Цэліна Шыманоўская, (пол. Felicja Celina Franciszka Józefa Szymanowska, 16 ліпеня 1812 года, Варшава — 5 сакавіка 1855), жонка славутага паэта і публіцыста Адама Міцкевіча.
Біяграфія
Цэліна была дачкой Юзэфа Шыманоўскага і вядомай піяністкі і кампазітаркі Марыі Агаты Шыманоўскай, продкі якой (як і яе мужа) паходзілі з гэтак званых "франкістаў" — габрэйскай містычнай секты, паслядоўнікаў ілжэ-месіі Якуба Франка (1726—1791), якія ў выніку навярнуліся ў каталіцызм. Сястра Цэліны Гелена была замужам за сябрам універсітэцкага юнацтва Міцкевіча Францішкам Малеўскім, з карэспандэнцыі з якім нарадзілася ідэя будучага шлюбу, у мэтазгоднасці якога Міцкевіч, аднак, не быў упэўнены. Цэліна прыехала ў Парыж па ўласнай ініцыятыве і сама прапанавала Міцкевічу шлюб. Яна выйшла замуж за Адама Міцкевіча 22 ліпеня 1834 года, быўшы на 14 гадоў маладзейшая за мужа.
У шлюбе, які працягнуўся да яе смерці, нарадзілася 6 дзяцей. У пары даволі хутка пачаліся сямейныя разлады. Цэліну не любілі многія вядомыя польскія эмігранты з атачэння Міцкевіча, у тым ліку паэт-рамантык Зыгмунт Красінскі. Яе абвінавачвалі ў марнатраўстве, няўменні добра гатаваць, жаданні дамінаваць над мужам і ў псіхічнай нестабільнасці. Цэліна пачала пакутаваць ад псіхічнага захворвання, імаверна, ад цяжкай дэпрэсіі. У 1838 годзе яна абвесціла сябе прарочыцай, увасабленнем Маці Божай і вызваліцельніцай Польшчы, польскіх эмігрантаў і яўрэяў. Яна таксама сцвярджала, што мае моц цудоўнага вылекавання хворых. У снежні 1838 года Міцкевіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Цэліну на пэўны час змясцілі ў шпіталь для псіхічна хворых, але спосабы лячэння там былі папросту садысцкімі: хворых запалохвалі, пазбаўлялі сну, аблівалі халоднай вадой і гэтак далей. Пад час хваробы жонкі Міцкевіч здраджваў ёй з піяністкай Ксаверыяй Дэйбель. Анджэй Тавяньскі здолеў вызваліць Цэліну са шпіталю, пераканаўшы яе і атачэнне Міцкевіча што яна выздаравела, што, аднак, было няпраўдай — у далейшым у яе не раз здараліся абвастрэнні. Яна стала гарачай прыхільніцай Тавяньскага і ягонага "Кола Справы Божай".
Цэліна памерла ад рака 5 сакавіка 1855 года і пахавана пачаткова на могілках Пер-Лашэз у Парыжы; пазней парэшткі былі перанесеныя на могілкі Шампо ў Манмарансі, дзе сямейнае пахаванне Міцкевічаў існуе да сёння.
Адам Міцкевіч пакінуў Парыж 11 верасня 1855 года і прыбыў у Канстанцінопаль праз адзінаццаць дзён. Там ён працаваў над арганізацыяй польскіх войскаў для барацьбы разам з асманамі супраць Расіі. Ён памёр 26 лістапада 1855 года, праз восем месяцаў пасля смерці жонкі, ад дагэтуль невысветленай прычыны. Дзеці засталіся ў Парыжы. Арман Леві, сябар і сакратар Міцкевіча, прывёз парэшткі паэта ў Францыю і, паводле завяшчання Міцкевіча, стаў апекуном яго і Цэліны непаўналетніх дзяцей.
Дзеці
Марыя Міцкевіч (1835-1922) Уладзіслаў Міцкевіч (1838-1926) Гелена Міцкевіч (1840-1897) Аляксандр Міцкевіч Ян Міцкевіч Юзаф Міцкевіч (1850-1938)
Крыніцы
Літаратура
Alina Witkowska, Celina i Adam Mickiewiczowie (Celina and Adam Mickiewicz), Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1998, ISBN 8308029000. Alicja Zdziechowicz, "Celina – kobieta, która nie mieściła się w legendzie wieszcza" // O czym nie mówią nam poloniści (What the Polish-Literature Scholars Do Not Tell Us), Warsaw, Wydawnictwo Szkolne PWN, 2011, ISBN 978-83-262-1014-3, pp. 162–163. Jadwiga Maurer, « », The Polish Review, vol. 34, no 4, 1989, p. 335–347 (ISSN 0032-2970,)
Катэгорыя: Адам Міцкевіч