Акамада́цыя ( — прыстасаванне) — розная ступень прыстасавання суседніх зычных і галосных гукаў; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў.

Пры максімуме акамадацыі паміж гукамі ўзнікаюць так званыя глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для старажытных моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць беларускае цеканне і дзеканне.

Паколькі кожны гук мовы складаецца з экскурсіі (пачатковага ўчастка), вытрымкі (найбольш характэрнай часткі гучання) і рэкурсіі (канцавога ўчастка), акамадацыя найчасцей выражаецца ў змене экскурсіі і рэкурсіі.

Тыпы Вылучаецца вакалічная і кансанантная акамадацыі: Вакалічная — прыстасаванне галосных гукаў да зычных: напрыклад, галосныя [а], [о], [у] пад уздзеяннем мяккіх зычных становяцца больш пярэдняга ўтварэння: мята — [м’˙а]та, лёд — [л’˙о]д, людзі — [л’˙у]дзі. Кансанантная — прыстасаванне зычных гукаў да галосных: лабіялізацыя або палаталізацыя зычных.

Акамадацыя таксама бывае: прагрэсіўная, калі артыкуляцыя наступнага гука змяняецца пад уплывам папярэдняга. У беларускай мове прагрэсіўная акамадацыя назіраецца паміж папярэднімі мяккімі зычнымі і наступнымі галоснымі гукамі, пачатак якіх характарызуецца і-падобным пераходным элементам, у выніку чаго рад любога галоснага ссоўваецца ў больш пярэднюю зону. У дыялектнай мове ў выніку паслаблення акамадацыі гэты пераходны элемент можа набываць значэнне самастойнага гука (параўнайце літаратурнае пята, мяса і дыялектнае пйата, мйаса). рэгрэсіўная — акамадацыя пры ўплыве наступнага гука на папярэдні: Яе яскравы прыклад — агубленне (вымаўленне пры выцягнутых уперад і акругленых губах) зычных перад наступнымі лабіялізаванымі галоснымі [о] або [у]: [с°]он, [д°]умка, [м°]узыка. У складах з неагубленымі галоснымі [а], [э], [ы] папярэднія зычныя вымаўляюцца пры нейтральным становішчы губ. Перад мяккімі зычнымі канцавы ўчастак папярэдняга галоснага больш пярэдняга рада, чым перад цвёрдымі. Пры спалучэнні цвёрдых зычных з галоснымі пярэдняга рада [і], [э] зычныя гукі палаталізуюцца: бры[д]у — бры[z’]еш; пля[т]у — пля[ц’]еш.

Крыніцы

Катэгорыя:Фанетычныя змены