Будынак штаба Беларускай ваеннай акругі — будынак у Мінску, помнік савецкай грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаннем класіцыстычнай спадчыны. Месціцца па адрасе вуліца Камуністычная, 1, на рагу . Пабудаваны як штаб Беларускай ваеннай акругі, цяпер у будынку размяшчаецца Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя У часы Вялікага Княства Літоўскага на гэтым месцы знаходзіўся Свята-Узнясенскі манастыр, адзін з цэнтраў менскага праваслаўя. К XX стагоддзю манастыр ужо не існаваў і ў 1867 годзе на месцы былой святыні паўстала жаночае духоўнае вучылішча, а ў 1870 г. і Свята-Узнясенская царква, празваная ў народзе БелайШыбека З. В.. Минскъ сто гадоў таму. Мінск, 2007. С.241..
У час Першай сусветнай вайны пакоі вучылішча выкарыстоўваліся пад «Уласны Яе Імператарскай Вялікасці гаспадарыні імператрыцы Марыі Фёдараўны шпіталь № 1». Праз некаторы час, у гады савецка-польскай вайны, у будынках палякі ўладкавалі свой шпіталь.
Дом № 4. У 1920-я гг. ў будынках жаночага духоўнага вучылішча адышлі да новастворанага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У Доме № 4, які будынкі атрымалі згодна з унутрыўніверсітэцкай нумарацыяй, размясціліся падраздзяленні медыцынскага і педагагічнага факультэтаў БДУ, у тым ліку лабараторыі неарганічнай хіміі, фармакалогіі, батанікі, заалогіі, геалогіі, мінералогіі, Інстытут фізіялогіі (першапачаткова пад кафедры фізіялогіі было адведзена два невялікія пакоі), кватэры прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама кабінеты заалогіі (заалагічны музей) і батанікіДзесяць год Беларускага Дзяржаўнага Унiверсiтэта, 1921 −11/ VII — 1931. Мн., 1931. С.41.. Побач у 1924—1926 гг. асістэнт кафедры батанікі М. А. Збіткоўскі разбівае батанічны сад. Акрамя падраздзяленняў БДУ, на Шырокай вуліцы, 28 знаходзіўся інстытут імя Леніна.
Пасля таго, як медычны факультэт БДУ стаў асобным інстытутам у 1930 годзе былое вучылішча пераходзіць у яго распараджэнне, але ненадоўга, бо з 1934 года гэта ўжо Мінскі акруговы ваенны шпіталь. У 1934—1938 гг. ідзе будаўніцтва новых карпусоў шпіталя.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны комплекс будынкаў пацярпеў і ў 1945—1946 гадах паводле праекта архітэктара В. Гусева будуецца штаб Беларускай ваеннай акругі. Архітэктар часткова ўключыў будынкі старога комплексу ў новы праектВоложинский В. Г. Минск. Старый и новый. Минск, 2009. С.59.. Будынак штаба БВА быў адным з першых манументальных збудаванняў, узведзеных у Мінску ў пасляваенны перыяд. Пасля рападу СССР у ім размясцілася Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Архітэктура Трохпавярховы з паўпадвальным паверхам Е-падобны ў плане будынак з дваровым курданёрам.
Галоўны фасад з шырокім рызалітам арыентаваны на вуліцу Камуністычную, мае трохчасткавую сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральная частка рызаліта з уваходам вылучана васьмікалонным порцікам карынфскага ордара, бакавыя часткі апрацаваны пілястрамі. Паўпадвальны і першы паверхі руставаныя. Дэкор верхніх паверхаў абмежаваны ліштвамі аконных праёмаў, узбагачанымі балясамі. Дэталі дэкору фасадаў вылучаны белым колерам на фоне жоўта-вохрыстых сцен.
Пануючую ролю ў аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка адыгрывае бакавы паўднёва-ўсходні фасад, арыентаваны ў бок праспекта Незалежнасці (былога Ленінскага) і парку імя Я. Купалы. У яго трохчасткавай кампазіцыі з глухімі бакавымі рызалітамі, упрыгожанымі геральдычнымі барэльефамі, вылучаецца вялікі дзесяцікалонны порцік карынфскага ордара.
Унутраная планіроўка будынка калідорная. Двухсветлавыя вестыбюлі, фае і парадныя памяшканні ўпрыгожаны калонамі, ляпнымі дэталямі, барэльефамі, мастацкай размалёўкай і манументальнай скульптурай. Вялікая зала пасяджэнняў аформлена буйнымі пазалочанымі барэльефнымі пано.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму Катэгорыя:Адміністрацыйныя будынкі Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1946 годзе Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Валянціна Гусева Катэгорыя:Камуністычная вуліца (Мінск) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Міністэрства абароны Беларусі Катэгорыя:Беларуская ваенная акруга