Мары́я Васі́льеўна Ле́бедзева (; 1895, Санкт-Пецярбург — 1942) — расійская і беларуская мастачка, графік, керамістка і педагог.

Біяграфія Нарадзілася ў 1895 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Мастацкую адукацыю атрымала ў школе Таварыства заахвочвання мастацтваў, якую скончыла ў 1917 годзе. Была вучаніцай І. Я. Білібіна. Падчас навучання мастачку неаднаразова адпраўлялі ў камандзіроўкі як па Расіі, так і за мяжу. Акрамя таго, яна здзейсніла паездку па паўночных рускіх гарадах разам са сваёй школьнай сяброўкай А. В. Шчакаціхінай. Пасля заканчэння школы працавала з графікай і ў галіне дэкаратыўнага мастацтва. Свае працы экспанавала на выстаўках аб'яднанняў «Свет мастацтва» і «Абшчына мастакоў». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года працавала ў сярэдніх школах настаўніцай малявання, а таксама мастацкім кіраўніком у дзіцячых клубах.

З 1919 па 1924 год працавала спачатку ў філіяле жывапіснага цэха пры былым вучылішчы барона А. Л. Штыгліца, а пазней на Дзяржаўным фарфоравым заводзе ў Петраградзе.

У перыяд з 1924 па 1927 год вярнулася да педагагічнай дзейнасці: жыла ў Віцебску і выкладала прыкладное мастацтва ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (Беларускім мастацкім вучылішчы). З 1933 па 1940 год (з некаторымі перапынкамі) жыла ў Мінску і працавала то ў Мінскім мастацкім інстытуце, то на Ленінградскім фарфоравым заводзе.

Творчасць М. Лебедзева ўнесла вялікі ўклад у распрацоўку і выкарыстанне матываў народнай нацыянальнай графікі ў беларускім прыкладным мастацтве і кніжнай графіцы. За гады працы на Ленінградскім фарфоравым заводзе мастачка выканала шмат арыгінальных замалёвак для роспісу фарфору.

У многіх творах мастачкі можна заўважыць адзінства і барацьбу супрацьлегласцей, сімвалы старога і новага, мінулага і сучаснасці або сучаснасці і будучыні. У іх практычна няма стандартных сімвалаў савецкай улады або размешчаных укругавую па борце талеркі ці ў яе цэнтры крыклівых лозунгаў. Калі яна і выконвала працы для агітацыі новай улады і Кастрычніцкай рэвалюцыі, то яны бясспрэчна вылучаліся на агульным фоне сваёй арыгінальнасцю і выразнасцю. Свае творы падпісвала літарай «М» з выявай лебедзя над ёй. На некаторых працах на пярэднім баку сустракаецца поўны подпіс: «Мария Лебедева».

Творы мастачкі экспанаваліся на шматлікіх айчынных і замежных выстаўках, сярод якіх Міжнародная мастацкая выстаўка ў Парыжы (1925), выстаўкі рускага мастацтва ў Вене і Берліне (1930), а таксама выстаўка «Мастакі РСФСР за 15 гадоў» (Ленінград, 1932).

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1895 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Памерлі ў 1942 годзе Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Мастакі па фарфоры Катэгорыя:Мастакі Санкт-Пецярбурга