«Царко́ўнае сло́ва» — штотыднёвая праваслаўная газета, друкаваны орган Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Выдаецца з красавіка 1992 года. Гэта адно з першых у Беларусі царкоўных выданняў, якое пачало выходзіць у постсавецкі перыяд.

Гісторыя Газета была задумана айцом Алексіем (Шынкевічам), пазней архімандрытам, як прыходскае выданне ў горадзе Жодзіна. Стаўшы друкаваным органам Мінскай епархіі, спачатку выдавалася штомесяц, а пазней перайшла на штотыднёвы фармат. Выходзіць па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

З 1997 года рэдакцыя газеты размяшчаецца ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў Мінску.

Характарыстыка Газета «Царкоўнае слова» выходзіць на рускай і беларускай мовах, мае фармат А4, аб’ём 16 старонак і тыраж да 7 тысяч экзэмпляраў (на 2011 год). Галоўным рэдактарам з’яўляецца выпускнік факультэта журналістыкі БДУ А. Харытонаў.

Выданне выходзіць пад агульным эпіграфам: «Утверди, Боже, Святую православную веру православных христиан во век века!». Газета мае каля 50 рубрык, якія асвятляюць розныя аспекты царкоўнага і свецкага жыцця. Сярод ключавых рубрык: «Асветнікі зямлі беларускай» — пра беларускіх асветнікаў і дзеячаў праваслаўнай культуры XVII–XVIII стагоддзяў, такіх як Іанікій (Галятоўскі) і Афанасій Брэсцкі. «Сямейнае чытанне» — апавяданні, легенды і міфы на тэмы выхавання маральнасці. «Праваслаўная энцыклапедыя» — матэрыялы пра дзеячаў культуры і мастацтва.

Тэматыка і дзейнасць Рэдакцыя і аўтарскі калектыў надаюць вялікую ўвагу пытанням духоўнага і культурнага выхавання. Асвятляюцца тэмы царкоўнага дойлідства, культурных традыцый у сям’і, літаратуры, тэатра і кіно, а таксама гісторыі беларускай культуры.

Газета актыўна асэнсоўвае з хрысціянскага пункту гледжання значныя творы свецкага мастацтва. На яе старонках з'яўляліся публікацыі, прысвечаныя творчасці Г. Х. Андэрсена, Ф. Скарыны, А. Салжаніцына, В. Берггольц. Выданне публікавала водгукі на экранізацыі рамана «Ідыёт» Ф. Дастаеўскага і фільм «Мукі Хрыстовы» М. Гібсана. Таксама асвятляліся дыскусіі аб узаемадзеянні хрысціянства і тэатральнага мастацтва, якія праходзілі ў межах Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Залаты Віцязь».

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт газеты «Царкоўнае слова»

Катэгорыя:Газеты Мінска на беларускай мове Катэгорыя:Штотыднёвыя газеты Катэгорыя:Мінская епархія Катэгорыя:Газеты Мінска на рускай мове