Перахо́днасць у мовазнаўстве — моўная катэгорыя, якая адлюстроўвае характар сінтаксічных уласцівасцей дзеясловаў з пункту гледжання наяўнасці або адсутнасці пры іх прамога дапаўнення.
У залежнасці ад характару накіраванасці дзеяння на аб’ект дзеясловы падзяляюцца на пераходныя і непераходныя.
Пераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое непасрэдна пераходзіць на аб’ект — назоўнік у форме вінавальнага (часам — роднага) склону без прыназоўніка: друкаваць газету, чытаць кнігу.
Непераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, не накіраванае на прамы аб’ект: любавацца прыгажосцю, дзякаваць за падмогу.
Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў (сініць — сінець, будаваць — будавацца) утварае ў мове граматычную катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. Пераходнасць не мае спецыяльных фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным (паляўнічы кружыў па лесе) і пераходным (вецер кружыў снег у полі). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці (-ся, -ца) — былы займеннік сябе, які і быў прамым дапаўненнем.
Крыніцы
Катэгорыя:Дзеяслоў Катэгорыя:Сінтаксіс