 1997 года работы на фасадах будынка былі завершаныя. Але будынак не быў уведзены ў эксплуатацыю. У 2003—2004 гадах распрацоўваўся праект прыстасавання будынка пад «Дом кнігі», аднак ён не быў рэалізаваны.

У 2019—2022 гадах будынак прайшоў комплексную рэканструкцыю і рэстаўрацыю з адаптацыяй пад музейныя функцыі: былі выпраўленыя памылкі адноўленых раней дэкаратыўных элементаў, выяўлены і размежаваныя гістарычны аб’ём і пазнейшыя надбудовы, адноўлены сталярныя вырабы і каваныя элементы фасадаў. Падчас рэстаўрацыйных прац былі выяўлены некалькі слаёў гістарычных роспісаў у інтэр’ерах першага і другога паверхаў. Роспісы былі захаванавыя і экспануюцца ў інтэр’ерах будынка. Праект рэканструкцыі распрацаваны Інстытутам Мінскграмадзянпраект, рэстаўрацынйыя рашэнні — Навукова-праектны цэнтр «Рэстабіліс», работы па даследаванні роспісаў — Творчая майстэрня «Басталія», навуковы кіраўнік Раман Забела.

Архітэктура

Дом быў запраектаваны каменны аднапавярховы, над дваравой часткай двухпавярховы, са склепам з тыльнага боку дома, накрыты вальмавым дахам. Галоўным фасадам будынак выходзіў на вул. Ракаўскую, тарцовым (заходнім) прымыкаў да жылога дома А. Чэрчэса. Гістарычна будынак меў сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У цэнтры знаходзілася прамавугольная ў плане танцавальная зала, з двух бакоў да якой прымыкалі дапаможныя памяшканні. Фасады вырашаныя ў неакласічным стылі. Цэнтральная частка галоўнага фасада выступала шырокім рызалітам, членаваны высокімі арачнымі вокнамі і пілястрамі з іянічнымі капітэлямі. Рызаліт вянчаў ступеністы атык, дэкараваны вазамі і аддзелены ад сцяны карнізам складанага профілю з сухарыкамі. Атык быў упрыгожаны ляпным дэкорам і вазамі. Аконныя і дзвярныя праёмы абапал рызаліта былі запраектаваны прастакутныя. Паверхня сцен апрацоўвалася рустам. Над уваходамі меліся двухсхільныя брылі. .

Першапачаткова інтэр’ер галоўнай залы меў дэкаратыўныя карнізы, пілястры і печы, што адпавядала функцыі бальнай залы. Пасля савецкіх перабудоў дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ераў было страчанае. Падчас рэстаўрацыі 2019—2021 гадоў частка гістарычных роспісаў у інтэр’ерах першага і другога паверхаў была раскрыта і закансервавана.

Сучаснае выкарыстанне

Пасля рэканструкцыі ў будынку размяшчаюцца выставачныя залы Музея гісторыі горада Мінска, аддзел культуры Мінскага гарвыканкама. Частка памяшканняў выкарыстоўваецца пад грамадскія і камерцыйныя функцыі (кавярня).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Ракаўская вуліца (Мінск) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі класіцызм