Адам Казіміравіч Паўста́нскі (; ) — педагог і правазнаўца. Доктар філасофіі (1797), доктар абодвух правоў (1802).

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Паўстанскіх герба «Касцеша». Нарадзіўся ў 1768 годзе ў сям'і Казіміра і Агаты з Навіцкіх. Быў католікам, ахрышчаны ў Драгічыне (па іншых звестках, паходзіў з Беласточчыны).

Адукацыю атрымаў спачатку ў ваяводскай школе ў Пінску, а затым вывучаў філасофію і права ў Віленскім універсітэце. Першапачаткова працаваў рэгентам надворнай канцылярыі віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага, а таксама адвакатам у віленскай кансісторыі. У 1797 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі і вольных мастацтваў, быў прызначаны ад'юнктам кафедры цывільнага і кананічнага права Віленскага ўніверсітэта. З 3 лістапада 1798 года (паводле іншых звестак, з 1799 года) пачаў выкладаць польскае і літоўскае цывільнае і крымінальнае права, а таксама судаводства. У 1802 годзе атрымаў навуковую ступень доктара кананічнага і рымскага права (доктара абодвух правоў).

У 1804 годзе быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург у Камісію па складанні законаў у якасці рэдактара аддзялення польскіх і літоўскіх законаў. У 1808 годзе стаў начальнікам шостага аддзялення (рэдакцыя ўкраінскіх, польскіх і літоўскіх законаў) у чыне надворнага саветніка. З-за немагчымасці сумяшчаць гэтыя абавязкі з выкладаннем, 23 кастрычніка 1810 года ён быў афіцыйна звольнены з пасады ад'юнкта ў Віленскім універсітэце. У 1815 годзе быў звольнены з Камісіі па складанні законаў у чыне калежскага саветніка (паводле іншых крыніц, працаваў начальнікам аддзяленняў да 1821 года).

6 лютага 1821 года Адам Паўстанскі быў прызначаны прэзідыяльным сакратаром ва Урадавую камісію юстыцыі ў Варшаве (Міністэрства юстыцыі Царства Польскага). 25 верасня таго ж года прызначаны прарэктарам ліцэя святой Ганны ў Кракаве. З 22 красавіка 1822 года з'яўляўся членам Кракаўскага навуковага таварыства (Навуковага таварыства пры Ягелонскім універсітэце). 18 чэрвеня 1827 года заняў пасаду старшыні Віленскага цэнзурнага камітэта, а 13 лістапада 1827 года атрымаў ганаровае членства ў Віленскім універсітэце.

У 1823—1838 гадах працаваў дырэктарам вучылішчаў Беластоцкай вобласці. Непасрэдна з 18 ліпеня 1829 года да 6 студзеня 1836 года займаў пасаду дырэктара Беластоцкай гімназіі. Ён кіраваў гэтай навучальнай установай у перыяд жорсткай русіфікацыі. Адам Паўстанскі распрацаваў рэпрэсіўны ўнутраны рэгламент для вучняў беластоцкай гімназіі ў 1833—1834 гадах (руск.: «Распределение дневного времени»), а ў сакавіку 1834 года выдаў інструкцыю па наглядзе за вучнямі па-за класамі (руск.: «О надзоре за учениками, как вне класс, так и в оных»). Падчас яго кіраўніцтва шэраг «старых» польскіх настаўнікаў быў вымушаны пакінуць беластоцкую школу.

Пасля выхаду ў адстаўку ён жыў і працаваў у Беластоцкім павеце, дзе і памёр у 1848 годзе.

Навуковая дзейнасць З'яўляўся аўтарам перакладу Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года на рускую мову. Таксама працаваў у архівах Польшчы і выдаў некалькі прац у Кракаве ў 1824 і 1825 гадах. Акрамя гэтага, ён напісаў шэраг публікацый, сярод якіх найбольш вядомая «Uwagi odnoszące się do bibliografii Statutu Litewskiego» (Вільня, 1829).

Бібліяграфія Uwagi odnoszące się do bibliografii Statutu Litewskiego (Вільня, 1829).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1768 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1848 годзе Катэгорыя:Правазнаўцы XIX стагоддзя Катэгорыя:Педагогі XIX стагоддзя Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Дактары філасофіі Катэгорыя:Дактары абодвух правоў Катэгорыя:Правазнаўцы Расійскай імперыі