Амазонскі ламанцін (Trichechus inunguis) ― від роду Ламанцінаў сямейства Ламанцінавых. Жыве ў басейне Амазонкі ў Бразіліі, Перу, Калумбіі і Эквадоры. Мае тлустую, маршчыністую скуру карычняватага або шэрага колеру і белую пляму на грудзі. Самы малы з трох відаў ламанцінаў.
Фізічныя характарыстыкі
Амазонскі ламанцін — самы малы від сямейства Ламанцінавых, вылучаецца больш гладкай гумовай скурай і не мае рудыментарных пазногцяў на ластах. Назіраная вага і даўжыня вар’іруюцца ў межах 7,5―379 кг і 76―266 см у залежнасці ад узросту, пола і ўмоў жыцця. Дзіцяняты нараджаюцца з вагай 10―15 кг і 85―105 см у даўжыню. Амазонскія ламанціны растуць прыкладна на 1,6―2,0 мм у дзень. Гэтая даўжыня вымяраецца ўздоўж згібаў цела, таму дакладная даўжыня можа адрознівацца паміж індывідамі. У сярэднім дзіцяня набірае каля 1 кг вагі за тыдзень.
Амазонскія ламанціны — буйныя водныя млекакормячыя з цыліндрычнай формай цела. Іх пярэднія канечнасці пераўтвораны ў ласты, а задніх канечнасцяў няма. Задняя частка цела заканчваецца плоскай, закругленай гарызантальнай «лопасцю». Ласты выкарыстоўваюцца для перамяшчэння па дне, пачухвання, дакрананняў, і нават «абдымання» іншых ламанцінаў, а таксама перамяшчэння ежы ў рот. Верхняя губа ламанцінаў пераўтворана ў моцна падзеленую вялікую шчаціністую паверхню. Ён можа незалежна рухаць кожным бокам губы падчас яды. Звычайна афарбоўка шэрая, а большасць амазонскіх ламанцінаў маюць выразную белую або ярка-ружовую пляму на грудзі.
Амазонскія ламанціны, як і ўсе сучасныя віды сямейства ламанцінавых — паліфіядонты, іх зубы ўвесь час замяняюцца на працягу жыцця, перасоўваюцца ад каудальнай (задняй) часткі сківіцы да растральнай (пярэдняй), што ёсць унікальнай асаблівасцю для млекакормячых. Падобная сістэма замены зубоў назіраецца толькі ў найбліжэйшых сучасных сваякоў атрада сірэн — сланоў, аднак у сланоў колькасць такіх зубоў абмежаваная. Калі зубы ламанціна перамяшчаюцца наперад, паступова пачынаецца рэзорбцыя каранёў, а тонкі слой эмалі зношваецца, пакуль зуб у выніку не выпадае. Гэтыя зубы называюцца шчочнымі зубамі; пры гэтым у ламанцінаў не адбываецца падзелу зубоў на карэнныя і малочныя. Акрамя таго, у ламанцінаў няма разцоў і іклаў. Зубы перамяшчаюцца прыкладна з хуткасцю 1-2 мм у месяц, што залежыць ад ступені зношвання і інтэнсіўнасці жавання.
Амазонскі ламанцін не мае пазногцяў на сваіх ластах, што адрознівае яго ад іншых відаў ламанцінаў. Акрамя таго, у амазонскіх ламанцінаў назіраецца вельмі невялікая ступень растральнага адхілення (каля 30,4°), якая можа служыць паказчыкам таго, у якой частцы воднай тоўшчы жывёла звычайна корміцца. Невялікая ступень адхілення азначае, што канец морды размешчаны амаль прама адносна каудальнай (задняй) часткі сківіцы. У жывёл з большым вуглом адхілення, напрыклад у дзюгоняў (каля 70°), морда значна мацней нахілена ўніз. Такія віды больш звязаныя з донным спосабам жыцця: яны кормяцца на марскім дне, і іх морда накіравана амаль вертыкальна ўніз. Толькі афрыканскі ламанцін мае яшчэ меншую ступень растральнага адхілення — каля 25,8°. Лічыцца, што такая будова павышае эфектыўнасць харчавання. Невялікае растральнае адхіленне дазваляе амазонскім ламанцінам больш эфектыўна карміцца каля паверхні вады, дзе знаходзіцца значная частка іх корму.
Паводзіны і біялогія Амазонскі ламанцін — гэта адзіны від з атраду сірэн, які жыве выключна ў прэснай вадзе. Амазонскі ламанцін рэгулюе тэмпературу цела за кошт змяненняў у перыферычным кровазвароце. Для гэтага выкарыстоўваюцца сфінктары, якія перанакіроўваюць крывацёк ад участкаў цела, што знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з вадой. Акрамя таго, ламанціны выкарыстоўваюць падскурны тлушч, які дапамагае памяншаць страты цяпла.
Амазонскія ламанціны маюць ноздры, а не дыхальныя адтуліны, як у кітападобных. Калі жывёла знаходзіцца пад вадой, ноздры закрываюцца, каб прадухіліць траплянне вады, а над паверхняй вады яны адкрываюцца для дыхання. Хоць ламанціны могуць заставацца пад вадой даволі доўгі час, звычайна яны ўсплываюць па паветра прыкладна кожныя пяць хвілін. Найбольш працяглае зафіксаванае знаходжанне амазонскага ламанціна пад вадой у няволі складала 14 хвілін.
Ламанціны здзяйсняюць сезонныя перамяшчэнні, сінхранізаваныя з рэжымам паводак у басейне Амазонкі. Падчас паводкавага сезону, калі ежы становіцца шмат, яны сустракаюцца ў затопленых лясах і лугах. Амазонскі ламанцін мае найменшую ступень растральнага адхілення сярод сірэн — прыкладна ад 25° да 41°, што з’яўляецца прыстасаваннем для харчавання бліжэй да паверхні вады. Гэтыя жывёлы актыўныя як ноччу, так і ўдзень і праводзяць амаль усё жыццё пад вадой. Падчас пошуку расліннасці на дне рэк і азёр над паверхняй вады звычайна выступаюць толькі іх ноздры.
Амазонскія і амерыканскія ламанціны — адзіныя віды ламанцінаў, якія могуць выдаваць гукі. Іх назіралі за вакалізацыяй як у адзіноце, так і пры ўзаемадзеянні з іншымі ламанцінамі, асабліва паміж самкамі і іх дзіцянятамі.
Дыета Амазонскія ламанціны сілкуюцца рознымі воднымі раслінамі, у тым ліку раслінамі з сямейства ароідных (асабліва пістыяй, таксама вядомую як вадзяная салата), травамі, плывунцамі, антацэротавымі імхамі, гарлачыкамі і, у прыватнасці, вадзянымі гіяцынтамі. Таксама вядома, што яны ядуць плады пальмаў, якія падаюць у ваду. Паколькі ламанціны — раслінаедныя жывёлы, іх стрававальная сістэма пасля страўніка функцыянуе падобна да сістэмы каня. У сярэднім ламанцін з’ядае каля 8 % сваёй масы цела за дзень.
У сухі сезон (ліпень-жнівень), калі ўзровень вады пачынае зніжацца, некаторыя папуляцыі становяцца абмежаванымі глыбокімі часткамі вялікіх азёр, дзе часта застаюцца да канца сухога сезона ў сакавіку. Лічыцца, што ў гэты перыяд яны галадаюць, але вялікія запасы тлушчу і нізкі ўзровень абмену рэчываў — усяго каля 36 % ад метабалізму тыповага млекакормячага — дазваляюць ім выжываць да сямі месяцаў з мінімальнай колькасцю ежы або нават без яе.
Размнажэнне і жыццёвы цыкл Амазонскі ламанцін размножваецца сезонна, працягласць цяжарнасці складае 12-14 месяцаў. Большасць дзіцянят нараджаецца паміж снежнем і ліпенем, 63 % з якіх паміж лютым і маем, падчас паводак у іх родным рэгіёне. Пасля нараджэння дзіцяняты пачынаюць харчавацца разам з маці на працягу 12-18 месяцаў, пасля чаго адасабляюцца.
У дзікай прыродзе амазонскія ламанціны жывуць каля 30 гадоў. Найбольшая зафіксаваная працягласць жыцця ў няволі складае 17 гадоў.
Папуляцыя і распаўсюджванне У 1977 годзе па ацэнках папуляцыя амазонскага ламанціна складала каля 10.000 асобін. На дадзеным момант папуляцыя нявызначаная, але хутчэй за ўсё ідзе на спад. Ламанціны ў асноўным пражываюць у Амазонскім басейне ў паўночнай частцы Паўднёвай Амерыкі, ад выспаў Маражо ў Бразіліі да Калумбіі, Перу, і Эквадора. Перыядычна іх памячаюць побач з амерыканскім ламанцінам каля берагоў Бразіліі.
Амазонскі ламанцін поўнасцю вадзяная жывёла і ніколі не пакідае ваду. Гэта адзіны від ламанцінаў, які сустракаецца выключна ў прэснай вадзе. Амазонскі ламанцін аддае перавагу застойным азёрам, завадзям і лагунам, якія злучаны з вялікімі рэкамі, багатымі воднымі раслінамі. У асноўным жывуць адасоблена, але часам збіраюцца ў малыя групы да васьмі асобін.
Натуральныя драпежнікі для амазонскага ламанціна — ягуары, акулы і кайманы.
Браканьерства
Галоўная пагроза амазонскаму ламанціну — гэта браканьерства. На іх палююць для ўласнага, мясцовага выкарыстання. Паляванне прывяло да вялікага заняпаду папуляцыі. Паміж 1935 і 1954, было забіта больш чым 140.000 ламанцінаў. Нягледзячы на законы супраць браканьерства, паляванне працягваецца нават у абароненых зонах. Традыцыйныя гарпуны — самая распаўсюджаная зброя, якую выкарыстоўваюць для палявання на ламанцінаў, але ў Эквадоры іх таксама ловяць у пасткі для арапайм.
У асноўным на іх палююць з-за дарагога мяса, але тлушч і скура таксама выкарыстоўваецца ў кулінарыі і медыцыне. Мяса прадаецца мясцова — суседзям або на рынках. Яно таксама можа быць нелегальна прададзена як каўбаса ці mixira на публічных рынках у Бразіліі і Эквадоры. Mixira — гэта мяса закансерваванае ва ўласным тлушчы, яно дарагое, што прываблівае браканьераў.
Паміж 2011 і 2015, 195 ламанцінаў забіты для мяса ў адным рэгіёне Бразіліі. У іншым, абароненым рэгіёне, забіта 460 асобін паміж 2004 і 2014.
Ахова і захаванне
Чырвоная кніга МСАП пазначае стан амазонскага ламанціна уразлівым. Заняпад папуляцыі — рэзультат браканьерства, смяротнасць дзіцянят, змены клімату і руйнавання месцапражывання. Аднак, даволі цяжка дакладна ацаніць папуляцыю праз асаблівасці арэалу пражывання.
На гэты час няма нацыянальных планаў па захаванню амазонскага ламанціна, акрамя як у Калумбіі. На момант 2008, INPA ўтрымлівае ў няволі 34 ламанціны, а CPPMA — 31 асобіну. Ламанцін абараняецца Перуанскім законам з 1973 года, які забараняе паляванне і камерцыйнае выкарыстанне.
Нягледзячы на гэта, паляванне застаецца найбольшай праблемай і працягваецца ў значнай частцы арэалу віду, нават у межах запаведных тэрыторый. У 1986 годзе меркавалася, што ўзровень палявання ў Эквадоры няўстойлівы і што ламанціны могуць знікнуць у гэтай краіне цягам 10-15 гадоў. Хоць на ламанцінаў усё яшчэ палююць, сёння ўсё большай пагрозай для іх выжывання ў Эквадоры лічацца разлівы нафты. Акрамя таго, разведка нафты павялічвае суднаходства на рэках.
У Перу значнае скарачэнне папуляцыі амазонскіх ламанцінаў звязана з паляваннем мясцовых жыхароў, якія выкарыстоўваюць іх мяса, тлушч, скуру і іншыя матэрыялы. Паляванне ажыццяўляецца з дапамогай гарпуноў, жаберных сетак і пастак. Асабліва часта гэта адбываецца ў азёрах і рэках каля Нацыянальнага запаведніка Пакая-Самірыя на паўночным усходзе Перу. Ламанціны рухаюцца павольна, маюць спакойны характар і часта кормяцца каля паверхні вады ў азёрах і рэках, дзе жывуць. Акрамя палявання, віду пагражаюць забруджанне вады, выпадковае траплянне ў рыбалоўныя сеткі, а таксама знішчэнне воднай расліннасці з-за эрозіі глебы, выкліканай высечкай лясоў. Дадаткова сур’ёзную небяспеку для ўсёй воднай экасістэмы басейна Амазонкі стварае некантралюемае траплянне ртуці ў выніку горназдабыўной дзейнасці.
Крыніцы