Народны камітэт дапамогі яўрэям-ахвярам вайны (Піпэлс рэліф комітэ, ПРК, ) — яўрэйская дабрачынная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1915—1924 гадах у складзе Джойнта, была заснавана ў Нью-Ёрку.

К 1915 году ў ЗША ўзніклі тры яўрэйскія дабрачынныя арганізацыі: цэнтральны (CRC), амерыкана-яўрэйскі (AJRC) і аб’яднаны камітэт (Джойнт). «Народны камітэт» заснавалі 8 жніўня 1915 года на сустрэчы Адукацыйнага альянса, перад гэтым у чэрвені-ліпені праходзілі арганізацыйныя сустрэчы. Яго стварылі свецкія яўрэі-ашкеназы — прадстаўнікі левага і рабочага руху, прафесійных саюзаў, Рабочага кола і інш. 29 лістапада 1915 года ўвайшоў у склад аб’яднанага камітэта.

Джойнт адказваў за размеркаванне сродкаў між пацярпелых ад вайны ва Усходняй Еўропе і Палесціне, збор ахвяраванняў у трох камітэтах быў асобным. «Народны камітэт» часам напраўляў дапамогу непасрэдна. Джойнт меў задачы: пошук жылля для бежанцаў, медыцынская і санітарная дапамога, набыццё адзежы, абутку, паліва. Дапамагаў знаходзіць працу, аднаўляць адукацыйныя і культурныя асяродкі, гаспадарку. Народны камітэт уладкоўваў дзяцей-сірот у сем’ях з ЗША.

Сацыялісты лічылі дабрачыннасць няправільнай, але змянілі свае погляды. Камітэт звяртаўся да яўрэяў-рабочых, якія не мелі шмат грошай. Праводзіў дабрачынныя кірмашы, выступленні, музычныя туры, канцэрты, часам сумесна з іншымі камітэтамі. У ЗША і Канадзе налічваў больш за 300 000 сяброў. Падтрымліваў сувязі з яўрэямі Лацінскай Амерыкі і карыбскіх астравоў. Штогод збіраў сотні тысяч долараў. Удзельнічаў у кампаніі 1917 года па зборы 1 мільёна долараў. Многа прынеслі нацыянальныя дні дапамогі яўрэям, абвешчаныя дэкларацыяй амерыканскага прэзідэнта Вільсана, 27 студзеня 1916 і 1917 гг. У лістападзе 1920 г. было пастаноўлена, што дапамога Еўропе і Палесціне спыніцца 1 ліпеня 1921.

Спыніў усякую дзейнасць у 1924 годзе.

Старшыня Меер Лондан, затым Аляксандр Кан; намеснікі старшыні Шолам Аш, Самуэль Элсберг, Якаў Панкін, сакратар Барыс Фінгерхуд, дырэктар Борух Цукерман. Сярод вядомых сяброў: Луіс Ліпскі, Макс Пайн, Морыс Ротэнберг, Бенджамін Шлесінгер, Джозеф Шлосберг, Якаў Мілх, А. Літвак, Аб Каган, Адольф Гелд, Яфім Яшурын, Хонан Мінікес, Довід Пінскі, Рувім Гускін, Борух Чарны і інш. Спасылкі People's Relief Committee for Jewish War Sufferers Records Катэгорыя:Дабрачынныя арганізацыі Катэгорыя:З’явіліся ў 1915 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1924 годзе Катэгорыя:ЗША ў Першай сусветнай вайне