Антон Рудак () — беларускі паэт, гісторык і краязнавец, журналіст.
Біяграфія Нарадзіўся 9 жніўня 1989 года ў Мінску. Скончыў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Архівазнаўства». Таксама навучаўся ў Школе маладога пісьменніка.
Станам на люты 2014 года працаваў вэб-рэдактарам. Прынамсі з 2022 года супрацоўнік газеты «Культура», аглядальнік.
Прафесійная дзейнасць Як гісторык даследуе мінулае Мінска. У абшары інтарэсаў часы нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў Беларусі і Мінска ў прыватнасці.
У маі 2021 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча выступіў з лекцыяй «З гісторыі мінскага падполля» пра ўдзельнікаў савецкага і польскага (СУБ-АК, «Вахляж») рухаў супраціву ў акупаваным Мінску.
Як краязнавец цікавіцца фотадакументамі і малавядомымі старымі будынкамі. Праводзіць тэматычныя лекцыі і экскурсіі ў Мінску, у тым ліку прысвечаныя постаці Уладзіміра Караткевіча.
Творчасць Стварае паэзію, прозу і перакладае. Вершы публікаваліся ў «Нашай Ніве» і «Дзеяслове».
У 2014 годзе быў першым беларускім літаратарам у праграме «Рэзідэнцыя маладога літаратара ў Вільні».
У 2014 годзе ў серыі «Пункт адліку» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў дэбютны паэтычны зборнік «Верхні горад», куды ўвайшлі вершы напісаныя ў 2009—2014 гадах. Рэдактарам быў Андрэй Хадановіч, вокладку аформіла Ксенія Шталянкова, прэзентацыя адбылася 3 лістапада 2014 года ў мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ».
Таксама займаецца мастацкім перакладам з польскай мовы.
Прызнанне Пераможца літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» імя Ларысы Геніюш у намінацыі «Паэзія» (2012). Фіналіст літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за 2014 год з кнігай паэзіі «Верхні горад». Лаўрэат прэміі «Кніга году» (2014) за кнігу паэзіі «Верхні горад».
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Краязнаўцы Мінска