Тарпе́да — футбольны стадыён у горадзе Магілёве (Беларусь). Размешчаны па адрасе Віцебскі праспект, 43. З’яўляецца хатняй арэнай мясцовага футбольнага клуба «Тарпеда». Максімальная ўмяшчальнасць складае 3560 чалавек.
Гісторыя Стадыён быў пабудаваны ў 1959—1960 гадах і першапачаткова меў назву «Кіравец». Ён належаў Магілёўскаму аўтамабільнаму заводу імя С. М. Кірава (цяпер МаАЗ). У 1978 годзе адбылася маштабная перабудова і пашырэнне спартыўнага аб'екта, у выніку чаго быў створаны вялікі спартыўны комплекс плошчай 6,5 гектара. На той момант трыбуны ўмяшчалі 3 тысячы гледачоў.
Станам на канец 1980-х гадоў акрамя асноўнага футбольнага поля, у склад спартыўнага комплексу ў розныя перыяды ўваходзілі хакейная пляцоўка, пяць тэнісных кортаў, гарадок для ручных гульняў, ролікадром, зала агульнафізічнай падрыхтоўкі, пункт пракату, асветленая лыжная траса і спецыяльная сцежка для дазіраванай хады.
Чарговая рэканструкцыя арэны прайшла ў 2005 годзе.
На стадыёне традыцыйна праводзіліся гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, а ў савецкі час тут таксама праходзілі ўсесаюзныя турніры. Гістарычна арэна з'яўляецца хатняй для магілёўскай футбольнай каманды «Тарпеда», якая ў розныя часы выступала пад назвамі «Металург» і «Кіравец». Акрамя таго, стадыён пэўны час выкарыстоўваўся мясцовым клубам «Дняпро».
Характарыстыка Спартыўны комплекс уключае ў сябе адну прамую крытую трыбуну з жалезнымі сядзеннямі. Футбольнае поле мае натуральнае травяное пакрыццё, яго памеры складаюць 105 на 68 метраў. Над арэнай устаноўлены мачты штучнага асвятлення, якія ў цяперашні час не функцыянуюць.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Старонка стадыёна на сайце ФК «Тарпеда» (архіўная копія)
Катэгорыя:Стадыёны Магілёва Катэгорыя:Футбольныя стадыёны Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1960 годзе Катэгорыя:Віцебскі праспект (Магілёў) Катэгорыя:1960 год у Магілёве