Жыльвінас Світоюс () — літоўскі грамадскі актывіст, блогер, спецыяліст па стратэгічных камунікацыях і валанцёр. З’яўляецца кіраўніком грамадскай установы «Hoplon Foundation». Набыў шырокую вядомасць у 2023—2026 гадах як адзін з галоўных ініцыятараў і ўдзельнікаў грамадскай кампаніі супраць «літвінізму» сярод беларускай дыяспары ў Літве. У сацыяльных сетках і СМІ яго часта называюць «паляўнічым на літвіністаў».
Грамадская дзейнасць Жыльвінас Світоюс пазіцыянуе сябе як актывіст, які абараняе інтарэсы нацыянальнай бяспекі Літвы. Ён займаецца дапамогай Украіне, а таксама маніторынгам сацыяльных сетак, дзе вышуквае прарасійскія элементы і прыхільнікаў радыкальных ідэалогій.
Шырокую вядомасць актывіст атрымаў у жніўні 2023 года, калі ініцыяваў у Літве маштабную дыскусію адносна дзейнасці ваенізаванага клуба беларусаў «Ліцьвіны» (кіраўнік Сяргей Шалыгін). Світоюс апублікаваў допіс, у якім звязаў дзейнасць арганізацыі з ідэалогіяй «літвінізму», абвінаваціўшы беларусаў у выказванні прэтэнзій да літоўцаў. Гэта выклікала хвалю абурэння ў літоўскім грамадстве і прывяло да таго, што клуб пазбавіўся магчымасці праводзіць мерапрыемствы на літоўскіх пляцоўках, а Саюз стралкоў Літвы прыпыніў з ім супрацоўніцтва.
Барацьба з «літвінізмам» Світоюс рэгулярна публікуе на сваёй старонцы ў Facebook маніторынг варожай да Літвы рыторыкі, якую ён знаходзіць у каментарыях і публікацыях беларусаў. Сваю дзейнасць ён тлумачыць тым, што «літвінізм» з’яўляецца пагрозай для існавання літоўскай дзяржаўнасці, падобнай да расійскіх псеўдагістарычных ідэалогій, якімі апраўдваецца генацыд ва Украіне.
Актывіст неаднаразова наведваў мерапрыемствы беларускай дыяспары ў Вільні з мэтай канфрантацыі з беларускімі дзеячамі. У сакавіку 2024 года ён прыйшоў на сустрэчу з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, якога назваў «галоўным ідэолагам літвінізму», і задаваў правакацыйныя пытанні на ўкраінскай мове пра тое, чаму сучасную Літву трэба адасобіць ад Вялікага Княства Літоўскага. У чэрвені таго ж года Світоюс наведаў выступленне Зянона Пазняка. Падчас дыскусіі блогер абурыўся выкарыстаннем тэрміна «Летува», назваў Пазняка і ўсіх прысутных беларусаў фашыстамі, пасля чаго заявіў, што хоча зрабіць палітыка персонай нон-грата ў Літве.
Жыльвінас Світоюс таксама арганізоўваў інфармацыйныя кампаніі супраць беларускіх бізнесаў у Літве. У пачатку 2024 года ён раскрытыкаваў віленскія ўстановы «Karčma 1863» і бар «Pahonia» за тое, што персанал слаба валодае літоўскай мовай, а ў саміх установах адзначаюцца толькі беларускія святы і выкарыстоўваецца герб «Пагоня». У выніку маштабнага хейту ў сацыяльных сетках, справакаванага яго допісам, уладальнік бара «Pahonia» быў вымушаны змяніць назву ўстановы на «Poliklinika». Пазней актывіст абвінаваціў варшаўскі беларускі футбольны клуб «Пагоня» ў крадзяжы і плагіяце лагатыпа зборнай Літвы па футболе, што вымусіла каманду аб’явіць конкурс на стварэнне новай эмблемы.
У лютым 2025 года Жыльвінас Світоюс выступіў адным з ініцыятараў і падпісантаў адкрытага ліста 67 літоўскіх грамадскіх дзеячаў да Прэзідэнта, Сейма і МЗС Літвы. У звароце ўтрымлівалася патрабаванне забараніць беларусам выкарыстоўваць гістарычны герб «Пагоня» (у тым ліку на «пашпарце Новай Беларусі»), а таксама ідэнтыфікаваць і абмежаваць дзейнасць тых беларускіх эмігрантаў, якія распаўсюджваюць ідэі літвінізму.
Палітычныя погляды Світоюс рэзка крытыкуе беларускія дэмакратычныя сілы і офіс Святланы Ціханоўскай за тое, што яны, на яго думку, не змагаюцца з літвінізмам унутры дыяспары. Ён таксама папракаў Ціханоўскую за тое, што яна за чатыры гады жыцця ў Літве не вывучыла літоўскую мову, даючы «дрэнны прыклад» іншым мігрантам.
Актывіст лічыць, што ўжыванне беларусамі слоў «Летува» і «летувісы» з’яўляецца прыкметай варожасці, бо такім чынам нібыта робіцца спроба даказаць, што сучасныя літоўцы скралі назву і гісторыю ў ВКЛ. Ён перакананы, што беларусам і ўкраінцам неабходна больш актыўна інтэгравацца ў літоўскае грамадства, у першую чаргу праз вывучэнне літоўскай мовы. Пры гэтым ён адзначае, што не выступае супраць усіх беларусаў, а змагаецца толькі з «варожымі элементамі».
Ацэнка дзейнасці Дзейнасць Світоюса неаднаразова падвяргалася крытыцы з боку беларускіх і некаторых літоўскіх інтэлектуалаў. Беларускі публіцыст Севярын Квяткоўскі параўнаў яго з лукашэнкаўскімі прапагандыстамі, адзначыўшы, што абодва бакі выконваюць адну і тую ж ролю — змагаюцца з праявамі беларушчыны, выконваючы ролю «карысных ідыётаў».
Літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус, каментуючы ліст, падпісаны Світоюсам і яго паплечнікамі, заявіў, што такія дзеянні выключна «спараджаюць нянавісць да беларусаў, якія жывуць у Літве», а штучныя спрэчкі паміж дэмакратычнымі сіламі і літоўцамі «акурат карысныя Маскве». У сваю чаргу, літоўскі інтэлектуал Аўдрус Сабунас раскрытыкаваў дзейнасць «актывістаў, якія называюць сябе праціўнікамі літвінізму і змагаюцца супраць беларускіх нацыянальных сімвалаў», адзначыўшы, што яны змагаюцца з прапагандай метадамі прапаганды, паддаючыся спакусе этнацэнтрызму і папулізму.
Крыніцы
Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Літвы Катэгорыя:Блогеры Літвы Катэгорыя:Крытыкі літвінізму