Алякса́ндр І́гаравіч Ку́хта (нар. 28 снежня 1992, г. Слонім) — беларускі праваслаўны святар (іерэй), тэолаг, грамадскі дзеяч і відэаблогер. Аўтар самага папулярнага ў Беларусі праваслаўнага YouTube-канала «Бацюшка адкажа». У 2023 годзе праз з маральнай пазіцыяй Маскоўскага патрыярхату адносна палітычнага крызісу ў Беларусі і расійскай агрэсіі супраць Украіны перайшоў у юрысдыкцыю Усяленскага патрыярхату Канстанцінопаля. З 2023 года — кіраўнік каманды збораў фонду салідарнасці BYSOL.

Біяграфія

Адукацыя і пачатак служэння Нарадзіўся 28 снежня 1992 года ў Слоніме, вырас у свецкай сям’і. Скончыў Ліцэй БДУ. Меў прахадныя балы для паступлення ў БДУІР на праграміста, аднак абраў духоўны шлях і паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі працягнуў навучанне ў магістратуры Мінскай духоўнай акадэміі.

Пасля пасвячэння служыў іерэем і памочнікам настаяцеля ў храме Свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага ў аграгарадку Міханавічы пад Мінскам. Набыў шырокую вядомасць дзякуючы стварэнню YouTube-канала «Бацюшка адкажа» (руск.: «Batushka ответит»), які дзейнічаў пры Сінадальным місіянерскім аддзеле Беларускай праваслаўнай царквы. У сваіх відэа святар імкнуўся паказаць царкву сучаснай і адкрытай да дыялогу, разбіраючы актуальныя грамадскія і рэлігійныя пытанні. На пачатак 2023 года канал меў каля 47 тысяч падпісчыкаў.

У 2018 годзе, жадаючы атрымаць свецкі досвед, Аляксандр Кухта некаторы час працаваў у IT-кампаніі, якая абслугоўвала крыптасістэмы, пасля чаго вярнуўся да паўнавартаснага царкоўнага служэння.

Пазіцыя ў 2020 годзе і ад’езд з Беларусі Падчас палітычнага крызісу 2020 года Аляксандр Кухта адкрыта асудзіў фальсіфікацыю выбараў і масавы гвалт. 13 жніўня 2020 года, на фоне жорсткіх затрыманняў, ён далучыўся да валанцёрскага лагера каля ізалятара на Акрэсціна, каб маральна падтрымліваць сваякоў затрыманых і пацярпелых. Пасля гібелі Рамана Бандарэнкі святар правёў памінальную службу ў «Двары Перамен», з-за чаго пазней меў тлумачальную размову з мітрапалітам Веніямінам.

У 2021 годзе праз эмацыйнае выгаранне, выкліканае маштабамі рэпрэсій і прысудам палітвязню Ігару Лосіку, святар зноў уладкаваўся ў IT-сферу ў аддзел аналітыкі персаналу кампаніі EPAM, пры гэтым працягваў служыць у храме па выхадных. У пачатку 2022 года з-за пагрозы рэпрэсій ён пераехаў у Вільню (Літва). Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну зноў звольніўся з IT-кампаніі, каб не падстаўляць калег сваімі публічнымі антываеннымі выказваннямі, і сканцэнтраваўся на відэаблогерстве і дапамозе бежанцам.

Пераход ва Усяленскі патрыярхат Не маючы магчымасці па меркаваннях сумлення заставацца ў юрысдыкцыі Рускай праваслаўнай царквы, якая фактычна падтрымала вайну, Аляксандр Кухта разам з протаіерэем Георгіем Роем звярнуўся да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор. Увесну 2023 года Патрыярх Канстанцінопальскі задаволіў прашэнні святароў. У адказ патрыяршы экзарх у Беларусі Веніямін выдаў указ аб забароне Кухты і Роя ў свяшчэннаслужэнні.

На Вялікдзень 16 красавіка 2023 года святары правялі ў Вільні ў памяшканні лютэранскай царквы першае набажэнства для беларусаў у юрысдыкцыі Канстанцінопаля, якое сабрала каля 150 чалавек. Пазней была сфарміравана паўнавартасная беларуская праваслаўная парафія, якая пачала арандаваць уласнае памяшканне ў цэнтры літоўскай сталіцы і перайшла на новаюліянскі каляндар. Святары прынцыпова адмовіліся ад камерцыялізацыі храма: у парафіі адсутнічаюць цэннікі на трэбы, свечачны кіёск і гандаль. У лютым 2024 года Аляксандр Кухта афіцыйна ўвайшоў у склад новаўтворанага Экзархата Канстанцінопальскага патрыярхата ў Літве.

Праца ў BYSOL і крымінальны пераслед Увесну 2023 года Аляксандр Кухта далучыўся да каманды фонду салідарнасці BYSOL, дзе ўзначаліў аддзел персанальных збораў для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам (палітвязням, бежанцам). Доўгі час ён выконваў сваю працу ананімна, каб не прыцягваць залішняй увагі. Аднак у кастрычніку 2025 года на фоне крызісу ў фондзе, звязанага з адстаўкай заснавальніка Андрэя Стрыжака, Кухта публічна раскрыў сваю ролю ў арганізацыі, каб падтрымаць давер данатораў да праекта.

2 студзеня 2026 года стала вядома, што ў Беларусі ў дачыненні да Аляксандра Кухты была распачата крымінальная справа па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пра гэта паведаміў сам святар у сваіх сацыяльных сетках.

Сям’я Жанаты, мае сына.

Крыніцы

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1993 годзе Катэгорыя:Праваслаўныя святары Беларусі Катэгорыя:Канстанцінопальская праваслаўная царква Катэгорыя:відэаблогеры Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў Вільні Катэгорыя:Імігравалі ў Літву з Беларусі