Ару́нас Бу́бніс (; нар. , Ігналіна, Літоўская ССР) — літоўскі гісторык і архівіст, доктар гуманітарных навук. Генеральны дырэктар Цэнтра даследавання генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы (з 2021 года).

Біяграфія У 1985 годзе скончыў гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1994 годзе атрымаў ступень доктара гуманітарных навук (аналаг доктара філасофіі), абараніўшы дысертацыю на тэму «Літоўскае антынацысцкае супраціўленне ў 1941—1944 гадах» (). Праходзіў навуковыя стажыроўкі на ўсходазнаўчым факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1992) і ў Брэменскім універсітэце (2004).

З 1985 года працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Літвы (цяпер — Інстытут гісторыі Літвы), дзе прайшоў шлях ад старшага лабаранта да старшага навуковага супрацоўніка. У 1993—1997 гадах займаў пасаду кіраўніка групы Генеральнай дырэкцыі архіваў Літвы і дырэктара Асобага архіва Літвы (былога архіва КДБ). Таксама працаваў у Федэральным архіве ў Кобленцы (1993) і ў архіве ў Патсдаме (1995). З 2009 па 2021 год кіраваў Дэпартаментам даследавання генацыду і супраціўлення ў Цэнтры даследавання генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы.

22 красавіка 2021 года па выніках галасавання ў Сейме Літвы быў прызначаны генеральным дырэктарам Цэнтра даследавання генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы. З’яўляецца членам Міжнароднай камісіі па ацэнцы злачынстваў нацысцкага і савецкага акупацыйных рэжымаў у Літве.

Навуковая дзейнасць Асноўныя кірункі навуковых інтарэсаў А. Бубніса ўключаюць вывучэнне нацысцкай акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Літвы ў 1941—1944 гадах, гісторыю літоўскага антынацысцкага руху супраціўлення, дзейнасць польскага падполля ў Літве ў перыяд Другой сусветнай вайны, а таксама даследаванне Халакосту на тэрыторыі акупаванай Літвы.

Грамадская пазіцыя У лютым 2025 года Арунас Бубніс стаў адным з 67 падпісантаў адкрытага ліста літоўскіх грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў і палітыкаў да прэзідэнта, Сейма і МЗС Літвы. Аўтары звароту заклікалі забараніць арганізацыям беларускай дыяспары выкарыстоўваць герб «Пагоня» (у тым ліку на праекце «пашпарта Новай Беларусі») і іншыя «сімвалы літоўскай дзяржаўнасці». Ініцыятары ліста таксама запатрабавалі замацаваць праз законы канон гісторыі Літвы і абмежаваць дзейнасць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія, на іх думку, распаўсюджваюць ідэалогію «літвінізму» і скажаюць гісторыю літоўскага народа.

Выбраная бібліяграфія Lietuvių antinacinė rezistencija 1941—1944 (1991) Lenkų pogrindis Lietuvoje 1939—1940 (1994) Vokiečių okupuota Lietuva (1941—1944) (1998) Nazi resistance movement in Lithuania 1941—1944 (2003) The Holocaust in Lithuania between 1941 and 1944 (2005) Holokaustas Lietuvoje 1941—1944 (2011)

Узнагароды Ордэн Крыжа зямлі Марыі V ступені (Эстонія, 2013).

Крыніцы

Катэгорыя:Гісторыкі Літвы Катэгорыя:Выпускнікі гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Архівісты Літвы