Ян Кернажыцкі (Керназіцкі) — вайсковы авантурыст, афіцэр часоў Смуты, палкоўнік, прыхільнік Ілжэдзмітрыя II, па яго намінацыі — ваявода Вяземскі і пасол.

Пакуль невядомыя герб і паходжанне Яна Кернажыцкага. Мяркуючы па паспяховасці кар’еры, мусіў быць праваслаўным і ведаць мову, таму вярагодней усяго паходзіў з дробнай менскай ці гарадзенскай шляхты. На карысць гэтай версіі гаворыць тое, што да яе былі прыпісаныя абодва вядомыя падчас «разбору шляхты» ў 19 ст. роды Кернажацкіх — гербу «Юноша» і гербу «Побуг». Найбольш блізкія па часе і вядомыя з гербоўнікаў суродзічы (да таго ж з варыятыўнасцю напісання прозвішча Кернажыцкі — Керназіцкі гербу «Побуг») — Ілля ў 1606 годзе, Адам «шкадліва паранены» ў бітве пад Клушынам 1610 года. Іншыя, таго ж гербу Геранім у 1691 годзе рэчыцкі чашнік, у пачатку 18 ст. Аляксандр стольнік драгічынскі.

Прыбыў як ротмістр у стан Ілжэдзмітрыя ІІ восенню 1607 г. разам з Маркам Велямоўскім з ВКЛ.

Скіраваны з Тушына на поўнач у складзе групы войскаў пад гетманствам Яна Пятра Сапегі, полк Яна Кернажыцкага ў сярэдзіне лістапада 1608 г. удзельнічаў у разгроме сілаў прыхільнікаў Васіля Шуйскага і заблакаваў Ноўгарад да вясны 1609 г. Яго полк складалі 2000 нізавых казакоў палкоўніка Грыца і каля 6000 расійскіх тушыцаў з Пскова і «літоўскай украіны». У траўні атрымаўшы шведскія і земскія падмацаванні пачаўся рух палкоў наўгародцаў — скопінцаў на Маскву. Стымулам выхаду асноўных сілаў Міхаіла Скопін Шуйскага з Ноўгарада стала тое, што перадавы атрад саюзных ім шведаў Э. Горна, знянацку застаў п’яных казакоў у весцы Каменка і іх разграміў.

Вычарпанне мясцовых харчовых рэсурсаў і тое, што Я. Кернажыцкі паверыў дэзінфармацыі царскай прапагнады аб падыходзе да Ноўгарад 15 000 шведскіх падмацаванняў да М. Скопін Шуйскага, спрычыніліся для пачатку адступлення яго групоўкі на злучэнне з асноўнымі сіламі тушынцаў да Цверы. Я. Кернажыцкі выехаў са Старой Русы да Ржэва з 30 таварышамі. Войска з наўгародцаў, шведаў і наймітаў Міхайла Скопін Шуйскага дагнала і разбіла нейкую з груп адступаючых пад Таропцам 15 траўня 1609 г., але рэшта паспела адысці да Цверы. Там яны ўдзельнічала ў бітве 11-13 чэрвеня 1609. потым адступілі ў Тушына і Вязьму.

Пасля ўваходжання войска Жыгімоната Вазы пад Смаленск у верасні 1609 г. казакі Кернажыцкага і Веляглоўскага ў Вязьме абвесцілі аб далучэнні да караля, але ня здолелі дамовіцца, каб Рэч Паспалітая кампенсавала ім службу на маскоўскага Самазванца. Таму, пасля чарговага абяцання Ілжэдзмітры ІІ разлічыцца і заплаціць, калі займе Маскву, вярнуліся пад яго ўладу. Зімой 1609—1610 г. займаў Калугу. Верагодна Удзельнічаў у другім паходзе Ілжэдзмітрыя ІІ пад Маскву летам 1610 г. Восенню 1610 г. быў прызначаны паслом ад Ілжэдзмітрыя ІІ да Астрахані. Далейшы лёс не вядомы.

Крыніцы

Катэгорыя:Смутны час