Palunisa, сапраўднае імя Вольга Вячаславаўна Бабурына, на нараджэнні Зяноўка () — беларуская мастачка. (2017). Знаўца і папулярызатарка беларускай выцінанкі.
Біяграфія
Нарадзілася ў 1974 годзе ў Маладзечне. Дзяцінствам жыла ў Маргах Мядзельскага раёна. Выразаннем з паперы зацікавалася ў маленстве, калі маці выразала папяровыя сняжынкі. Падчас навучання ў мастацкай школе даведалася, што гэтая тэхніка завецца выцінанкай.
Скончыла Мірскае рэстаўрацыйна-мастацкае вучылішча па спецыяльнасці рэстаўратар, пазней мастацкае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (2004) , атрымала кваліфікацыю выкладчыка выяўленчага мастацтва, чарчэння і сусветнай мастацкай культуры .
На пачатку кар’еры працавала дэкаратарам у Маладзечанскім тэатры. Прафесійнае станаўленне звязана з Маладзечанскай школай выцінанкі , яе настаўнікамі былі Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава і Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі. У 1997 годзе прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
На бачанне выцінанкі падчас вучобы ў Гродзенскім універсітэце паўплываў выкладчык Аляксандр Ларыёнаў. На пачатку 2000-х гадоў, праз вывучэнне сусветных тэхнік выразання ў інтэрнэце, мастачка ўсвядоміла унікальнасць беларускай традыцыі і выцінанка стала справай яе жыцця.
У 2004—2017 гадах была выканаўчай дырэктаркай Беларускага саюза майстроў народнай творчасці . Пазней узначальвала секцыю выцінанкі ў гэтай арганізацыі .
У 2021 годзе адкрыла прыватны сядзібу-музей выцінанкі «Palunisa» ў Лоску Валожынскага раёна .
У 2022 годзе пераехала ў Злучаныя Штаты Амерыкі . Жыве ў Роквіле, штат Мэрыленд . Працягвае творчую і адукацыйную дзейнасць пад імем Palunisa. Кіруе інтэрнэт-крамай «PalunisaUS» на платформе Etsy.
У межах дзейнасці ў дыяспары мастачка займаецца выкладаннем выцінанкі як інструмента культурнай асветы і псіхалагічнага дабрабыту. У 2024 годзе прэзентавала трэцяе выданне сваёй суаўтарскай кнігі «My vycinanka», якое стала першым падрабязным англамоўным рэсурсам пра гэту беларускую традыцыю.
Сям’я
Мае дачку Мілаву. Дачка з дзяцінства дапамагае ў майстар-класах, удзельнічала ў праекце ценевага тэатра.
Грамадская дзейнасць Займаецца прасоўваннем выцінанкі як актуальнага кірунку сучаснага мастацтва і дызайну . Праводзіла адукацыйныя варштаты на YouTube і штогадовыя майстар-класы падчас тэматычных выставак . Суаўтарка навучальнага дапаможніка «Мая выцінанка» (2010), выдадзенага разам з Наталляй Сухой.
У 2011 годзе ініцыявала стварэнне серыі выцінанак, якія ілюструюць 30 артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека . З прычыны немагчымасці свабоднага друку ў Беларусі, калекцыя паштовак да гэтага праекта выдадзена ў Вільні (2013). У 2018 годзе праект прэзентаваны на канферэнцыі ў Чыкагскім універсітэце, наборы паштовак перададзены беларускай дыяспары ў Чыкага праз Алеся Бяляцкага.
У 2019 годзе супрацоўнічала са шведскім пасольствам, прэзентавала творы на дабрачынным распродажы «Loppis» .
У 2019 годзе выступала экспертам у абароне аўтарскіх правоў беларускіх майстроў і традыцый нацыянальнай выцінанкі.
У ЗША ініцыявала штогадовы «Калядны флэшмоб сняжынак» для папулярызацыі рамяства пасля яго ўключэння беларускай выцінанкі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА .
Сядзіба-музей «Palunisa» (2021—2022) Першы прыватны музей беларускай выцінанкі. Створаны ў 2021 годзе, размяшчаўся ў Лоску ў традыцыйнай вясковай хаце, якую мастачка купляла для жыцця, але праз грамадска-палітычных падзеі 2020—2021 гадоў ператварыла ў культурную прастору для захавання нацыянальных каранёў. Пакінуты Вольгай Бабурынай у 2022 годзе з ад’ездам у ЗША і болей не дзейнічае.
Канцэпцыя музея грунтувалася на ідэі культурнага кіравання і захавання нематэрыяльнай спадчыны. Вольга разглядала музей як жывы арганізм, дзе традыцыйныя архаічныя формы (дзірачкі, кружкі, ромбы) спалучаюцца з сучасным мастацкім бачаннем і філасофскім асэнсаваннем жыцця. Аздабленне інтэр’ераў было зроблена ў сінтэзе з іншымі рамёствамі, у прыватнасці, з мастацкай апрацоўкай дрэва.
Музей функцыянаваў як культурны хаб для творчай супольнасці і турыстаў. На базе сядзібы праводзілі мастацкія пленэры і варштаты па выразанні выцінанак, навучальныя заняткі, дзе выцінанка разглядалася як інструмент псіхалагічнай падтрымкі і сувязі з родавай памяццю.
У музеі адбываліся пастаноўкі ценявога тэатра, які Вольга развівала як кірунак, роднасны выцінанцы (напрыклад, спектакль паводле твора Уладзіміра Караткевіча «Вужыны цар»).
Наведвальнікі маглі не толькі азнаёміцца з экспазіцыяй, але застацца ў сядзібе пажыць, каб цалкам пагрузіцца ў атмасферу традыцыйнага мастацтва. У 2021 годзе музей стаў цэнтрам падрыхтоўкі матэрыялаў для анлайн-альманаха, прысвечанага актуальным пытанням развіцця выцінанкі і ахове аўтарскіх правоў майстроў.
Экспазіцыя і калекцыя Калекцыя музея была падзелена на некалькі тэматычных блокаў, якія ілюструюць гісторыю і эвалюцыю мастацтва папяровых выразак. Адзін з раздзелаў прысвячаўся кустодыям — ажурным папяровым падкладкам пад васковыя пячаткі ў сярэднявеччы.
Асобнае месца ў экспазіцыі займаў этнаграфічны складнік, які паказвае сакральную функцыю выцінанкі ў беларускім побыце. Сярод экспанатаў — разеткі-абярэгі, якія вешаліся над ложкамі дзяцей або хворых, а таксама ўзоры, звязаныя з пахавальнай абраднасцю, напрыклад, адмысловыя папяровыя «зубы» для аздаблення труны.
У музеі былі сабраны творы вядомых беларускіх майстроў выцінанкі, у тым ліку Наталлі Адзінец, якая выкарыстоўвала як матэрыял газетную паперу з таніроўкай гуашшу. Акрамя нацыянальных узораў, была калекцыя замежных выразак з Польшчы, Літвы і Кітая. Таксама пры музеі фарміравалася спецыялізаваная бібліятэка, былі рэдкія кнігі па сусветнай гісторыі мастацтва паперы і нажніц.
Творчасць Творчасць Palunisa Вольгі Бабурынай — гэта сінтэз традыцыйнага народнага мастацтва і сучасных дызайнерскіх і сацыяльна-філасофскіх падыходаў. Прадстаўніцай маладзечанскай школы выцінанкі, для якой характэрна захаванне канонаў народнага выразання ў спалучэнні з прафесійнай мастацкай адукацыяй аўтараў.
Псеўданім Palunisa адсылае да міфічнай постаці фальклору — Палуніцы (паўдзённага дэмана), якая ўвасабляе памежную (лімінальную) прастору паміж паўсядзённым, зямным жыццём і светам звышнатуральнага. Псеўданімам мастачка падкрэслівала сувязь творчасці з беларускай нацыянальнай свядомасцю і глыбіннымі пластамі народнай міфалогіі, Вольга разглядае сябе як «правадніка», які бярэ з навакольнай прасторы пэўныя сэнсы і трансфармуе іх у мастацкія вобразы выцінанак. Псеўданім Palunisa стаў асновай яе міжнароднага брэндынгу, у прыватнасці для назвы інтэрнэт-крамы «PalunisaUS» і адукацыйных праектаў у сацыяльных сетках.
Тэхніка і стылістыка
Асноўны інструмент мастачкі — нажніцы, яна прынцыпова ўнікае выкарыстання нажоў. Творы выразае з адзінага аркуша паперы са шматразовым складваннем, што забяспечвае цэласнасць і трываласць кампазіцыі. У аснове мастацкай мовы Бабурынай ляжаць простыя геаметрычныя формы: ромбы, квадраты, кроплі і кругі.
Важнай інавацыяй мастачкі стала выкарыстанне колеру. У 2004 годзе пачала працаваць з рознакаляровай падарункавай паперай, што дазволіла надаць традыцыйна манахромнай выцінанцы жывапісныя эфекты . Яшчэ адзін аўтарскі кірунак — мікравыцінанка — мініяцюрныя творы памерам да 2х2 см, якія выкарыстоўваюцца для вырабу завушніц, магнітаў і ўпрыгожванняў.
Адной з крыніц натхнення Вольгі была тэхніка «выбіванкі», якой карысталася сястра бабулі мастацкі, прабіваючы ўзоры гільзамі ад патронаў.
Тэматычныя кірункі
Тэматыка твораў мастачкі эвалюцыянавала ад пераасэнсавання народных матываў да філасофскай абстракцыі: Традыцыйныя сімвалы: Цэнтральны матыў творчасці — «Дрэва жыцця», сімвал пераемнасць пакаленняў і структуру сусвету . Таксама мастачка часта звяртаецца да вобразаў птушак, анёлаў і кветак . Беларуская міфалогія: Бабурына стварыла серыю твораў, прысвечаных сюжэтам беларускай міфалогіі, міфічным істотам і паганскім боствам, сярод іх «Вужыны цар», «Купалле», «Ярыла», «Зюзя» . Гісторыя і архітэктура: У серыі «Мая гісторыя» мастачка ўвасобіла знакавыя гістарычныя постаці (Войшалк, Барбара Радзівіл) і помнікі беларускага дойлідства (Каложа, касцёлы ў Гродне і Вілейцы). Лірычны кірунак: З нараджэннем дачкі ў творчасці з’явіліся «выцінанкі-забаўлянкі» — казачныя сюжэты з вершаванымі подпісамі .
Мастацтва як актывізм Мастачка выкарыстоўвае выцінанку як сродак выказвання на актуальныя грамадскія тэмы. У 2013 годзе яна рэалізавала праект «Права выцінанкі», стварыла 30 ілюстрацый да артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У творах выкарыстана сімвалічнае спалучэнне белага і чырвонага колераў.
Экалагічная тэматыка адлюстравана ў серыі выцінанак, створаных на аснове формаў пластыкавай тары, а таксама ў творы, прысвечаным абароне рысі. Мастачка таксама практыкуе паўторнае выкарыстанне матэрыялаў, выразае дробныя творы з абрэзкаў кардона .
Сучасныя формы і інтэрпрэтацыі
Пасля пераезду ў ЗША ў 2022 годзе ў творчасці Palunisa Бабурынай пачаўся этап «духоўнай трансфармацыі» . Творы гэтага перыяду, напрыклад «Я і мая душа», вулчаюцца адыходам ад строгай сіметрыі і большай абстрактнасцю .
Мастачка актыўна інтэгруе выцінанку ў сучасны дызайн. Супрацоўніцтва з брэндам адзення «Honar», які выкарыстоўваў яе ўзоры для прынтаў і вышыўкі. Стварэнне лічбавых шаблонаў для самастойнага выразання . Распрацоўка дызайнерскіх пазлаў (серыя з зубрам) . Выкарыстанне выцінанкі як элемента ценевага тэатра (пастаноўка паводле твора Уладзіміра Караткевіча «Вужыны цар») .
Прызнанне Народны майстар Беларусі (2017). Стыпендыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2006) у галіне выцінанкі. Дыплом Ягелонскага кірмашу ў Польшчы за захаванне рэгіянальных традыцый. Твор «Я і мая душа» адабраны арганізатарамі да ўдзелу ў міжнароднай выставе «Romantica — 2026».
Крыніцы
Спасылкі
https://www.etsy.com/shop/Palunisa
Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Мастакі Беларусі