Будаўнічая ашчадная каса або будаўнічае таварыства — гэта спецыялізаваны банк. Крыніцай рэсурсаў для мэтавых жыллёвых пазык у будашчадкасе з’яўляюцца ўклады грамадзян, плата пазыкоўцаў за карыстанне жыллёвай пазыкай, а таксама дзяржаўная прэмія, якая выплачваецца ў адпаведнасці з кантрактам аб будаўнічых ашчаджэннях пры ўмове, што ўкладчык на працягу года ўнёс на свой рахунак пэўную суму.
Жыллёвы крэдыт можа атрымаць толькі ўкладчык будашчадкасы па заканчэнні пэўнага часу (звычайна некалькі гадоў), на працягу якога ён штомесяц рабіў уклады на вызначаную ў кантракце суму. Працэнтныя стаўкі (як на ўклад, так і на крэдыт) фіксаваныя на ўвесь час дзеяння кантракта.
У Германіі У Германіі будаўнічыя ашчадныя касы (ням.: Bausparkasse) пачалі ўзнікаць яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя ў шахцёрскіх пасёлках. Іх дзейнасць была арганізавана па наступным прынцыпе: калі для будаўніцтва аднаго дома патрабавалася 10 тысяч грашовых адзінак, а кожны ахвотны абзавесціся ўласным жыллём мог ашчадзіць за год толькі тысячу, то, адпаведна, ён мог пабудаваць жыллё толькі праз 10 гадоў.
У выпадку аб’яднання зберажэнняў дзесяці такіх ахвотных адзін з іх мог набыць жыллё ўжо праз год, другі — праз два і г. д. У выйгрышы апынаюцца ўсе, акрамя апошняга. Гэта кампенсуецца тым, што першы, хто пабудаваў, уносіць у пагашэнне доўгу крыху больш за тысячу, кожны наступны — крыху менш. Такім чынам, той, хто будуе пазней, атрымлівае жыллё трохі танней .
У Беларусі У Беларусі ў 2025 годзе была запушчана абноўленая дзяржаўная сістэма жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў на базе дзяржаўнага банка «Беларусбанк», якая з’яўляецца абноўленым варыянтам сістэмы жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў, створанай у студзені 2021 года на аснове Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.10.2020 № 382 «Аб дзяржаўнай сістэме жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў». Усяго за час існавання сістэмы жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў у Беларусі на базе «Беларусбанка» (з ліпеня 2006 года па верасень 2025 года) было аформлена больш за 50 тыс. жыллёва-назапашвальных укладаў .
Беларуская дзяржаўная сістэма жыллёвых будаўнічых ашчаджэнняў уяўляе сабой праграму, у межах якой удзельнік заключае дагавор і абавязваецца рэгулярна (тэрмінам ад 26 да 62 месяцаў) уносіць грашовыя сродкі на спецыяльны рахунак. Пасля дасягнення агаворанай часткі кошту жылля (ад 30 да 50 %), банк дае крэдыт (на тэрмін да 15 гадоў) на астатнюю частку. Асаблівасцю сістэмы з’яўляецца тое, што ў ёй прысутнічае фінансавая падтрымка дзяржавы ў выглядзе штомесячнай прэміі (10 % ад стаўкі рэфінансавання НБРБ), якая, нароўні з працэнтамі па ўкладзе, вызвалена ад падаходнага падатку.
У Беларусі блізкай да будаўнічай ашчаднай касы па функцыях і мэтах арганізацыяй з’яўляюцца спажывецкія кааператывы, якія выконваюць функцыі жыллёвага ашчаднага кааператыва. Найбуйнейшым падобным кааператывам у Беларусі з’яўляецца «Жыллёвы баланс», колькасць удзельнікаў якога перавысіла 20 тыс. чалавек (па стану на верасень 2025 года). У падобным спажывецкім кааператыве выкарыстоўваюцца сродкі ўдзельнікаў для куплі жылля з наступнай перадачай яго ў растэрміноўку (на тэрмін да 15 гадоў), пры гэтым права ўласнасці члену кааператыва пераходзіць толькі пасля поўнага разліку.
Крыніцы
Катэгорыя:Крэдыт Катэгорыя:Банкаўская справа