Про́стая мо́ва (таксама просты язык, па-просту; ) — размоўная і ўмоўная назва для абазначэння дыялектаў паўночна-заходніх абласцей беларускай мовы з балта-славянскага (польска-літоўска-беларускага) памежжа, якія вызначаюцца наяўнасцю вялікай колькасці паланізмаў, русізмаў і літуанізмаў.
Гэтыя дыялекты выкарыстоўваюцца пераважна беларусамі і палякамі Гродзенскай вобласці, Сакольскага рэгіёна ў Польшчы, на Віленшчыне (у Літве і паўночна-заходняй Беларусі), а таксама ў Латгаліі. Простай мовай таксама часта называюць гутарковую мову Паўднёвага Падляшша і Заходняга Палессе, якая мае шмат рысаў украінскіх дыялектаў і якую яе носьбіты адрозніваюць ад мовы паўночных суседзяў, што бліжэй да літаратурнай беларускай.
Характарыстыка і лінгвістычны статус У гістарычнай рэтраспектыве «простую мову» можна разглядаць як своеасаблівае кайнэ — гутарковую мову міжэтнічных зносін на шырокай тэрыторыі сумежжа Літвы і Беларусі, якая склалася стыхійна. На ёй маглі паразумецца беларусы, літоўцы, палякі, яўрэі і татары. Літаратурная беларуская мова на рубяжы XIX і XX стагоддзяў шмат у чым распрацоўвалася менавіта на яе аснове. Агітуючы за актыўнае і свядомае выкарыстанне беларускай мовы, Янка Купала пісаў у 1914 годзе ў газеце «Наша Ніва»: «Нам кажуць, і мы самі часта гэтаму патураем, што мова беларуская простая. А па мойму: ну і дзякаваць Богу: абы не крывая».
Лінгвістычна «простая мова» амаль цалкам супадае паводле марфалогіі, сінтаксісу і асноўнага лексічнага фонду з дыялектамі беларускай мовы (пераважна з сярэднебеларускімі і паўночна-заходнімі). Польскі дыялектолаг Міраслаў Янковяк адзначае, што тэрмін «простая мова» з'яўляецца сінонімам мясцовай беларускай гаворкі, якую выкарыстоўваюць жыхары незалежна ад сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Гэта мова паўсядзённага жыцця і простага народа, якая супрацьпастаўляецца літаратурным (нармаваным) мовам — польскай, рускай ці літоўскай. Яна выкарыстоўваецца ў паўсядзённых вусных зносінах у сельскай мясцовасці, як хатняя мова або ў размовах з суседзямі. Яна амаль ніколі не выкарыстоўваецца ва ўрачыстых выпадках, афіцыйных публікацыях або літаратуры, хоць зрэдку магла ўключацца дзеля ілюстратыўнасці або пераканаўчасці ў тэксты больш высокага статусу, напрыклад, у рэлігійныя павучанні XVIII стагоддзя. Перыядычна асобныя энтузіясты робяць спробы частковай кадыфікацыі той ці іншай версіі мовы. Напрыклад, у 1990-х гадах у Літве стваралася так званая «гальшанская мова», а ў наш час на Сакольшчыне (Польшча) дзейнічае гурток на чале з Уршуляй Шубздай, які заахвочвае жыхароў часцей ужываць дыялект публічна і публікуе на ім матэрыялы ў мясцовых СМІ. У пэўным сэнсе простую мову можна разглядаць як сацыялект вясковага насельніцтва або як патуа.
Сацыялінгвістычная сітуацыя і ідэнтычнасць Носьбіты простай мовы часта не ведаюць пра «афіцыйную» лінгвістычную прыналежнасць свайго дыялекту да беларускай мовы або неахвотна з ёй пагаджаюцца. Гэта звязана з іх пераважна польскай нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй і нежаданнем асацыявацца з беларускім нацыянальна-культурным праектам, які гістарычна ўспрымаўся імі праз прызму расійскага імперскага ці савецкага ўплываў, а таксама дзякуючы паспяховай польскай асіміляцыйнай палітыцы ў міжваенны перыяд.
Паводле беларускага этнолага Юрыя Унуковіча, выкарыстанне тэрміна «простая мова» сведчыць пра дамадэрную, мясцовую (лакальную) ідэнтычнасць яе носьбіта, а не пра канкрэтную нацыянальную прыналежнасць у сучасным палітычным сэнсе. У той час як стандартныя мовы служаць выразнымі маркерамі этнічнай ідэнтычнасці (напрыклад, літоўская мова для літоўцаў), простая мова ўяўляе сабой своеасаблівую «лінгвістычную анамалію» або «лімінальную катэгорыю». Даследаванні на Віленшчыне паказваюць, што для мясцовага насельніцтва галоўным маркерам падзелу і нацыянальнай прыналежнасці служыць не мова, а рэлігія: католікаў тут строга адносяць да палякаў, а праваслаўных — да беларусаў ці рускіх.
Пасля Другой сусветнай вайны простая мова часта дыскрымінавалася ўладамі (як у Польшчы, так і ў Літоўскай ССР) як вясковая гаворка з нізкім сацыяльным прэстыжам. Гэта прывяло да распаўсюджанага пераканання ў яе непаўнавартаснасці ў параўнанні з літаратурнымі польскай, рускай ці літоўскай мовамі і да нежадання выкарыстоўваць яе ў публічнай прасторы. У цяперашні час простая мова выкарыстоўваецца пераважна старэйшым пакаленнем і імкліва замяняецца сярод моладзі рускай, польскай або літоўскай мовамі ў залежнасці ад краіны пражывання.
Уплыў на іншыя мовы На беларуска-літоўскім памежжы (у прыватнасці, у Салечніцкім раёне Літвы і Воранаўскім раёне Беларусі) простая мова гістарычна аказвала і працягвае аказваць надзвычай моцны субстратны ўплыў на суседнія літоўскія дыялекты (паўднёвааўкштайцкую гаворку).
Паводле даследаванняў літоўскай мовазнаўцы Ніёле Туомене, ва ўмовах цеснага білінгвізму і паступовага пераходу аўтахтоннага насельніцтва на славянскае маўленне, марфалагічная структура мясцовай літоўскай мовы зазнае інтэнсіўную дэградацыю пад ціскам дамінуючай простай мовы. Літоўскамоўныя жыхары пераймаюць беларускія граматычныя мадэлі: парушаюцца правілы словаўтварэння, адбываецца змяшэнне мужчынскага і жаночага родаў абстрактных назоўнікаў толькі дзеля таго, каб яны граматычна адпавядалі роду беларускага эквівалента (напрыклад, формы жаночага роду выкарыстоўваюцца замест мужчынскага пад уплывам беларускіх слоў кшталту «прыгажосць», «цемната»). Значныя змены адбываюцца і ў сістэме дзеяслова. Пад уплывам славянскай мадэлі часта будуюцца зваротныя дзеясловы (літоўскі постфікс зваротнасці далучаецца ў самым канцы слова, капіруючы беларускія -ца / -ся), а для абазначэння шматразовага дзеяння ў мінулым пачынае выкарыстоўвацца ўстаўное слова «būdavo» — як прамая калька з беларускага «бывала».
Гісторыя і дынаміка арэала Прасторавы аналіз, праведзены на аснове мапы Яна Міхала Развадоўскага (1901) і статыстычных даных 1890-х гадоў, паказвае, што ў канцы XIX стагоддзя шырокая зона інтэнсіўных беларуска-літоўскіх і беларуска-польскіх моўных кантактаў ахоплівала значныя тэрыторыі Віленскай губерні. Беларускія гаворкі (простая мова) дамінавалі на велізарнай тэрыторыі на поўдзень, усход і поўнач ад Вільні.
Аднак на працягу XX стагоддзя арэал і шчыльнасць выкарыстання простай мовы значна скараціліся. У міжваенны перыяд, калі Віленшчына ўваходзіла ў склад Польшчы, адбылася незваротная змена моўнага кода з беларускага на польскі на вялікіх тэрыторыях. У другой палове XX і пачатку XXI стагоддзя працэс заняпаду паскорыўся з-за адсутнасці прэстыжу, урбанізацыі і эміграцыі моладзі ў гарады, дзе яна пераходзіць на дзяржаўныя ці больш распаўсюджаныя мовы. Сёння простая мова захоўваецца пераважна ў выглядзе ізаляваных арэалаў на памежжы Літвы і Беларусі.
Прыклады тэкстаў Прыклад тэксту на «простай мове» ў параўнанні з літаратурнай беларускай і польскай мовамі (паводле выдання «Czasopis»):
Простая мова (арыгінальны запіс лацінкай) Літаратурная беларуская мова Літаратурная польская мова Maci lubiła hladzieć na maki. Jany raśli bieraham żyta. Lubiła hladzieć na pryrodu, kali prysiadała adpaczyć na łaǔcy pad waknom. Jana zachaplałasa naszym krajawidam. Pad samym waknom było świsłaczanskaja pole (daǔno jaho nima i ni budzia; i naszaho taho wakna nima i ni budzia) i byli tyja maki. Maci piarażyła dźwie wajny i kroǔ baczyła, swaju i czużuju. Ali maki heta maki. Krasata. Mój spicz ja zaczała ad makaǔ, bo czamu nie. Маці любіла глядзець на макі. Яны раслі берагам жыта. Любіла глядзець на прыроду, калі прысядала адпачыць на лаўцы пад вакном. Яна захаплялася нашым краявідам. Пад самым вакном было свіслачанскае поле (даўно яго няма і не будзе; і нашага таго вакна няма і не будзе), і там былі тыя макі. Маці перажыла дзве вайны і кроў бачыла, сваю і чужую. Але макі — гэта макі. Прыгажосць. Сваю прамову я пачала з макаў, бо чаму ж не. Mama kochała patrzeć na maki. Rosły one nad brzegiem żyta. Kochała patrzeć na przyrodę, kiedy siadała odpocząć na ławce pod oknem. Zachwycała się naszym krajobrazem. Pod samym oknem było świsłoczańskie pole (dawno go nie ma i nie będzie; i tego naszego okna nie ma i nie będzie) i były te maki. Mama przeżyła dwie wojny i widziała krew, swoją i cudzą. Ale maki to maki. Coś pięknego. Swoje przemówienie zaczęłam od maków, bo czemu nie?
Народны анекдот з Сакольшчыны, які ілюструе розніцу паміж літаратурнай польскай і мясцовай «простай» мовамі: — Kiedyści czaławiek ad nas pajechał da Puszczy Auhustouskaj pa drewo. Jedzia, a napreciu jaho jedzia Mazur, czyli zza reki. I haworyć da jaho: «Panie, cy Pan nie znalaz worek, worecek w nim chleba glomecek i poswistacem psewiązane». «Nie», — haworyć nasz. «Ja znajszoł miaszok, miaszoczak, u jom chleba kusoczak i puhaju zawiazany». «A nie, nie to nie maje», — odkazał Mazur.
Гл. таксама Трасянка Суржык Тутэйшыя (выраз) Беларускія гаворкі ў Літве
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Група «Простая мова Віленшчыны» ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Віленшчына Катэгорыя:Мовы Беларусі Катэгорыя:Мовы Літвы Катэгорыя:Мовы Польшчы Катэгорыя:Змяшаныя мовы Катэгорыя:Сацыялінгвістыка Катэгорыя:Сярэднебеларускія гаворкі