Вае́ннае ўпраўле́нне Беласто́к-Гро́дна () — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Германскай імперыі, якая існавала на акупіраваных тэрыторыях сучасных заходняй Беларусі і ўсходняй Польшчы (у межах ваеннага ведамства Обер Ост) падчас Першай сусветнай вайны з 1 лістапада 1916 года да 1 лютага 1918 года.

Гісторыя Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была ўтворана ў адпаведнасці з распараджэннем Галоўнакамандуючага на Усходзе генерал-фельдмаршала прынца Леапольда Баварскага «Аб зліцці ўпраўленняў Гродна і Беласток» ад 10 кастрычніка 1916 года. Згодна з дакументам, пачынаючы з 1 лістапада 1916 года Галоўнае ўпраўленне Гродна () скасоўвалася, а яго тэрыторыя цалкам далучалася да Галоўнага ўпраўлення Беласток. Новае аб'яднанае ўпраўленне атрымала афіцыйную назву ўпраўленне Беласток-Гродна (). З 4 сакавіка 1917 года згодна з інструкцыяй шэфа штаба Усходняга фронту М. Гофмана для ўсіх упраўленняў зоны Обер Ост, у тым ліку і для Беласток-Гродна, быў уведзены тэрмін «ваеннае ўпраўленне» ().

Цэнтрам аб'яднанага ўпраўлення стаў горад Беласток. Шэфам ваеннага ўпраўлення быў прызначаны ротмістр ландвера ў запасе Тэадор фон Хепэ, які да гэтага з'яўляўся пастаянным прадстаўніком шэфа ўпраўлення Беласток. Пасаду яго пастаяннага прадстаўніка заняў капітан запаса фон Услар.

Ваеннае ўпраўленне Беласток-Гродна спыніла сваё існаванне ў сувязі з чарговай адміністрацыйнай рэформай. Згодна з распараджэннем Галоўнакамандуючага на Усходзе ад 27 студзеня 1918 года, з 1 лютага 1918 года яно было аб'яднана з ваенным упраўленнем Літва ў адзінае Ваеннае ўпраўленне Літва з цэнтрам у Вільні. Тэрыторыя былога ўпраўлення Беласток-Гродна ўвайшла ў яго склад пад назвай раён Поўдзень ().

Тэрыторыя і дэмаграфія На ліпень 1917 года тэрыторыя ваеннага ўпраўлення Беласток-Гродна складала каля 26,5 тысяч квадратных кіламетраў. Насельніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі налічвала 713,6 тысяч чалавек. У адміністрацыйным плане ўпраўленне падзялялася на тры гарадскія паветы () і адзінаццаць сельскіх паветаў ().

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Гарадскімі паветамі кіравалі начальнікі гарадоў (), а сельскімі — начальнікі паветаў (). Ніжэй прыведзены спіс усіх паветаў ваеннага ўпраўлення і іх кіраўніцтва на перыяд 1917 года.

+ Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ваеннага ўпраўлення Беласток-Гродна Павет Тып павета Цэнтр Начальнік павета (глава) Міравы суддзя Беласток Гарадскі Беласток салдат Леман (да ліпеня 1917), капітан запаса Рошэр адвакат Дайтэрт Гродна Гарадскі Гродна кап. ландвера Вайсенборн, кап. запаса Юнг (з сакавіка 1917), ст. лейт. запаса фон Зекендорф (з лістапада 1917) адвакат Госе Ліда Гарадскі Ліда кананір Альберс канонір д-р Гофман (да ліпеня 1917), адвакат і натарыус д-р Шлютэр (з кастрычніка 1917) Беласток Сельскі Беласток капітан запаса Вельман адвакат Рюмелін Бельск Сельскі Бельск ротмістр запаса фон Вальдаў, капітан запаса Крэмер (з сакавіка 1917) унтэр-афіцэр д-р Шлютэр, адвакат Вер (з ліпеня 1917) Васілішкі Сельскі Васілішкі (суч. Шчучынскі раён) ротмістр Сімон, ротмістр запаса Яфа (з чэрвеня 1917) суддзя і натарыус д-р Панзеграў Ваўкавыск Сельскі Ваўкавыск капітан ландвера Хундхаўзен адвакат д-р Вундэрліх Гродна Сельскі Гродна маёр Шоерман, капітан запаса Юнг (з чэрвеня 1917) судовы заседацель лейтэнант Функе Крынк-Лунна Сельскі Алекшыцы лейтэнант ландвера Фрюбуц адвакат д-р Юліус Ост Сельскі Дзятлава ландштурміст Хайлігер адвакат Вільмаў Плянты Сельскі Шчучын капітан запаса Ліндэман судовы заседацель лейтэнант запаса Хемпель Радунь Сельскі Гродна капітан запаса Лааш суддзя д-р Гофман Свіслач Сельскі Свіслач капітан запаса Крэмер, ст. лейтэнант запаса фон Путкамер (з сакавіка 1917) адвакат Рёдэр Сокалка Сельскі Сокалка капітан ландвера Нінаў судовы заседацель д-р Міхаэлі

Структура адміністрацыі Кіраванне ваенным упраўленнем ажыццяўлялася праз тры асноўныя аддзелы (), якія ў сваю чаргу падзяляліся на спецыялізаваныя аддзяленні ().

+ Структура цэнтральнага апарата ваеннага ўпраўлення Беласток-Гродна Аддзел Кіраўнік аддзела Сфера дзейнасці і функцыі I. Цэнтральны капітан фон Услар Арганізацыя адміністрацыі, кадравыя пытанні, муніцыпальная гаспадарка, паліцыя, збор падаткаў і пошлін, пашпартызацыя, медыцынская і ветэрынарная службы, адукацыя, цэнзура і забеспячэнне служачых. II. Эканамічны маёр запаса фон Бланкенбург (пазней ротмістр запаса Вільке) Сельская гаспадарка (сеў і збор ураджаю), забеспячэнне харчаваннем арміі і насельніцтва, адпраўка прадукцыі ў Германію, жывёлагадоўля, арганізацыя прымусовых работ і рэквізіцый. III. Гандлёвых адносін і сыравіны капітан Хільгер Кантроль за гандлёвымі і грашовымі адносінамі, імпарт і экспарт, закупка і збор сельскагаспадарчай прадукцыі, нагляд за прамысловасцю (уключаючы фабрычную інспекцыю пад кіраўніцтвам лейтэнанта Ліфке).

Судовая сістэма і паліцыя Судовая ўлада ў ваенным упраўленні Беласток-Гродна была прадстаўлена адным акруговым судом () і 14 міравымі судамі (). Акруговы суд узначальвалі два суддзі: кіраўнік юрыдычнага аддзялення цэнтральнага аддзела д-р Зігерт і ландштурміст д-р Кісаў. Пракуратурай кіраваў лейтэнант ландвера Кульман.

Органамі бяспекі і паліцыі кіраваў маёр Ольсніц, які з'яўляўся кіраўніком жандармерыі. 1 верасня 1917 года згодна з распараджэннем Галоўнакамандуючага на Усходзе для ваеннага ўпраўлення Беласток-Гродна было створана асобнае мабільнае ваеннае фарміраванне, якое падпарадкоўвалася непасрэдна Галоўнаму ўпраўленню Обер Ост.

Перыядычны друк Афіцыйнымі друкаванымі органамі ваеннага ўпраўлення былі дзве газеты: Bialystoker Zeitung («Беластоцкая газета») і Grodnoer Zeitung («Гродзенская газета»). Пасля аб'яднання ўпраўленняў ролю галоўнага афіцыйнага органа пераняла «Bialystoker Zeitung», але гродзенскае выданне захавала сваё лакальнае значэнне. «Grodnoer Zeitung» выдавалася з 1 снежня 1915 года па 25 снежня 1918 года на нямецкай мове з укладкамі на польскай і ідыш. У гэтых выданнях публікаваліся нарматыўныя акты, распараджэнні і актуальная службовая інфармацыя для мясцовага насельніцтва.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Германская акупацыя Беларусі (1915—1918) Катэгорыя:З’явіліся ў 1916 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1918 годзе