Міхал Бараноўскі або Міхась Бараноўскі, поўнае імя Міхаіл Аляксандравіч Бараноўскі () — беларускі паэт, музыкант, літаратуразнавец і музейны работнік.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Мінску. Бацькі ўсё жыццё працавалі на заводзе, паводле самога Міхаіла, стварылі яму ўмовы, каб займацца літаратурай і музыкай.

У 2007 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці «Гісторыя і замежныя мовы». Таксама навучаўся на аддзяленні «Філасофія і літаратура» ў Беларускім калегіюме. Праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Маладзечне.

З 2008 года працуе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску, да 2011 — навуковы супрацоўнік, з 2018 — загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Даследчык і папулярызатар творчасці Максіма Багдановіча. Выступае з лекцыямі пра жыццё, палітычныя погляды, каханне паэта, гісторыю зборніка «Вянок». У 2021 годзе ўклаў біяграфічнае выданне «ЖЗЛБ. Максім Багдановіч». У снежні 2024 года прэзентаваў кнігу «Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі». Знайшоў звесткі пра рост Максіма Багдановіча — 190 сантыметраў. Таксама адшукаў газетныя публікацыі класіка ў расійскім перыядычным друку часоў яго жыцця ў Яраслаўлі.

Літаратурная творчасць Аўтар вершаў і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Публікаваўся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва». У 2016 годзе выдаў дэбютны зборнік паэзіі «Volumen.1», перавыданне выйшла ў жніўні 2025 года ў выдавецтве Рамана Цымберава, у 2020 годзе выйшаў «Volumen.2», у 2024 — «Volumen.3».

Творы характарызуюцца пошукам адказаў на экзістэнцыйныя пытанні і адлюстраваннем грамадскага неспакою.

Арганізуе літаратурна-музычныя мерапрыемствы.

У 2018 годзе ўваходзіў у журы літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Супрацоўнічае з праектам bellit.store, піша крытычныя рэцэнзіі на сучасныя беларускія кнігі.

Сваім «месцам сілы» лічыць старажытнае яцвяжскае капішча ў Белавежы.

Музычная дзейнасць Выступае як бард і выканавец песень на ўласныя вершы. Таксама стварае музыку на словы Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча. Заснавальнік і аўтар песень гурта «Нельга забыць». Назва гурта паходзіць ад аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Разам з гуртом запісаў канцэртныя праграмы, у тым ліку паводле твора «Леаніды не вернуцца да зямлі». У 2012 годзе стаў пераможцам фестывалю «Бардаўская восень» у Польшчы.

Прызнанне Гран-пры фестывалю «Бардаўская восень» (2012). Лаўрэат літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі паэзія за кнігу «Volumen.1» (2017). Пераможца літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» імя Анатоля Сыса (2019). Зборнік «Volumen.2» названы лепшай паэтычнай кнігай года паводле версіі Радыё Свабода (2020). Лаўрэат прэміі «Добры Слімак» LIII за адданасць беларускай літаратуры і напісанне рэцэнзій (6 жніўня 2024).

Крыніцы