Яўстафій Каэтан Сапега, Эўстах Каетан ( ) — польскі кансерватыўны палітык, міністр замежных спраў Другой Польскай Рэспублікі, дэпутат Сейма Другой Польскай Рэспублікі, князь роду Сапегаў.
Біяграфія Сын Яна Паўла Аляксандра Сапегі Сапегі і графіні Севярыны Урускай, унукам Яўстаха Каятана Сапегі, удзельніка паўстання 1830 года. Бацька на эміграцыі стаў брытанскім афіцэрам, калі ён вырашыў вярнуўцца на землі былой Рэчы Паспалітай, выбраў для рэпатрыяцыі Аўстра-Венгрыю, асеў пад Львовам ў Більцы Шляхецкай. Там ажаніўся з дачкой аўтара гербоўніка шляхты Рэчы Паспалітай — Севярына Урускага. У шлюбе нарадзілася 7 дзяцей.
У 1900—1904 гадах Яўстах Каэтан вывучаў лясную гаспадарку ў Цюрыху. Там жа атрымаў дыплом інжынера. У 1909 годзе, ажаніўшыся з Тэрэзай Ізабелай Любамірскай, пасяліўся ў Спушы на Гродзеншчыне.
У 1916 годзе стаў прэзідэнтам Галоўнай рады апекі ў Варшаве. Затым стаў блізкім паплечнікам Юзэфа Пілсудскага. Быў супрацоўнікам Камітэта нацыянальных ахвяр Часовай дзяржаўнай рады. Сапегі належалі да кола вышэйшай еўрапейскай арыстакратыі, таму ў лістападзе 1917 года па даручэнні Рэгенцкай рады ён адправіўся ў Швейцарыю, дзе беспаспяхова спрабаваў дасягнуць пагаднення з Польскім нацыянальным камітэтам. У лістападзе 1918 года ён узначаліў Камітэт абароны ўсходніх крэсаў. Ён быў адным з ініцыятараў няўдалага дзяржаўнага перавароту ў ноч з 4 на 5 студзеня 1919 года, накіраванага на звяржэнне ўрада Енджэя Марачэўскага. Быў арыштаваны і змешчаны пад хатні арышт. Пасля вызвалення ён за свой кошт сфармаваў кавалерыйскі атрад, у якім служыў шэраговым уланам. Паўгады ўдзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне.
16 чэрвеня 1919 года ён быў прызначаны пасланнікам Польшчы ў Вялікабрытаніі. 4 чэрвеня 1920 года ён падпісаў Трыянонскі дагавор ад імя Польшчы разам з Эразмам Пільцам. 23 чэрвеня 1920 г. новы прэм’ер-міністр Уладзіслаў Грабскі прызначыў яго міністрам замежных спраў Рэспублікі Польшча. 19 ліпеня 1920 года на памятным пасяджэнні Дзяржаўнай рады абароны ён выступіў за захаванне Пілсудскага на пасадзе Галоўнага Правадыра, сказаўшы: «Давайце збярэмся вакол кіраўніка дзяржавы».
Дзякуючы Ю. Пілсудскаму застаўся на сваёй пасадзе ў наступным кааліцыйным урадзе Вінцэнта Вітаса. 19 лютага 1921 года ён узначаліў падпісанне саюза паміж Польскай Рэспублікай і Францыяй, а 3 сакавіка — з Румыніяй . 6 мая 1921 года ён прадстаўляў Польшчу на перамовах з Літвой у Бруселі. Там ён прадставіў літоўцам праект Пілсудскага, які прадугледжваў стварэнне кантональнай Літвы па ўзоры Швейцарыі ў цесным саюзе з Польшчай. Паводе якога балтамоўная Літва павінна была стаць Заходнім кантонам, Сярэдняя са сталічнай Вільняй і беларуская Усходнім кантонам. Фактычна прапаноўвалася адрадзіць ВКЛ у межах федэральнай Рэчы Паспалітай, але ў эпоху стварэння новых мадэрных нацый, рухавікамі якіх выступілі сацыялістычныя «народнікі» якія змагаліся са старой зямельнай арыстакратыяй. Літоўцы праігнаравалі прапанову.
З-за правалу яго палітыкі ў дачыненні да Верхняй Сілезіі і масіраванага наступу з боку нацыянал-дэмакратаў ён падаў у адстаўку 20 мая 1921 года.
У 1928—1929 гадах быў членам Сейма ад спісу Беспартыйнага Блока Супрацы з Урадам. У 1930 годзе напісаў трактат «Канстытуцыя рацыі стану». Быў адным з найбольш актыўных прыхільнікаў збліжэння Ю.Пілсудскага са старымі арыстакратычнымі сем’ямі крэсаў («Зубры Крэсаў»; замак у Нясвіжы), якія захавалі зямельныя латыфундыі у ІІ Рэчы Паспалітай.
Яўстах Сапега быў прадвеснікам ідэі аб’яднанай Еўропы і прыхільнікам нямецка-польска-французскага ўзаемаразумення супраць Расіі. Ён выказаў гэта, сярод іншага, у сваёй праграмнай прамове «Міжнароднае становішча Польскай дзяржавы», апублікаванай у дзвюх частках у штодзённай газеце «Слова» 1-2 верасня 1933 г. У ёй ён заявіў, што нават найвялікшыя дзяржавы свету не могуць праводзіць цалкам незалежную знешнюю палітыку і павінны ісці на пэўныя кампрамісы і хаўрусы, не кажучы ўжо пра Польшчу, дзяржаву іншага ўзроўню, а да таго эканамічна несамадастатковую. У той жа час, з-за паніжэння статусу Еўропы (ён адрозніваў кантынентальную Еўропу ад Брытанскай імперыі) у выніку Першай сусветнай вайны і эканамічнага крызісу 1930-х, Заходняй Еўропе трэба было б набыць базу на ўсходзе. Там яна магла б аднавіць сваё багацце і зноў павысіць узровень жыцця свайго насельніцтва. Ён сцвярджаў, што інтарэсы Еўропы з’яўляюцца інтарэсамі Польшчы. Ён сцвярджаў, што, хоць Польшча значна адстае ад Заходняй Еўропы па ўзроўні прамысловасці і жыцця, а таксама змагаецца з эміграцыяй, гэта часовае адставанне ў эканамічным развіцці, і мэтай павінна быць павышэнне ўзроўню жыцця ў Польшчы да ўзроўню Еўропы. Акрамя эканамічных меркаванняў, прыводзіўся каштоўнасны аргумент — Польшча (ІІ Рэч Паспалітая) таксама належыць да Захаду з пункту гледжання цывілізацыі, а з гэтага выводзіцца перакананне, што польская палітыка павінна быць палітыкай еўрапейскай салідарнасці.
У рэаліях першай паловы 1930-х гадоў ён прызнаваў, што салідарнай еўрапейскай палітыкі яшчэ не існуе, але, на яго думку, яна павінна існаваць у будучыні, бо альтэрнатывай з’яўлялася васалізацыя Еўропы Савецкай Расіяй. Ён паставіў перад Польшчай задачу быць Фарпостам Еўропы, якая пашыраецца на ўсход. Ён лічыў, што пашырэнне адбудзецца не ў ваеннай форме, а хутчэй у эканамічнай і ідэалагічнай, кульмінацыяй якой будзе паглынанне еўрапейскай і азіяцкай Расіі ў эканамічную арбіту Еўропы. Польшча, як і Заходняя Еўропа, патрабуе рынкаў збыту, абароненых ад канкурэнцыі. У той жа час Польшча павінна злучацца з Захадам і пазбягаць усяго, што іх аддаляе. Ён прыйшоў да высновы, што мэтай польскай палітыкі павінна быць стварэнне франка-германска-польскага ўзаемаразумення, якое стане воссю мірных адносін у Еўропе і вакол якога пазней змогуць згрупавацца іншыя еўрапейскія дзяржавы.
Ён быў крытыкам Пакта чатырох (Італія, Германія, Францыя, Брытанія) 1933 г. з-за таго што ў ім Заходняя Еўропа аддзяляла ад сябе Польшчу. Адначасова ён крытычна ставіўся да пагадненняў з Савецкай Расіяй: польска-савецкага пакта аб ненападзе 1932 года і Лонданскай канвенцыі аб вызначэнні агрэсіі 1933 года. Адначасова ён лічыў, што Германія можа ў будучыні замяніць сваю папярэднюю антыпольскую палітыку больш спрыяльнай палітыкай экспансіі на поўдзень (аншлюс Аўстрыі), што павысіла б значэнне Польшчы, бо Чэхаславакія, акружаная Германіяй і з праблемнай нямецкай меншасццю, будзе шукаць саюзніка ў Польшчы.
22 верасня 1939 года, пасля ўварвання савецкіх войскаў у Польшчу, ён быў арыштаваны саветамі ў сваім маёнтку каля Гродна. Чакісты завезлі яго у Маскву і трымалі ў зняволенні на Лубянцы. Маскоўскі суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання за дзейнасць супраць СССР. Смяротны прысуд быў заменены на 10 гадоў пазбаўлення волі ў працоўным лагеры. Але, як і ў выпадку некалькіх іншых прадстаўнікоў магнацкіх родаў, на кіраўніцтва СССР аказалі нефармальны ціск, сваяцкія Сапегам прадстаўнікі італьянскіх, нямецкіх і іншых еўрапейскіх арыстакратычных сем’яў, якія кіравалі у сваіх краінах. Вызвалены ў выніку пагаднення Сікорскага-Майскага ў 1941 годзе, ён быў эвакуяваны з СССР у Тэгеран, а затым пераехаў у Найробі ў брытанскай калоніі Кенія. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў прадстаўніком Польскага Чырвонага Крыжа ва Усходняй Афрыцы. Памёр у Найробі 20 лютага 1963 года. Пахаваны на могілках Лангата.
Перапахаванне Э. Сапегі адбылося 9 жніўня 2023 года. Яго парэшткі былі эксгумаваны, перавезены ў Польшчу, а затым пахаваны ў капліцы Святога Юды Тадэвуша пры касцёле ў Боцьках.
Прыватнае жыццё Бацька Яна Анджэя, Льва Ежы, Яўстафія Севярына і Эльжбеты.
Узнагароды У 1955 і 1959 гадах Аўгуст Залескі прызначыў яго пераемнікам прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Рашэннем ад 7 жніўня 1959 года прэзідэнт Аўгуст Залескі ўзнагародзіў яго ордэнам Белага Арла. Ён таксама быў кавалерам Вялікага крыжа Нацыянальнага ордэна Ганаровага легіёна і ордэна Зоркі Румыніі.
Зноскі
Яўстах Катэгорыя:Кавалеры ордэна Белага арла (урад Польшчы ў выгнанні)