Іканагра́фія (ад  — «выява, відарыс, вобраз» і  — «пішу») — у выяўленчым мастацтве дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-небудзь персанажаў ці сюжэтных сцэн; апісанне і класіфікацыя тэм, сюжэтаў, матываў, персанажаў незалежна ад асаблівасцей гістарычнага тыпу мастацтва, мастацкага кірунку, плыні, стылю і школы, спосабаў і сродкаў мастацкага выказвання.

У больш шырокім сэнсе іканаграфія адносіцца да літаратурнай дзейнасці, якая апісвае толькі прадметны план і не закранае методыку і тэхніку выяўленчай творчасці. Гэты від дзейнасці зарадзіўся ў антычнасці ў форме экфрасіса — апісання твора выяўленчага мастацтва. Інтэнсіўнае развіццё ён атрымаў у Новы час у сувязі з пашырэннем і ўскладненнем сюжэтаў і сімвалаў выяўленчага мастацтва і архітэктуры. Пад іканаграфіяй таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-небудзь чалавека ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі альбо кірунку ў мастацтве.

У выяўленчым мастацтве

У больш вузкім значэнні, з-за складанасці тэм, тэрмін часцей адносяць да хрысціянскага мастацтва. У старажытным рэлігійным мастацтве каноны іканаграфіі былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй. У хрысціянскай іканаграфіі вылучаюць такія галоўныя тэмы, як іканаграфія Маці Божай і Ісуса Хрыста. У індуісцкай і будыйскай іканаграфіі даследуецца іканаграфія Вішну, Шывы, Лакшмі, жаночых бажаствоў, напрыклад, Дургі, а таксама Буд, архатаў і бадхісатваў у будыйскім мастацтве.

З пашырэннем у мастацтве новага зместу іканаграфічныя схемы паступова змяняліся і ўскладняліся на працягу стагоддзяў. Абміршчэнне мастацтва, развіццё рэалізму, мастацкіх стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў выклікалі як большую свабоду тлумачэння старых іканаграфічных схем і сюжэтаў, так і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных тэм.

Гісторыя развіцця метаду

Іканаграфія выяўленчага мастацтва ўзыходзіць да трактатаў ранняга хрысціянства і заходнееўрапейскага Сярэднявечча, перш за ўсё да твора «Пра нябесную іерархію» Псеўда-Дыянісія Арэапагіта. На аснове гэтага тэксту распрацоўваліся кампазіцыі абразоў і фрэсак, а таксама каноны адлюстравання «Сіл нябесных» у якасці тлумачэння і адлюстравання праз «непадобныя сімвалы», што стала асновай сімвалізму сярэдневяковага мастацтва. Хрысціянскія экзгеты складалі протаграфы — асновы кананічных ізводаў пры адлюстраванні свяшчэнных асоб. Да тэкстаў Псеўда-Дыянісія звяртаўся абат Сугерый, настаяцель абацтва Сен-Дэні, распрацоўваючы іканаграфічную праграму вітражоў, архітэктурных і скульптурных дэталей базілікі.

«Энцыклапедыяй сярэдневяковага мастацтва» лічацца асобныя кнігі «Вялікага люстэрка» (), складзеныя Вінцэнтам з Бавэ ў 1310—1325 гадах. Для ўсходнехрысціянскага мастацтва характэрны зводы прарысяў і «перакладаў», «ліцавых» (выяўленчых) і тлумачальных сапраўднікаў (з кароткімі апісаннямі правіл і тэхнічных настаўленняў майстру), а таксама вялікія абразы, якія часам уключаюць больш за сотню малых выяў. «Літаратурны сцэнарый» іканапісных кампазіцый выкладаўся ў пролагах (скарочаным зводзе жыцій) і святцах.

Крыніцай сюжэтаў для мастакоў служылі розныя перапрацоўкі твораў антычных аўтараў у хрысціянскім маралізатарскім духу, напрыклад, «Маралізаваны Авідзій» () П’ера Берсюіра. Лацінская версія гэтага твора ў 15 кнігах была апублікавана ў 1342 годзе і ўяўляла сабой перакладанне антычных міфаў з маралізатарскімі сентэнцыямі. Пазней з’явіліся іншыя падобныя аўтары — «міфографы», творы якіх мастакі выкарыстоўвалі нароўні з «Залатой легендай» для надання антычным сюжэтам хрысціянскай афарбоўкі. У выніку з’явіўся новы жанр выяўленчага мастацтва, які атрымаў назву «маралітэ» ().

У мастацтвазнаўстве метад іканаграфіі як спосаб апісання і сістэматызацыі тыпалагічных прыкмет склаўся ў 1840-я гады ў Францыі і Германіі. Ён выкарыстоўваўся для вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый і атрыбутаў. У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя метад пашырыўся і на іншыя краіны. У 1890-х гадах іканаграфію вывучаў выдатны французскі медыевіст Э. Маль, які першым пачаў супастаўляць скульптуры гатычных сабораў з рэлігійнымі тэкстамі. Яго справу працягваў А. Грабар. Рускі гісторык мастацтва Н. П. Кандакоў выкарыстоўваў метад для вывучэння візантыйскіх традыцый і стварыў фундаментальныя працы па іканаграфіі Ісуса Хрыста (1905) і Маці Божай (1914—1915). Археолаг П. І. Севасцьянаў ствараў «Ключ хрысціянскай іканаграфіі».

Іканаграфія стала асновай іканалагічнага метаду, заснавальнікам якога з’яўляецца А. Варбург, а паслядоўнікамі — Ф. Заксль, Э. Вінд, Р. Віткавер і Э. Панофскі. Метад іканаграфіі пакладзены ў аснову методыкі атрыбуцыі («знаўства»), яскравым прадстаўніком якой быў Б. Берэнсан. Звяртанне да іканаграфіі, якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сацыяльнага і эстэтычнага аспекту мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення мастацкага твора. Тэрмін таксама прымяняецца да архітэктуры.

«Іканаграфія» ван Дэйка У гісторыі мастацтва таксама вядома канкрэтная серыя гравіраваных партрэтаў пад назвай «Іканаграфія», якую стварыў фламандскі жывапісец і гравёр А. ван Дэйк. Вярнуўшыся ў 1627 годзе з Італіі, Германіі і Англіі ў родны Антверпен, ён задумаў адлюстраваць сваіх сучаснікаў. Васямнаццаць партрэтаў ён награвіраваў самастойна ў змяшанай тэхніцы афорта і разца. Па яго малюнках працавалі гравёры Л. Ворстэрман, П. Понтыюс, Дж. Грынхіл, С. Болсверт, П. дэ Ёдэ і іншыя. Побач з каранаванымі асобамі, кардыналамі і мецэнатамі былі змешчаны партрэты саміх мастакоў, у тым ліку ўласны партрэт ван Дэйка і партрэт яго куміра П. П. Рубенса. Першае выданне серыі (80 лістоў) выйшла ў 1632 годзе, а другое, пасля смерці мастака, — у 1645 годзе (100 лістоў).

У музыцы У музыказнаўстве іканаграфія з’яўляецца дапаможнай навуковай дысцыплінай па гісторыі музыкі, інструментазнаўства і музычнай этнаграфіі. Яна займаецца апісаннем, вывучэннем, сістэматызацыяй і каталагізацыяй твораў выяўленчых мастацтваў на музычную тэматыку. Наскальныя малюнкі, археалагічныя прадметы, фрэскі і абразы, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура і кераміка захавалі каштоўныя дакументальныя звесткі пра музычную культуру розных эпох. Яны даюць інфармацыю пра функцыянаванне музычнага мастацтва ў грамадстве, формы і канструкцыі музычных інструментаў, спосабы іх трымання, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, а таксама пра кампазітараў і выканаўцаў.

Першай спробай музычнай іканаграфіі лічыцца праца нямецкага лексікографа Э. Л. Гербера (1783), дзе была прыведзена іканаграфія музыкантаў. Дысцыпліна актыўна распрацоўваецца з пачатку XX стагоддзя. З 1961 года ў ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах».

У гістарычнай навуцы У гістарычнай навуцы іканаграфія — гэта сістэма прыёмаў і методыка вызначэння даставернасці выявы пэўнай асобы ці падзеі, іх апазнання і датавання. У XX—XXI стагоддзях прынцыпы гістарычнай іканаграфіі распаўсюджваюцца на фота- і кінаматэрыялы. Таксама пад іканаграфіяй разумеюць сукупнасць выяў канкрэтнага чалавека (напрыклад, Ф. Скарыны, Ефрасінні Полацкай, У. І. Леніна, А. С. Пушкіна).

У біялогіі Акрамя таго, тэрмін выкарыстоўваецца ў біялогіі для абазначэння сукупнасці выяў аднатыпных біялагічных аб’ектаў (напрыклад, насякомых), выкананых па вызначаных правілах.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Мастацтвазнаўства Катэгорыя:Музыказнаўства Катэгорыя:Гістарычныя дысцыпліны Катэгорыя:Хрысціянская іканаграфія