Яўге́н Яўгра́фавіч Ку́рлаў (; псеўданімы: К. Кова, Е. Наумов, Старый Москвич; , Варшава — , маёнтак Навасёлкі) — расійскі грамадскі і палітычны дзеяч на Гродзеншчыне, памешчык, літаратар, паэт, празаік і выдавец. Старшыня Беларускай (Рускай) управы Гарадзенскага краю (1918—1919).

Біяграфія Паходжанне і адукацыя Нарадзіўся ў сям’і патомных дваран. Бацька, Яўграф Ніканаравіч Курлаў, быў надворным саветнікам і кіраўніком Палаты дзяржаўнай маёмасці ў Варшаве, памёр у 1894 годзе. Маці, Марыя Мікалаеўна (у дзявоцтве Раманава), памерла ў 1897 годзе. Меў старэйшага брата Аркадзя, які не захацеў вучыцца далей і займаўся гаспадаркай у набытым яму маёнтку паблізу радавога гнязда.

Атрымаў якасную дамашнюю адукацыю, паступіў у прыватную гімназію Л. І. Паліванава ў Маскве. Вучэбная праграма была разлічана на дзевяць гадоў і мела гуманітарны ўхіл. Яго аднакашнікамі былі будучыя вядомыя літаратары Валерый Брусаў, Андрэй Белы, Максіміліян Валошын. У гімназіі Курлаў асабліва захапляўся рускай мовай, літаратурай і гісторыяй.

Жыццё ў Гродзенскім павеце У 1897 годзе ва ўзросце 21 года, насуперак волі бацькоў, ажаніўся з дзяўчынай Лізаветай з простай маскоўскай сям’і. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну радавы маёнтак Навасёлкі ў Лашанскай воласці Гродзенскага павета. Курлаў меў рэпутацыю дасведчанага землеўладальніка, яго паважалі сяляне і суседзі-памешчыкі за прыстойнасць і пісьменнае вядзенне гаспадаркі. Пэўны час служыў міравым пасрэднікам у Гродзенскім павеце.

Актыўна займаўся грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. У 1901 годзе быў абраны старастам царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў сяле Капцёўка. Для патрэб храма пабудаваў мураваны царкоўны дом, які захаваўся да нашага часу. Меў пяцёра дзяцей — трох дочак і двух сыноў. Каб больш часу надаваць літаратурнай і выдавецкай справе, частку зямель перадаў брату Аркадзю, які валодаў маёнткам Алекшыцы і фальваркам Франулін у Мала-Бераставіцкай воласці, а частку прадаў.

Літаратурная і выдавецкая дзейнасць Літаратурную творчасць пачаў у 1889 годзе. Актыўна публікаваўся з пачатку XX стагоддзя ў маскоўскіх выдавецтвах, у тым ліку ў І. Д. Сыціна. У яго творчасці адчуваўся ўплыў сімвалізму. Выдаў зборнікі апавяданняў «За ідэю», «Іра», драматычную фантазію «Вайна». У прадмове да сваёй кнігі вершаў (1911) пісаў, што дзеліць яе на тры часткі: сабе («безмежнаму Я»), «Табе» (містычнай душы) і «Яму» (незалежнаму розуму).

У 1910 годзе разам з паэтам Арсеніем Альвінгам заснаваў у Маскве выдавецтва «Жатва». Выдавецтва выпускала аднайменны альманах і зборнікі, дзе друкаваліся Ганна Ахматава, Аляксандр Купрын, Валерый Брусаў, Канстанцін Бальмонт, Ю. Балтрушайціс. У 1914 годзе праца рэдакцыі была прыпынена з-за прызыву супрацоўнікаў у войска ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны.

Палітычная дзейнасць у Гродне У кастрычніку 1918 года стаў адным з заснавальнікаў і старшынёй «Рускай управы Гарадзенскай губерні» — арганізацыі, што аб’ядноўвала мясцовых рускіх і беларусаў прарасійскай арыентацыі.

1—2 снежня 1918 года адкрыў Першы гродзенскі беларускі губернскі з'езд. У прамове заклікаў да абароны рускай мовы і культуры. Пасля з’езда арганізацыя змяніла назву на «Беларускую ўправу Гарадзенскага краю», што мела на мэце палітычную адаптацыю да новых умоў. У красавіку 1919 года стаў рэдактарам-выдаўцом газеты «Голос Гродно», дзе адстойваў пазіцыі агульнарускай культуры.

Гібель 7 кастрычніка 1919 года каля 23:00 Яўген Курлаў быў забіты ў сваім маёнтку Навасёлкі. Паводле матэрыялаў следства, у дом уварвалася група з 8 чалавек у польскай вайсковай форме. Рабаўнікі, ведаючы пра нядаўні продаж ураджаю, патрабавалі 200 тысяч нямецкіх марак. Калі Курлаў спрабаваў уцячы праз акно, па ім адкрылі агонь. Сведкамі забойства былі яго старэйшы сын Яўграф і пакаёўка Агата Царова.

Беларускія дзеячы таго часу лічылі забойства палітычным, прыпісваючы Курлаву перадсмяротныя словы аб вернасці Радзіме. Аднак афіцыйнае следства польскіх улад кваліфікавала гэта як крымінальнае злачынства з мэтай рабаўніцтва. Месца пахавання невядома.

Бібліяграфія «Война: Драматические фантазии в 9 картинах» (1908) «За идею и другие рассказы» (1908) «Пророк: Слово победное, радостное» (1909) «Стихи» (1911) «Ира: Вторая книга рассказов» (1911) «Князь мира» (повесць, 1914—1916) «Полымя. Послесловие к „Пророку“» (1915)

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Паэты Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1876 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Варшаве Катэгорыя:Памерлі ў 1919 годзе Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі XX стагоддзя Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Забітыя пісьменнікі Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Памерлі ў Гродзенскім раёне