Але́сь (Аляксей) Карпо́віч (, Трашчычы — , Варшава) — заходнебеларускі грамадскі дзеяч, рэдактар і выдавец.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён). Скончыў 7 класаў Віленскай духоўнай семінарыі. У 1923 годзе вырашыў працягнуць навучанне ў Празе. Разам з сябрамі, Лявонам Шавейкам і Юркам Мухам, даехаў да Вільні, дзе ў Беларускім нацыянальным камітэце не без цяжкасці атрымаў накіраванне на вучобу ў Чэхаславакію, дзе ў той час студэнты з Заходняй Беларусі атрымлівалі там стыпендыі ўрада Томаша Масарыка. Не зважаючы на ўгаворы віленскіх камітэтчыкаў застацца і атрымаць атэстат сталасці на радзіме, да Прагі дабіраўся нелегальна.
Старшыня пражскага Беларускага камітэта параіў юнакам спачатку ўладкавацца на працу, аднак з-за адсутнасці дакументаў на права пражывання гэта было складана. З цяжкасцю атрымаўшы пашпарт, Алесь Карповіч працаваў чорнарабочым на будоўлі. З-за цяжкай працы і мізэрнага заробку не меў сіл і часу наведваць падрыхтоўчыя курсы, таму спачатку не быў дапушчаны да іспытаў у вышэйшую навучальную ўстанову. Доўгі час ён нават не пісаў сваякам на радзіму, каб не засмучаць іх. Пазней здолеў наладзіць перапіску з дзядзькам з Амерыкі і пачаў атрымліваць ад яго матэрыяльную дапамогу. У выніку дамогся свайго і стаў студэнтам ляснога факультэта Пражскай палітэхнікі, якую скончыў у 1931 годзе.
Падчас жыцця ў Чэхаславакіі актыўна ўдзельнічаў у беларускім эмігранцкім жыцці і дзейнасці розных арганізацый. Згодна з архіўнымі дакументамі, значыўся пад нумарам 14 у спісе членаў студэнцкай секцыі «Беларускай грамады» (Думкі паступовай), якую ўзначальваў Ксенафонт Бусько. Далучыўся да марксісцкай групы, удзельнікі якой супрацоўнічалі з чэшскімі газетамі, публікуючы матэрыялы пра жыццё простага люду ў Заходняй Беларусі, а таксама арганізоўвалі беларускія вечары мастацкай самадзейнасці. З’яўляўся сябрам левага Саюза студэнтаў — грамадзян БССР. 30 кастрычніка 1926 года быў абраны ў склад прэзідыума саюза. З канца 1927 па першую палову 1928 года займаў пасаду намесніка старшыні гэтай арганізацыі.
У 1927 годзе разам з іншымі студэнтамі сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі Міхасём Чаротам, Цішкам Гартным, Янкам Купалам, Міхасём Зарэцкім, якія наведалі Прагу.
У 1931 годзе вярнуўся на радзіму, адслужыў у польскай арміі, пасля чаго ненадоўга завітаў дадому і пераехаў у Вільню. Знаходзячыся пад уплывам пражскага асяроддзя і традыцый беларускага асветніцтва, паспрабаваў свае сілы на ніве рэдактара і выдаўца. У чэрвені 1933 года пачала выходзіць яго «Беларуская газета». Выданне існавала ў надзвычай цяжкіх матэрыяльных умовах і трымалася шмат у чым дзякуючы ахвярнасці самога рэдактара. На старонках газеты друкаваліся заходнебеларускія пісьменнікі: П. Пестрак, М. Танк, М. Васілёк і іншыя. Таксама да выдання дасылаў свае вершы паэт з Карэліччыны Алесь Мілюць (пад псеўданімам Алесь Нядоля). Паколькі газета абараняла інтарэсы працоўных, прапагандавала ідэю ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і закранала вострыя пытанні, асобныя яе нумары канфіскоўваліся польскімі ўладамі.
У снежні 1933 года па ініцыятыве газеты адбыўся нелегальны з’езд заходнебеларускіх пісьменнікаў. Пасля гэтага польскія ўлады канчаткова забаранілі выданне (выпуск спынены ў студзені 1934 года), а Алесь Карповіч быў арыштаваны 13 лютага 1934 года і прыгавораны да васьмі гадоў зняволення. Правёў у турме чатыры гады, выйшаўшы датэрмінова ў 1937 годзе.
Напярэдадні і падчас вайны працаваў інжынерам у Навагрудскім лясгасе, а пазней — у Шчучынскім лясніцтве. За гэта быў рэпрэсіраваны савецкімі ўладамі. Восем гадоў правёў у сталінскіх лагерах. Пасля вызвалення працаваў майстрам на лесанарыхтоўках у Карэліі. Пазней выехаў у Варшаву, дзе на той час жылі яго жонка Каміла і дачка Вольга. Дачка нарадзілася пасля арышту Алеся Карповіча, таму бацька сустрэўся з ёй упершыню толькі пасля вызвалення. У 1960 годзе дамогся перагляду сваёй справы і быў рэабілітаваны. З-за цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў страціў здароўе і правае вока.
Памёр 10 мая 1986 года. Пахаваны ў Варшаве.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1901 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Карэліцкім раёне Катэгорыя:Памерлі 10 мая Катэгорыя:Памерлі ў 1986 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Беларусы ў Чэхаславакіі Катэгорыя:Беларусы ў Польшчы Катэгорыя:Постаці Заходняй Беларусі Катэгорыя:Журналісты Заходняй Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР