Франці́шак Пятке́віч (псеўданім Франук Маркотны; , Лепель — , Крынкі) — беларускі нацыянальны дзеяч, урач.

Біяграфія

Раннія гады і пачатак дзейнасці Паходзіў са шматдзетнай каталіцкай сям’і Станіслава Пяткевіча. Яго брат Язэп Пяткевіч вывучыўся на ксяндза ў Пецярбургу (у 1937 годзе быў расстраляны савецкімі ўладамі). У 1912 годзе ў Пецярбург пераехаў і Францішак, дзе паступіў у школу для сялянскіх дзяцей.

Яшчэ падлеткам ён далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. У студзені 1913 года пад псеўданімам Маркотны апублікаваў у газеце «Biełarus» допіс, у якім выказваў глыбокую любоў да роднага краю, беларускай вёскі і мовы, заклікаючы не саромецца свайго паходжання і не шукаць лепшай долі ў чужых гарадахБыў у нас такі дохтар... Лена Казлоўская // Czasopis Nr 03/2009. Увосень 1913 года на старонках таго ж выдання ён апісаў беларускую вечарыну ў Пецярбургу, адзначыўшы вялікую радасць ад таго, што родная мова гучыць са сцэны і збірае шмат людзей, але адначасова з жалем канстатаваў, што многія беларусы ў сталіцы ўсё яшчэ саромеюцца сваёй гаворкі.

Навесну 1914 года вярнуўся ў Беларусь. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе працаваў на пошце ў Полацку.

Студэнцкія гады і эміграцыя Пасля заканчэння ў 1921 годзе Віленскай беларускай гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Паводле звестак польскай палітычнай паліцыі за 1924 год, падчас жыцця ў Вільні Пяткевіч быў вельмі энергічным чалавекам, меў рэпутацыю «гарачага беларуса» і знаходзіўся пад моцным уплывам выбітных беларускіх каталіцкіх дзеячаў, у прыватнасці ксяндза Адама Станкевіча.

Пяткевіч быў адным з заснавальнікаў і намеснікам старшыні (з 1922 года) Беларускага студэнцкага саюза (БСС). У снежні 1921 года ён выступаў ад імя студэнтаў на перадвыбарчым з’ездзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі ў Вільні. У сваёй прамове ён падкрэсліваў, што галоўная мэта беларускага студэнцтва — несці асвету свайму народу, які застаецца ў цемры, і будзіць яго да нацыянальнага жыцця. Аднак яго спроба ўзняць аграрнае і школьнае пытанні была перапынена старшынёй сходу.

16 сакавіка 1922 года разам з іншым актывістам БСС Антонам Абрамовічам Пяткевіч прысутнічаў на аўдыенцыі ў начальніка Польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага. Варта адзначыць, што яны былі знаёмыя раней: у свой час Пяткевіч карчаваў лес у маёнтку Пілсудскага, зарабляючы грошы на вучобу. Актыўна друкаваўся ў часопісе «Наш шлях» пад псеўданімам Франук Маркотны.

Увосень 1923 года, каб пазбегнуць арышту з боку польскіх улад за палітычную агітацыю, Пяткевіч быў вымушаны кінуць Віленскі ўніверсітэт і нелегальна перабрацца ў Прагу. Там ён паступіў на медыцынскі факультэт і атрымаў стыпендыю. Нягледзячы на ўгаворы сяброў застацца ў Чэхаславакіі (пра што згадваў у сваіх лістах Янка Станкевіч), Пяткевіч моцна тужыў па радзіме і мэтанакіравана шукаў шляхі пераезду ў БССР, дзе жылі яго бацькі„Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі” (Вільня 1998, т. І, кн. 2, с. 1511—1512).

Рэпрэсіі ў СССР і вяртанне ў Польшчу У 1924 годзе ён ужо з'яўляўся студэнтам медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. Аднак пасля аднаго з выступленняў на студэнцкім сходзе Пяткевіч быў арыштаваны і высланы ў Салавецкі лагерБыў у нас такі дохтар... Лена Казлоўская // Czasopis Nr 04/2009. У 1927 годзе на Салаўках яго сустрэў рэпрэсаваны драматург Францішак Аляхновіч, які пазней згадаў гэту сустрэчу ў сваёй кнізе «У кіпцюрах ДПУ»Францішак Аляхновіч «У кіпцюрах ГПУ» с. 303.

Пазней Пяткевіча перавялі ў ссылку ў Сібір. Паводле ўспамінаў яго дачкі Барбары, Францішак здзейсніў адтуль уцёкі разам са сваім братам Вацлавам. Яны прайшлі каля 3000 кіламетраў, пераважна пешшу або хаваючыся ў таварных цягніках, і доўгі час харчаваліся карой дрэў. Падчас гэтага цяжкага падарожжа Вацлаў страціў розум і кінуўся пад колы цягніка. Францішак здолеў дабрацца да польска-савецкай мяжы і паспяхова яе перайсці.

Пасля вяртання ў Польшчу ў 1933 годзе ён аднавіўся ў Віленскім універсітэце, які скончыў у лістападзе 1936 года, атрымаўшы дыплом урача. У 1938 годзе працаваў лекарам у вёсцы Зарудззе Крамянецкага павета„Polski Almanach Medyczny na 1956 r.” Варшава. У гэты час ажаніўся з настаўніцай са Слоніма Юліяй Жаромскай (раней ён меў кароткі шлюб з польскай шляхцянкай, якая варожа ставілася да беларускага руху).

Другая сусветная вайна і паваенныя гады Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР летам 1940 года быў зноў арыштаваны органамі НКУС. Быў вызвалены з турмы толькі пасля нападу Германіі на СССР у 1941 годзе. Разам з сям'ёй пераехаў у Моўчадзь пад Баранавічамі, дзе працаваў урачомБыў у нас такі дохтар... Лена Казлоўская // Czasopis Nr 05/2009. У 1943 годзе там нарадзіўся яго сын Станіслаў, а ў 1945 годзе сям'я пераехала ў Польшчу.

У Польшчы Пяткевіч спачатку працаваў кіраўніком павятовага шпіталя ў горадзе Піш (Прусія). Жадаючы працаваць сярод беларускага насельніцтва, ён пакінуў выгадныя ўмовы і пераехаў спачатку ў Дуброву-Беластоцкую, затым ездзіў на працу ў Заблудаў. З 1951 года канчаткова атабарыўся ў горадзе Крынкі, дзе пабудаваў дом і ўзначаліў мясцовы шпіталь. Ён здабыў вялікую павагу і славу выдатнага дыягноста: нават калі пацыентам не маглі дапамагчы ў Беластоку, яны ехалі ў Крынкі да «Глухога» (так у народзе называлі Пяткевіча).

У 1956 годзе ўступіў у новаўтворанае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і ўвайшоў у яго Галоўнае ўпраўленне. Аднак неўзабаве польскія ўлады даведаліся пра яго антысавецкае мінулае; яго выключылі з кіраўніцтва і пасадзілі ў турму на год. Выйсці на волю яму дапамагла жонка, якая здолела з'ездзіць у Моўчадзь і знайсці сведак таго, што падчас вайны Пяткевіч дапамагаў савецкім партызанам.

Да канца жыцця ён заставаўся пад наглядам спецслужбаў ПНР. У паліцэйскіх данясеннях адзначалася, што Пяткевіч у размовах з Сакратам Яновічам выказваў упэўненасць у хуткім распадзе СССР і адраджэнні Беларусі, крытыкаваў калгаснае жыццё ў БССР і камуністычную газету «Ніва», а таксама выпісваў з Мюнхена эмігранцкую газету «Бацькаўшчына».

Пасля смерці першай жонкі ў 1961 годзе ажаніўся з яе сястрой Фабіянай. Памёр 8 ліпеня 1980 года, пахаваны на каталіцкіх могілках у Крынках.

Бібліяграфія

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 6 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1899 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Лепелі Катэгорыя:Памерлі 8 ліпеня Катэгорыя:Памерлі ў 1980 годзе Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Члены Беларускага студэнцкага саюза Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Медыкі Беларусі Катэгорыя:Медыкі Польшчы